Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:дольнік

Гэта старая версія дакумента!


Дольнік

Дольнік — від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэм вершавання. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасць моцных націскаў (іктаў) у радках, аднак міжнаціскныя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць 1-2 склады. Часам могуць быць пропускі апорных (моцных) націскаў.
У выніку ў дольніку выяўляецца чаргаванне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных націскаў (іктаў), а таксама значэнне слоў, на якіх стаяць такія націскі, і словазлучэнняў, аб'яднаных вакол гэтых слоў. У той жа час у дольніку так ці інакш адчуваецца метрычная аснова трохскладовых (радзей — двухскладовых) памераў, што не ўласціва, напрыклад, чыста танічнаму, або акцэнтнаму вершу.
Калі колькасць так званых адступленняў ад памеру не асабліва значная, дольнік набліжаецца да сілаба-танічнага верша. I наадварот, калі колькасць адступленняў павялічваецца, ён далей адыходзіць ад сілаба-тонікі, набліжаецца да танічнага верша.
Для адрознення дольніка і сілаба-танічнага верша з так званым сцяжэннямі асобных стоп (выпадзенне аднаго ці двух ненаціскных складоў) звычайна карыстаюцца наступным правілам: калі ў вершы з выразнай метрычнай канвой звыш чвэрці «сцягнутых» стоп — гэта дольнік, калі чвэрць і менш — сілаба-танічны верш.
У наступных строфах з верша А. Сербантовіча «… Мне з былога свайго не смешна» сцяжэнні складаюць звыш 32%, дазваляючы верш лічыць дольнікам:

Мне з былога свайго не смешна —
Нават крыўдна. Як ні кажы —
На ўсё я рашаўся паспешна.
Я паспешна на свеце жыў.

Я паспешна запісваў вершы,
Я паспешным у дружбе быў.
Я заўсёды паспешна верыў
I паспешна дзяўчат любіў.


«Права на верш» М. Лужаніна - прыклад трохіктавага дольніка:

Углыб урасце карэнне —
Выбухам не ўзарвеш.
I скажацца ўсё дарэшты,
Што думаеш, што нясеш ты,
Так лёгка, нібы дыхнеш.
Гэтак яно прыходзіць,
Права тваё на верш.


Да дольніка ў беларускай паэзіі звярталіся Цётка, Максім Багдановіч, Міхась Чарот, Аркадзь Куляшоў і іншыя паэты. Дольнікам напісана паэма В. Таўлая «Таварыш». Асаблівае распаўсюджанне гэты від верша атрымаў у творчасці Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, А. Наўроцкага і іншых аўтараў.

слоўнік/дольнік.1755861245.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki