~~META: title = Гавэнда &keywords = гавэнда &abstract = Што такое гавэнда і гавэндзяж? &iftrue = nan ~~ ====== Гавэнда ====== Гавэнда ( ад поль. gawąda ад gawędzić – балбатаць, размаўляць) – невялікі эпічны празаічны ці паэтычны жанр у польскай літаратуры эпохі [[слоўнік/рамантызм|рамантызму]] (канец ХVIII – 1-я палова XIX стст.) Сфармавалася на аснове бытавога апавядання пераважна ў шляхецкім асяроддзі, а таксама і сярод бывалых і гаваркіх сялян.\\ У гавэндзе апавядальнік звычайна ад першай асобы расказваў пра пэўныя падзеі, удзельнікам альбо сведкам якіх называў і сябе, ці пераказваў пачутае ад іншага. У расказах магла быць і вялікая доля фантазіі, хоць пры гэтым маглі падкрэслівацца негатыўныя ацэнкі адмоўных з'яў і персанажаў.\\ З пісьменнікаў, якія жылі ў Беларусі і пісалі ў асноўным па-польску, гэтым жанрам удала карысталіся [[постаці/адам-міцкевіч|Адам Міцкевіч]] і [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля|Уладзіслаў Сыракомля]]. Блізкай да гавэнды былі так званыя бываліцы [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]]. У сучаснай беларускай літаратуры на аснове гавэндаў-бываліц выдатны ўзор іх стварыў [[постаці/янка-брыль|Янка Брыль]] у аповесці «Ніжнія Байдуны». \\