~~META: title = Гутарка &keywords = гутарка &abstract = Гутарка як адзін з жанраў фальклорнай беларускай літаратуры &iftrue = nan ~~ ====== Гутарка ====== Гутарка - адзін з жанраў фальклорнай і аўтарскай [[слоўнік/ананім|ананімнай]] беларускай літаратуры ХІХ ст.; [[слоўнік/маналог|маналог]] або [[слоўнік/дыялог|дыялог]] (часцей вершаваны), у якім у форме непаспешлівай, доказнай гаворкі асвятляліся вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п'янства) праблемы.\\ Гутарка патрабавала зацікаўленага слухача, субяседніка. У ёй панавалі інтанацыі жывой гаворкі, народнага маўлення, што выяўляліся ў лексіцы, сінтаксісе, рытмічным ладзе. Вершаваныя гутаркі пісаліся раёшнікам, сілабічным, інтанацыйна-сказавым, сілаба-танічным вершам (чатырохстопны [[слоўнік/харэй|харэй]]). Асаблівае распаўсюджанне набылі "Гутарка Данілы са Сцяпанам", "Гутарка ў карчме", "Гутарка старога дзеда", "Вось цяпер які люд стаў", "Сход", "Гутарка Паўлюка" і інш.\\ Гутаркі аказалі пэўнае ўздзеянне на асобныя літаратурныя віды - верш, паэму, апавяданне, прадвызначыўшы дыялагічную форму некаторых з іх. Пад уздзеяннем вершаваных гутарак узніклі празаічныя мастацка-публіцыстычныя гутаркі ("Перадсмяротны разгавор пустэльніка Пятра", "Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць - не ведаем" і інш.). З пачатку ХХ ст. гэты жанр у фальклоры не сустракаецца.