Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:гратэск

Гэта старая версія дакумента!


Гратэск

Гратэск (франц. grotesque - незвычайны, смешны, ад італ. grotta - грот) - паэтычны троп, а таксама мастацкі прыём адлюстравання рэчаіснасці, які парушае сапраўдныя формы і памеры рэчаў і прадметаў, спалучае рэальнае з фантастычным, трагічнае са смешным, наўмысна перабольшвае ці змяншае з'явы рэчаіснасці.
Гратэскам карысталіся ў сатырычных творах Франсуа Рабле («Гарганцюа і Пантагруэль»), Джонатан Свіфт («Падарожжы Гулівера»), М. Гогаль («Нос»), М. Салтыкоў-Шчадрын («Гісторыя аднаго горада»), У. Маякоўскі («Празасяданыя»), у беларускай літаратуры - Фелікс Тапчэўскі («Панскае ігрышча»), Янка Купала ("Тутэйшыя"), Андрэй Мрый («Запіскі Самсона Самасуя»), Кандрат Крапіва («Хвядос - Чырвоны нос»), А. Александровіч («Цені на сонцы»), Андрэй Макаёнак («Трыбунал», "Зацюканы апостал") і інш.
Прыгадаем гратэскную самахарактарыстыку станавога прыстава Кручкова з фарса-вадэвіля Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта": «Следство кончано, цяпер будзе суд, а наўперад: по указу всемилостивейшей государыни Елисаветы Петровны 49-го апреля 1893 года и всемилостивейшей Екатерины Великой от 23-го сентября 1903 года, а равномерно в смысле Статута литовского раздела 8-го, параграфа 193-го, коим назначается в пользу суда от тяжущихся гривны. Обжалованный Протосовицкий имеет зараз же уплотить пошлины 20, прогонных 16 и на концелярию 10 рублёв. Жалующийся Липский в половине того, сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі - по 9 рублёв, а вся прочая шляхта, што не бачылі дракі, за тое, што не бачылі, — па 3 рублі. Плаціце!» Рэальнае тут - у імітацыі справавога стылю (судовай пастановы), ва ўказанні на прозвішчы сапраўдных імператрыц Расійскай імперыі, у назвах месяцаў, дакументаў (указы, Статут Вялікага княства Літоўскага)… Нерэальнае, фантастычнае (а адсюль - і смешнае) - у немагчымасці існавання ўказаў Елізаветы Пятроўны ў 1893 годзе, а Екацярыны Вялікай у 1903 годзе (яны ў гэты час не жылі), тым больш такіх, па якіх караюцца нават тыя, «што не бачылі дракі», у неіснаванні «49-е апреля», «раздела 8-го, параграфа 193-го» Статута ВКЛ (законы ў раздзелах Статута разбіты не на параграфы, а на артыкулы, але і такога вялікага па ліку артыкула ні ў адным з раздзелаў не існавала), у самой макаранічнай мове (змяшэнні рускіх і беларускіх слоў і выразаў), чаго не дапускае юрыдычны дакумент…
А вось як з дапамогай гратэску у час вайны маляваў Якуб Колас фашысцкага салдата (верш «Фашысцкаму звяр'ю»):


Звяруга лахматы, наставіўшы хіб,
З фашысцкае выбег трушчобы,
І голас у звера з шаленства ахрып,
Запенены губы ад злобы.


Гратэск трэба адрозніваць ад гіпербалы і алегорыі.

слоўнік/гратэск.1755861240.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki