~~META: title = Гумар &keywords = гумар &abstract = Гумар у літаратуры. Адрозненні гумара ад сатыры &iftrue = nan ~~ ====== Гумар ====== Гумар (ад англ. humour — гумар, нораў, настрой, схільнасць) — адна з галоўных праяў (побач з сатырай) камічнага ў літаратуры. У адрозненне ад [[слоўнік/сатыра|сатыры]], гумар смешнае ў жыцці выяўляе не ў востра-здзеклівым, а ў жартоўным, добразычлівым тоне. За маскаю блюзнерства ў гумары хаваецца сур'ёзнае, за нізкім — велічнае, за дуротлівым — мудрае, за смешным — сумнае ("скрозь відочны свету смех... нябачныя яму слёзы" — Мікалай Гогаль).\\ У залежнасці ад эмацыянальнага тону выказвання, ад культурнага ўзроўню стваральніка і ўспрымальніка твора гумар можа быць дабрадушны і жорсткі ("чорны"), тонкі і грубы, забаўны і сумны, чуллівы і зларадны і гэтак далей.\\ У аснове гумару ў літаратуры — смешнае ў жыцці (з'явы, падзеі, людзі). Па словах I. В. Гётэ, ні ў чым так не выяўляецца характар чалавека, як у тым, што ён лічыць смешным. Гэта можна сказаць і пра цэлыя сацыяльныя, нацыянальныя, гістарычныя супольнасці. Гумар (яго характар, пашыранасць, стаўленне да яго) у многім прадвызначае нацыянальны характар. Гумарыстычныя творы выкарыстоўваюць выяўленчыя мажлівасці [[слоўнік/іронія|іроніі]], гратэска, [[слоўнік/парадокс|парадокса]], досціпу. Гумар і сатыра звычайна не пярэчаць адно другому і ў творах сустракаюцца поруч.\\ Сусветная літаратура ведае нямала імёнаў выдатных гумарыстаў — аўтараў знакамітых гумарыстычных твораў (Эразм Ратэрдамскі, А. Хаям, Франсуа Рабле, М. дэ Сервантэс, Ч. Дзікенс, В. Скот, Марк Твэн, Я. Гашак, М. Гогаль, М. Салтыкоў-Шчадрын, Антон Чэхаў, М. Зошчанка, М. Шолахаў, I. Катлярэўскі, А. Вішня і інш.).\\ Беларуская гумарыстыка (сукупнасць твораў розных родаў і відаў жартоўнага напрамку) пачалася з фальклору — жартоўных прыказак, прымавак, загадак, песень, прыпевак, [[слоўнік/анекдот|анекдотаў]], жартаў, казак з камічным сюжэтам і інш. Гумар, як і сатыра, абумовіў своеасаблівасць многіх твораў старажытнай беларускай літаратуры.\\ Новая беларуская літаратура таксама пачалася з гумару і сатыры ("Уваскрэсенне Хрыстова", [[творы/іншае/вікенцій-равінскі-энеіда-навыварат|"Энеіда навыварат"]], [[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-тарас-на-парнасе|'Тарас на Парнасе"]], камедыі і [[слоўнік/вадэвіль|вадэвілі]] [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]] і інш.), шырока карысталася ім і карыстаецца да сённяшняга дня. Найбольш пашыраныя жанры сучаснай беларускай гумарыстыкі — гумарыстычныя аповесці ("Бацька ў калаўроце" Р. Семашкевіча), апавяданні ("Ціхоня" [[постаці/іван-грамовіч|Iвана Грамовіча]]), [[слоўнік/памфлет|памфлеты]] ("Кат у белай манішцы" [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Кузьмы Чорнага]]), [[слоўнік/фельетон|фельетоны]], [[слоўнік/гумарэска|гумарэскі]], байкі, жартоўныя паэмы ("Смаргонская акадэмія" [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгора Барадуліна]]), вершы і песні ("Рыжая сучачка" А. Лойкі, "Скрыпка і бубен" А. Ставера, "[[творы/вера-вярба/вера-вярба-ручнікі|Ручнікі]]" [[постаці/вера-вярба|Веры Вярбы]]), камедыі, вадэвілі, пародыі, [[слоўнік/эпіграма|эпіграмы]], досціпы...\\ Сярод шэрагу гумарыстаў ХХ ст. (камедыёграфаў, байкапісцаў, парадыстаў, шаржыстаў і інш.), несумненна, вылучаюцца [[постаці/янка-купала|Янка Купала]], Якуб Колас, [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]], [[постаці/уладзіслаў-галубок|Уладзіслаў Галубок]], [[постаці/андрэй-мрый|Андрэй Мрый]], Андрэй Макаёнак, [[постаці/васіль-вітка|Васіль Вітка]], [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]], [[постаці/ніл-гілевіч|Ніл Гілевіч]], Рыгор Барадулін. Своеасаблівасцю сучаснай беларускай літаратуры з'яўляецца пашыранасць у ёй гумарыстычна-сатырычных [[слоўнік/ананім|ананімных]] твораў, у прыватнасці, ананімных паэм ("Сказ пра Лысую гару", "Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору", "Сказ пра Яфрэма Сакалова і тайную вячэру" і інш.).