~~META: title = Выданне &keywords = выданне &abstract = Выданне - адзінка друкаванай прадукцыі &iftrue = nan ~~ ====== Выданне ====== **Выданне** - адзінка друкаванай прадукцыі, мэта і вынік выдавецкай справы.\\ **Перыядычныя выданні** (або **прэса**) — гэта найперш **газеты** і **часопісы**. Газеты адрозніваюцца ад часопісаў, якія звычайна выходзяць не часцей аднаго разу на тыдзень, аператыўнасцю інфармацыі, значна меншым аб'ёмам, большым фарматам, адсутнасцю пераплёту і вокладак, больш частым выхадам у свет (кожны дзень, некалькі разоў або раз на тыдзень). Адзіная спецыяльная беларуская літаратурная газета — "Літаратура і мастацтва" (з 1932). Галоўныя літаратурна-мастацкія часопісы — "Полымя" (з 1922), "Беларусь" (з 1930), "Нёман" (з 1952), "Маладосць" (з 1953), "Крыніца" (з 1988; з 2003 - "Славянскі свет").\\ Да асобных выданняў адносяцца **кнігі** — індывідуальна-аўтарскія ці калектыўныя выданні ў выглядзе збрашураваных і пераплеценых аркушаў друкаванага тэксту ў мяккіх ці цвёрдых вокладках; [[слоўнік/брашура|брашуры]] — кніжкі аб'ёмам менш за 48 старонак; [[слоўнік/альманах|альманахі]] (ад араб. аль-манах — каляндар) — зборнікі літаратурных твораў розных аўтараў, укладзеныя па тэматычным, жанравым, тэрытарыяльным ці нейкім іншым прынцыпе ("Братэрства", "Дзень паэзіі", "Свіцязь", "Ксеракс беларускі").\\ Па сваім прызначэнні асобныя выданні бываюць **масавыя** і **навуковыя**. У навуковых выданнях змяшчаецца не толькі кананічны тэкст твора, але і яго варыянты, падрабязныя [[слоўнік/каментарый|каментарыі]], навуковыя прадмовы і пасляслоўі і інш. Такія, у прыватнасці, шматтомныя **поўныя** і **акадэмічныя** выданні класікаў нацыянальных літаратур, якія рыхтуюцца спецыяльнымі навуковымі ўстановамі (напрыклад, Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі) і выдаюцца звычайна як падпісныя выданні (у кнігарнях, у тым ліку спецыялізаваных, на іх арганізуецца падпіска, што гарантуе іх своечасовае атрыманне пакупніком). Прыкладамі беларускіх акадэмічных выданняў з'яўляюцца поўны збор твораў Максіма Багдановіча ў трох тамах (1992-1995), поўны збор твораў [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]] ў 9-і тамах, 10-і кнігах.\\ Што да акадэмічных выданняў, то яны — як узор абсалютнай паўнаты аўтарскіх тэкстаў, навуковай аб'ектыўнасці іх публікацыі і каментавання — у нас пакуль што адсутнічаюць. У Расіі такім акадэмічным выданнем з'яўляецца найперш збор твораў Л. Талстога ў 90 тамах (1928-1958).\\ Да навуковых выданняў адносяцца таксама [[слоўнік/хрэстаматыя|хрэстаматыі]] (ад грэч. chrestos — карысны і manthano — вучуся) — зборнікі сістэматызаваных і пракаментаваных твораў (ці іх урыўкаў) пэўнага перыяду або кірунку, разлічаныя на навучэнцаў ("Хрэстаматыя беларускае літаратуры: ХІ век - 1905 г. " [[постаці/максім-гарэцкі|Максіма Гарэцкага]], 1922; "Беларускі фальклор: Хрэстаматыя", 3 выд., 1985; "Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя", 2 выд., 1988); **манаграфіі** (ад грэч. monos — адзін і grapho — пішу) — літаратуразнаўчыя даследаванні ў выглядзе кнігі ці брашуры, прысвечаныя адной тэме ці праблеме (Алесь Адамовіч. "Беларускі раман: Станаўленне жанра", 1961; В. Жураўлёў. "Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм", 1978; У. Гніламёдаў. "Янка Купала: Новы погляд", 1995). Сярод масавых выданняў вылучаюцца **зборы твораў** буйнейшых нацыянальных пісьменнікаў (напрыклад, 14-томны Збор твораў Якуба Коласа, 7-томны — Янкі Купалы, 6-томны — [[постаці/максім-танк|Максіма Танка]], 8-томны —[[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]] і інш.), у якіх, апрача публікацыі лепшых твораў, часам змяшчаюцца больш ці менш разгорнутыя каментарыі да іх; [[слоўнік/анталогія|анталогіі]] (ад грэч. antos — кветка і lego — збіраю) — зборнікі лепшых, узорных твораў пэўнага перыяду ці жанру ("Анталогія беларускага апавядання: У 2-х тамах", 1967; "Анталогія беларускай народнай песні", 1975; "Анталогія беларускай паэзіі: У 3-х тамах", 1993), **адаптаваныя выданні** (ад лац. adapto — прыстасоўваю) — спрошчаныя, скарочаныя выданні твораў, прыстасаваныя для недастаткова падрыхтаванага чытача (напрыклад, разлічаныя на дзіцячае ўспрыманне выданні сур'ёзнай літаратуры).\\ Па колькасці і якасці выданняў можна меркаваць пра ўзровень развіцця не толькі нацыянальнага кнігадрукавання, але і ўсёй нацыянальнай літаратуры.