~~META: title = Вершаказ &keywords = вершаказ &abstract = Жанр-наватвор вершаказ і яго асаблівасці &iftrue = nan ~~ ====== Вершаказ ====== Вершаказ — напісаная ў форме [[слоўнік/версэт|версэта]] паэтычная [[слоўнік/медытацыя|медытацыя]], у аснове якой — роздум пра сутнасць нейкай рэчы, прадмета, з’явы. Галоўны мастацкі сродак, што арганізуе вершаказ, — паэтычная этымалогія.\\ Па сутнасці, вершаказ уяўляе сабой разгорнуты [[слоўнік/этымалагізм-паэтычны|этымалагізм паэтычны]], у якім выяўляюцца падчас самыя нечаканыя асацыятыўныя сувязі паміж асобнымі словамі-паняццямі на аснове іх гукавога падабенства.\\ Тэрмін уведзены ў літаратурную практыку [[творы/алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава|Алесем Разанавым]], які напісаў некалькі цыклаў вершаказаў. Вось адзін з яго вершаказаў — «Кудзеля»: \\ Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.\\ Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а — куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.\\ Кудзеля — работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.\\ Калі дзіда — удзел мужчыны, то кудзеля — жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі,«цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» — долю.