~~META: title = Двухрадкоўе &keywords = Двухрадкоўе &abstract = Двухрадкоўе як від страфы. Асаблівасці і прыклады ўжывання двухрадкоўяў &iftrue = nan ~~ ====== Двухрадкоўе ====== Двухрадкоўе — найбольш просты від [[слоўнік/страфа|страфы]], якая складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у [[слоўнік/белы-верш|белым вершы]]). Можа ляжаць у аснове манастрафічнага верша ([[слоўнік/двухрадковік|двухрадковік]]).\\ У антычнай паэзіі двухрадкоўі пэўнага памеру ўтваралі асобную страфу — [[слоўнік/элегічны-двуверш|элегічны двуверш]]. Надзвычай распаўсюджана ў паэзіі Усходу ([[слоўнік/бейт|бейт]]).\\ Двухрадкоўе нярэдка ўваходзіць як састаўная частка (у гэтым выпадку яго называюць **рыфмовай парай**) у больш буйныя страфічныя формы ([[слоўнік/чатырохрадкоўе-катрэн|чатырохрадкоўі]], [[слоўнік/шасцірадкоўе-секстэт|шасцірадкоўі]], [[слоўнік/васьмірадкоўе-актэт|васьмірадкоўі]] — //аабб, ааббвв, ааббввгг//), служыць [[слоўнік/кода|кодай]] у некаторых класічных відах строфаў (санеце шэкспіраўскага тыпу, [[слоўнік/актава|актаве]], [[слоўнік/анегінская-страфа|анегінскай страфе]]). Найчасцей жа выступае як самастойная страфа ў лірычных вершах і паэмах: Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,\\ Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты.\\ \\ Там зязюлямі завуцца ўсе кукушкі,\\ Гэтым краем з Кішынёва ехаў Пушкін.\\ \\ Там прыгонных шмат паэтаў замарылі,\\ Там Міцкевіч закахаўся у Марылю.\\ ([[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]]. «Край паэтаў») \\ Першы ўзор беларускага двухрадкоўя сустракаем у [[творы/іншае/францыск-скарына|Францыска Скарыны]] ў прадмове да кнігі «Исход» (1517): \\ Помни дни светые святити,\\ Отца и матку чтити!\\ \\ Не забивай ни едина,\\ И не делай греху блудна!\\ \\ Не вкради что дружнего,\\ А не давай свядецтва лживего!\\ \\ Не пожелай жены ближнего,\\ Ни имения или речи его! \\ Двухрадкоўе было асноўнай страфой у беларускіх паэтаў-сілабістаў, хоць графічна строфы тады не аддзяляліся адна ад другой (А. Рымша, Я. К. Пашкевіч, [[творы/іншае/сімяон-полацкі|Сімяон Полацкі]] і інш.).\\ Двухрадкоўем напісаны асобныя вершы [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]] («Былі ў бацькі тры сыны», «[[творы/янка-купала/янка-купала-хто-ты-гэткі|Хто ты гэткі?]]»), [[постаці/якуб-колас|Якуба Коласа]] («Каля акна ў астрозе», «На рэчцы»), [[постаці/уладзімір-дубоўка|Уладзіміра Дубоўкі]] («Бацькаў наказ», «Сенненская Алеся»), Максіма Лужаніна («[[творы/максім-лужанін/максім-лужанін-мараўская-песня|Мараўская песня]]») і інш.