~~META: title = Вобраз літаратурны &keywords = вобраз, літаратурны &abstract = Літаратурны вобраз - адлюстраванне рэчаіснасці &iftrue = nan ~~ ====== Вобраз літаратурны ====== Вобраз літаратурны - асобы спосаб эстэтычнага адлюстравання рэчаіснасці ў канкрэтнай, індывідуальна-пачуццёвай форме з дапамогай маўлення.\\ Літаратура, як і мастацтва ўвогуле, - гэта "мысленне ў вобразах", "у тым і сутнасць паэзіі, што яна бясплотнай ідэі дае жывы, пачуццёвы і прыгожы вобраз" (В. Бялінскі).\\ Вобраз літаратурны шматаблічны, мае некалькі значэнняў. Мы перш за ўсё сустракаемся з так званым слоўнымі вобразамі, або тропамі. У значнай ступені з дапамогай тропаў у паэзіі ўзнікае вобраз - перажыванне (тая ці іншая эмацыянальная "зараджанасць" чытача). У лірычнай паэзіі таксама нярэдкія вобразы -сімвалы, у якіх, як правіла, увасабляюцца глыбокія, грамадска значныя думкі. Для лірыкі ў цэлым характэрны [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|вобраз лірычнага героя]] (або лірычны герой, лірычнае "Я"). У эпічных, драматычных і ліра-эпічных творах ствараюцца вобразы -персанажы, станоўчыя і адмоўныя, вобразы-малюнкі: вобразы-пейзажы (вобраз Прыпяці ў "[[творы/якуб-колас/якуб-колас-дрыгва|Дрыгве]]" Якуба Коласа), вобразы-рэчы (вобраз ветразя ў аднайменным вершы М. Лермантава), вобразы-дэталі (гл. дэталь мастацкая), вобразы-падзеі (з ланцуга такіх падзей складаецца сюжэт твора)... Урэшце, у выніку знаёмства з літаратурным творам ва ўяўленні чытача ўзнікае літаратурны вобраз як цэласны малюнак жыцця. створаны пісьменнікам (напрыклад, вобраз беларускай палескай вёскі 1920-х гг. у "Палескай хроніцы" Івана Мележа). Задача пісьменніка - ствараць усё новыя і новыя літаратурныя вобразы, таму што пры іх паўтарэнні (самапаўтарэнне ці запазычанне ў іншых творцаў) яны вельмі хутка становяцца штампам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя]]