~~META: title = Двухмоўе &keywords = двухмоўе &abstract = Двухмоўе у беларускай літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Двухмоўе ====== Двухмоўе - выкарыстанне пісьменнікам у сваёй творчасці двух, звычайна роднасных, моў.\\ Наяўнасць двухмоўя ў літаратуры прадвызначаецца не толькі ступенню аўтарскага валодання мовамі, але і здольнасцю чытача ўспрымаць гэтыя мовы - чытацкім двухмоўем (білінгвізмам). У беларускай літаратуры XIX стагоддзя існавала цэлая кагорта так званых беларуска-польскіх пісьменнікаў, якія свае творы пісалі на польскай і беларускай мовах ([[постаці/ян-чачот|Ян Чачот]], [[постаці/ян-баршчэўскі|Ян Баршчэўскі]], [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/аляксандр-рыпінскі|Аляксандр Рыпінскі]], [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля|Уладзіслаў Сыракомля]], [[постаці/вінцэсь-каратынскі|Вінцэсь Каратынскі]] і іншыя).\\ Двухмоўе, але ўжо беларуска-рускае, характэрна і для беларускай літаратуры ХХ ст. Прычым, як правіла, гэтае двухмоўе асіметрычнае і часцей за ўсё асінхроннае: пісьменнікі другой мовай карыстаюцца значна радзей, чым першай, і пераважна ў нейкіх асобных жанрах, або пачынаюць сваю творчасць на адной мове, а праз некаторы час пераходзяць на другую. Яскравыя прыклады двухмоўя знаходзім у Максіма Багдановіча (асобныя свае празаічныя і крытыка-публіцыстычныя творы пісаў па-руску), Алеся Адамовіча (раманы і аповесці пісаў па-руску, крытычныя і публіцыстычныя творы - па-беларуску), [[творы/леанід-дайнека/творчасць-леаніда-дайнекі|Леаніда Дайнекі]], [[постаці/віктар-казько|Віктара Казько]], С. Тарасава, І. Ласкова ( усе яны пачыналі сваю творчасць на рускай мове, затым перайшлі на беларускую) і інш.\\ Паэт і перакладчык В. Тарас да 80-х гг. друкаваў вершаваныя і празаічныя творы на рускай мове, затым выдаў кнігу паэзіі "Две тетради" (1982), у якой першая палова ("Русская тетрадь") - творы на рускай мове, а другая ("Беларускі сшытак") - на беларускай. Нарэшце з'явіліся яго кнігі вершаў "Пазіцыя" (1987) і "Колеры" (1995), цалкам напісаныя на беларускай мове. Харкаўская паэтэса М. Львовіч выдала паэтычныя кніжкі "Цяпельца - Вогник" (1995) і "У зязюльчыным барку" - "У зозульчинім у борку" (2002), дзе адны і тыя ж вершы пададзены як ва ўкраінскім, так і ў беларускім гучанні.\\ Беларускія літаратары сучаснай Польшчы (А. Баршчэўскі, С. Яновіч, Я. Чыкін і інш.) шырока выкарыстоўваюць у сваёй творчасці і польскую мову.\\ Падчас двухмоўе выяўляецца ў выкарыстанні двух моў у адным і тым жа творы. Так, асобныя персанажы з простага народа ў сярэдневяковых беларускіх [[слоўнік/інтэрмедыя|інтэрмедыях]] і камедыях, напісаных на польскай мове, карысталіся мовай беларускай. У п'есе [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]] "[[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-ідылія|Ідылія]]" паны гавораць па-польску, а сяляне, часам паненка Юлія і камісар - па-беларуску.\\ У гісторыі літаратуры, у тым ліку беларускай, сустракаюцца выпадкі карыстання літаратарамі трыма і больш мовамі. У прыватнасці, трохмоўным пісьменнікам быў [[постаці/янка-лучына|Янка Лучына]]: пісаў творы (у тым ліку паэтычныя) на беларускай, польскай і часткова рускай мовах. Творчасць двухмоўных (шматмоўных) пісьменнікаў належыць тым народам, на мовах якіх пішуць; яны ўвасабляюць сабой з'яву, якую можна назваць бікультурнасцю. Аднак літаратурны вопыт сведчаць, што найпаўней і найарыгінальней такія пісьменнікі выяўляюцца як творцы толькі на мове роднага народа.