~~META: title = Дольнік &keywords = дольнік &abstract = Дольнік - від танічнага верша. Асаблівасці і прыклады &iftrue = nan ~~ ====== Дольнік ====== Дольнік — від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай [[слоўнік/сістэма-вершавання|сістэм вершавання]]. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасць моцных націскаў ([[слоўнік/ікт|іктаў]]) у радках, аднак міжнаціскныя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць 1-2 склады. Часам могуць быць пропускі апорных (моцных) націскаў.\\ У выніку ў дольніку выяўляецца чаргаванне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных націскаў (іктаў), а таксама значэнне слоў, на якіх стаяць такія націскі, і словазлучэнняў, аб'яднаных вакол гэтых слоў. У той жа час у дольніку так ці інакш адчуваецца метрычная аснова [[слоўнік/трохскладовыя-памеры|трохскладовых]] (радзей — [[слоўнік/двухскладовыя-памеры|двухскладовых]]) памераў, што не ўласціва, напрыклад, чыста танічнаму, або акцэнтнаму вершу.\\ Калі колькасць так званых адступленняў ад памеру не асабліва значная, дольнік набліжаецца да сілаба-танічнага верша. I наадварот, калі колькасць адступленняў павялічваецца, ён далей адыходзіць ад сілаба-тонікі, набліжаецца да танічнага верша.\\ Для адрознення дольніка і сілаба-танічнага верша з так званым сцяжэннямі асобных стоп (выпадзенне аднаго ці двух ненаціскных складоў) звычайна карыстаюцца наступным правілам: калі ў вершы з выразнай метрычнай канвой звыш чвэрці "сцягнутых" стоп — гэта дольнік, калі чвэрць і менш — сілаба-танічны верш.\\ У наступных строфах з верша А. Сербантовіча "... Мне з былога свайго не смешна" сцяжэнні складаюць звыш 32%, дазваляючы верш лічыць дольнікам: Мне з былога свайго не смешна —\\ Нават крыўдна. Як ні кажы —\\ На ўсё я рашаўся паспешна.\\ Я паспешна на свеце жыў.\\ \\ Я паспешна запісваў вершы,\\ Я паспешным у дружбе быў.\\ Я заўсёды паспешна верыў\\ I паспешна дзяўчат любіў. \\ "Права на верш" М. Лужаніна - прыклад трохіктавага дольніка: Углыб урасце карэнне —\\ Выбухам не ўзарвеш.\\ I скажацца ўсё дарэшты,\\ Што думаеш, што нясеш ты,\\ Так лёгка, нібы дыхнеш.\\ Гэтак яно прыходзіць,\\ Права тваё на верш. \\ Да дольніка ў беларускай паэзіі звярталіся [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч|Цётка]], [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча|Максім Багдановіч]], [[постаці/міхась-чарот|Міхась Чарот]], [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзь Куляшоў]] і іншыя паэты. Дольнікам напісана паэма В. Таўлая "Таварыш". Асаблівае распаўсюджанне гэты від верша атрымаў у творчасці [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]], [[постаці/пімен-панчанка|Пімена Панчанкі]], [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]], [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгора Барадуліна]], [[постаці/генадзь-бураўкін|Генадзя Бураўкіна]], А. Наўроцкага і іншых аўтараў.