Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:вольнасць-паэтычная

Гэта старая версія дакумента!


Вольнасць паэтычная

Вольнасць паэтычная - наўмыснае або міжвольнае адступленне ад агульнапрынятых моўных норм у вершаваных творах дзеля захавання ў іх метрычнага малюнка ці рыфмы. Гэта могуць быць неўласцівыя для літаратурнай мовы словы, націскі, слоўныя скарачэнні і гэтак далей.
Так, у вершы Я. Купалы «Беларускім партызанам» сустракаюцца словы «гітлерцы» (замест «гітлераўцы»: «Рэжце гітлерцаў паганых»), «пабеда» (разам з «перамога»: «Клічу вас я на пабеду»), «жыр» (замест «тлушч»: «Сыты быў людскім ён жырам»), «мсціць» (замест «помсціць»: «Клічуць мсціць крывава гэтак»)…
Як паэтычная вольнасць ўспрымаецца слова «ірдзень» (замест «ірдзенне») у вершы М. Федзюковіча «Дзве зары»:

Праменны, ясны дзень.
Як дзень —
Жаданы твар.
Святочна-яркая ірдзень
I — я, змагар.

Злоўжываць паэтычнай вольнасцю нельга. Разам з тым яе трэба адрозніваць ад звычайнай моўнай неахайнасці некаторых аўтараў (гл. аўтарская глухата). Патрэбна таксама ўлічваць, што многія адступленні ў вершаваных творах ХІХ - пачатку ХХ ст. ад сучаснай літаратурнай нормы ў галіне лексікі, марфалогіі, акцэнтуацыі выкліканы не паэтычнай вольнасцю, а колішняй неўладкаванасцю самой літаратурнай нормы.

Падобныя старонкі

  • этымалагізм-паэтычны
слоўнік/вольнасць-паэтычная.1755859474.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 10:44 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki