~~META: title = Гукапіс літаратурны &keywords = гукапіс, асананс, алітэрацыя &abstract = Што такое гукапіс літаратурны? Віды гукапісу літаратурнага &iftrue = nan ~~ ====== Гукапіс літаратурны ====== Гукапіс літаратурны, або фоніка (ад гр. fonikos - той, што гучыць) - гукавая арганізацыя літаратурнай мовы, якая ўзмацняе сэнсавую выразнасць і мілагучнасць мастацкага твора.\\ Да літаратурнага гукапісу у шырокім сэнсе адносяцца рытм, рыфма, строфіка, асобныя фігуры сінтаксісу літаратурнага, інтанацыя, а таксама ўласна гукапіс, або гукавая інструментоўка твора. Часцей жа гукапіс літаратурны разумеюць як сістэму розных гукавых паўтораў. Гэта могуць быць прадвызначаныя пэўнымі выяўленчымі задачамі паўторы аднолькавых ці падобных гукаў галосных ([[слоўнік/асананс|асананс]]) або зычных ([[слоўнік/алітэрацыя|алітэрацыя]]), [[слоўнік/гукаперайманне|гукаперайманні]]. Прычым, гукавыя паўторы могуць быць у пачатку ([[слоўнік/анафара|анафара]]), канцы ([[слоўнік/эпіфара|эпіфара]]), у пачатку і ў канцы (кальцо), у канцы і ў пачатку (стык) вершаваных радкоў, слоў, фраз і гэтак далей. У літаратурнай практыцы, як правіла, гэтыя віды гукапісу літаратурнага сустракаюцца побач, суадносячыся з лексікай, інтанацыйна-сінтаксічнай арганізацыяй мастацкага твора. Так, у "Песні званара" [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]] гукавыя стыкі, анафары і эпітафары ўзмацняюць мастацкую выразнасць асанансу (на "о", "у", "і", "а") і алітэрацыі (на "р", "з", "с", "ц"): \\ Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,\\ Думы збудзіць, па сэрцах удара,\\ Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,\\ Заварушацца яры, папары.\\ Гукі самі па сабе нейтральныя ў выяўленчых адносінах, яны не выклікаюць ні пэўнай эмоцыі, ні, тым больш, думкі. Аднак у мастацкім кантэксце паўтор аднародных гукаў дапамагае падкрэсліць, вылучыць асобныя словы, звярнуць на іх асаблівую ўвагу. Тут літаратурны гукапіс сутыкаецца з выяўленчымі мажлівасцямі інтанацыі. Таму менавіта роля гукавых паўтораў, як слушна падкрэсліваў Л. Цімафееў, "не столькі непасрэдна гукавая, колькі ў шырокім сэнсе інтанацыйная". Інтанацыйна-гукавая арганізацыя літаратурнай мовы залежыць ад эмацыянальна-сэнсавай напоўненасці таго ці іншага твора, творчай індывідуальнасці пісьменніка, літаратурнага метаду ці напрамку, да якога ён належыць, фанетычных асаблівасцей пэўнай нацыянальнай мовы. Аднаго якога-небудзь універсальнага спосабу гукавой арганізацыі літаратурнай мовы, прыдатнага для ўсіх твораў і, тым больш, для ўсіх пісьменнікаў, - няма.\\ Безумоўна, літаратурнага гукапіс цесна звязаны з мастацкай думкай твора, але гэта сувязь у кожным канкрэтным выпадку праяўляецца па-свойму. Здараецца, што нейкае асноўнае (апорнае) слова нібы прарастае ў гукавым ладзе паэтычнага твора. Як, у прыватнасці, прозвішча славутага галандскага мастака - у сістэме гукапісу верша [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]] "Дом Рэмбранта": І рэха паўтараюць прыстані, кварталы,\\ І мы ўРываЕМся у лаБі РыНТ каналаў.\\ У іншым жа вершы інструментоўка на гэтыя зычныя гукі можа мець зусім іншае сэнсавае напаўненне. Часам "гукавое пацвярджэнне" зместу настолькі арганічнае і своеасаблівае, што выявіць яго, убачыць надзвычайна цяжка. Ды і формы літаратурнага гукапісу самыя разнастайныя, не паддаюцца ніякай каталагізацыі. Толькі скрупулёзна аналіз, тонкі эстэтычны слых можа выручыць даследчыка фанічных асаблівасцей мастацкага твора.\\ Паўтор асобных гукаў, у прыватнасці зычных, вызначае воблік своеасаблівага алітэрацыйнага верша, які ўжываецца ў паэзіі некаторых сучасных народаў (ісландцы, казахі, кіргізы, калмыкі і інш.). Для такіх вершаў характэрны паўтор адных і тых жа зычных гукаў у пачатку радкоў, перад першым націскным галосным.\\ Літаратурны гукапіс паэтычных твораў адрозніваецца ад гукапісу твораў празаічных і драматычных багаццем і разнастайнасцю, шматфункцыянальнасцю і выразнасцю сваіх гукавых паўтораў, што прадвызначана скіраванасцю паэзіі на яе гукавое ўзнаўленне. Верш, у адрозненне ад прозы, разлічаны перш за ўсё на гучанне, і ўсе свае выяўленчыя мажлівасці рэалізуе ў гучанні. "Чытаць верш моўчкі можна, - заўважаў А. Луначарскі, - але так, як можна чытаць моўчкі ноты. Верш патрабуе выканання". Фанічныя асаблівасці вершаванай мовы выяўляюцца найбольш поўна менавіта ў маўленні, чытанні верша ўголас. Тое, што для верша лічыцца нормай (раўнамернае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў, паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў, сінтаксічных канструкцый і гэтак далей), у празаічным тэксце можа выглядаць як значны недахоп. Так, М. Горкі, сустрэўшы ў творы аднаго пісьменніка фразу "Жан жадно сжал её", заўважыў: "Магчыма, у вершах гэта назвалі б алітэрацыяй, а ў прозе - неахайнасць". У адносінах да паэзіі літаратурны гукапіс выступае перш за ўсё як мілагучнасць, гэта значыць прыгажосць і натуральнасць гучання літаратурнай мовы. У той жа час мілагучнасць не павінна існаваць у мастацкім творы сама па сабе, безадносна да яго зместу і настрою. Як слушна падкрэсліваў Іван Франко, дэкадэнты, "ганяючыся за фіктыўнай музычнай вартасцю слова ... пазбываюцца той сілы, якую маюць словы".