~~META: title = Восеньскія песні &keywords = восень, песня &abstract = Беларуская каляндарна-абрадавая лірыка: восеньскія песні і іх асаблівасці &iftrue = nan ~~ ====== Восеньскія песні ====== Восеньскія песні — жанравая разнавіднасць беларускай каляндарна-абрадавай лірыкі (гл.: [[слоўнік/абрадавая-паэзія|абрадавая паэзія]]); песні, што суправаджаюць восеньскую працу селяніна, пачынаючы з асенняга жніва (другая палавіна жніўня) і да піліпаўкі (канец лістапада). У іх паэтызуецца чалавек працы і сама праца (жніво ярыны, копка бульбы, уборка лёну, нарыхтоўка грыбоў, ягад, арэхаў і г. д.), апяваецца восеньская прырода, выяўляюцца жаночыя і дзявочыя перажыванні, звязаныя з цяперашнім ці будучым замужжам. Матыў замужжа асабліва часты ў восеньскіх песнях, паколькі восенню, пасля ўборкі ўраджаю і да каляднага посту, калісьці звычайна ладзіліся вяселлі.\\ Адна з характэрнейшых асаблівасцяў восеньскіх песень — разгорнуты псіхалагічны малюнак: вобразы прыроды суадносяцца з жыццёвым лёсам чалавека, найперш — маладой дзяўчыны. Вось тыповы ўзор восеньскай песні: — Чаго ты, лосю, чаго сівенькі\\ К сялу прылягаеш?\\ А ці ты, лосю, ці ты, сівенькі,\\ Цяжкую зіму чуеш?\\ — Ды хоць цяжкую, хоць не цяжкую, —\\ Не будзе, як лецечка,\\ Ды хоць цяжкую, хоць не цяжкую, —\\ Не будзе, як цёплае.\\ — Чаго, дзевачка, чаго, маладая,\\ Ты к сталу прылягаеш?\\ Ці ты, дзевачка, ці ты, маладая,\\ Ліхую свякроў чуеш?\\ — Ды хоць ліхую, хоць не ліхую,\\ Не будзе, як мамачка.\\ Я ў мамы жыла, як ружа цвіла,\\ А ў свякроўкі не буду. \\ Восеньскія песні — арыгінальная з’ява беларускага фальклору. Публікацыю іх глядзіце ў выданні «Восеньскія і талочныя песні» (1981). ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/вайсковыя-песні]] * [[слоўнік/песня]] * [[слоўнік/валачобныя-песні]] * [[слоўнік/вясельныя-песні]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады]]