~~META: title = Вымысел мастацкі &keywords = вымысел, мастацкі &abstract = Коратка пра мастацкі вымысел &iftrue = nan ~~ ====== Вымысел мастацкі ====== Вымысел мастацкі — працэс і вынік творчай уявы пісьменніка ў часе напісання ім мастацкага твора.\\ Яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель падкрэсліваў, што мастак не капіруе факты жыцця, гаворыць "не пра тое, што сапраўды здарылася, а пра тое, што можа здарыцца, гэта значыць, пра магчымае, якое вынікае з імавернага або неабходнага". Зразумела, мастацтва ў вялікай ступені абапіраецца на рэальныя з'явы і факты, на міфалагічныя, гістарычныя і літаратурныя крыніцы, многія літаратурныя вобразы маюць прататыпаў — рэальных людзей, якія існавалі на самай справе (так, прататыпамі герояў "Новай зямлі" Якуба Коласа з'яўляюцца родзічы і знаёмыя самога пісьменніка — яго бацькі, дзядзька, браты і сёстры, сваякі, суседзі). Аднак і ў такім выпадку ёсць дастатковы прастор для мастацкага вымыслу, паколькі працэс творчага абагульнення, тыпізацыі вымагае ад пісьменніка асобныя рэальныя факты адкідаць, не браць у разлік, не заўважаць і, з другога боку, многае дадумваць на аснове добра развітай фантазіі, уяўлення, але ў рэчышчы ідэйнай задумы твора і жыццёвых заканамернасцей.\\ Што да навуковай фантастыкі, дэтэктыўнай і прыгодніцкай літаратуры, то тут ужо цалкам пануюць умоўнасць і мастацкі вымысел. З дапамогаю мастацкага вымыслу створана большасць раманаў і аповесцей [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]] — ад рэалістычнага [[творы/уладзімір-караткевіч/-каласы-пад-сярпом-тваім-асноўныя-прабле|"Каласы пад сярпом тваім"]] і да гістарычнага дэтэктыва [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-чорны-замак-альшанс|"Чорны замак Альшанскі"]]. Мастацкі вымысел ў значнай ступені прысутнічае нават у аўтабіяграфічных творах, такіх, як, напрыклад, [[слоўнік/трылогія|трылогія]] Якуба Коласа [[творы/якуб-колас/трылогія-на-ростанях-вобраз-лабановіча-д|"На ростанях"]] і раман [[постаці/янка-брыль|Янкі Брыля]] [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-|"Птушкі і гнёзды"]].