Гутарка - адзін з жанраў фальклорнай і аўтарскай ананімнай беларускай літаратуры ХІХ ст.; маналог або дыялог (часцей вершаваны), у якім у форме непаспешлівай, доказнай гаворкі асвятляліся вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п'янства) праблемы.
Гутарка патрабавала зацікаўленага слухача, субяседніка. У ёй панавалі інтанацыі жывой гаворкі, народнага маўлення, што выяўляліся ў лексіцы, сінтаксісе, рытмічным ладзе. Вершаваныя гутаркі пісаліся раёшнікам, сілабічным, інтанацыйна-сказавым, сілаба-танічным вершам (чатырохстопны харэй). Асаблівае распаўсюджанне набылі «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка ў карчме», «Гутарка старога дзеда», «Вось цяпер які люд стаў», «Сход», «Гутарка Паўлюка» і інш.
Гутаркі аказалі пэўнае ўздзеянне на асобныя літаратурныя віды - верш, паэму, апавяданне, прадвызначыўшы дыялагічную форму некаторых з іх. Пад уздзеяннем вершаваных гутарак узніклі празаічныя мастацка-публіцыстычныя гутаркі («Перадсмяротны разгавор пустэльніка Пятра», «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць - не ведаем» і інш.). З пачатку ХХ ст. гэты жанр у фальклоры не сустракаецца.