~~META: title = Васьмірадковік &keywords = васьмірадковік, верш &abstract = Васьмірадковік як від верша. Асаблівасці і прыклады васьмірадковікаў &iftrue = nan ~~ ====== Васьмірадковік ====== Васьмірадковік — верш з васьмі вершарадоў, завершаных па метрычнаму, інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку і па думцы.\\ [[слоўнік/рыфмоўка|Рыфмоўка]] васьмірадковіка можа быць такой жа разнастайнай, як і рыфмоўка васьмірадковай [[слоўнік/страфа|страфы]]. Аднак найчасцей ён складаецца з двух [[слоўнік/чатырохрадкоўе-катрэн|катрэнаў]] (падчас нават аддзеленых графічна) або з [[слоўнік/шасцірадкоўе-секстэт|шасцірадкоўя]] і [[слоўнік/двухрадкоўе|двухрадкоўя]], цесна звязаных інтанацыйна і сінтаксічна, што яшчэ больш падкрэслівае сэнсавае адзінства твора.\\ Васьмірадковік звычайна мае характар [[слоўнік/медытацыя|медытацыі]], філасофскай развагі. Першая палова васьмірадковіка, як правіла, — гэта вобразная канстатацыя факта, нейкае сцвярджэнне, тэзіс, другая — абагульненне, выснова, антытэзіс і вывад. Гэтым вершам шырока карыстаўся аварскі паэт Р. Гамзатаў (кніга «Восьмистишия»). Да яго нярэдка звярталіся і беларускія вершатворцы — [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка|Максім Танк]], [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі|Пятрусь Броўка]], А. Пысін і інш. [[постаці/ніл-гілевіч|Ніл Гілевіч]], у прыватнасці, выдаў кніжку вершаў, цалкам напісаную васьмірадковікам («Актавы»). Вось узоры сучасных васьмірадковікаў: Калі каханне абвянчае\\ Жаданай згодай маладых,\\ Свайго сумлення не хавае\\ Яно ад позіркаў чужых.\\ А звяжа шлюбам маладая\\ Сябе з нялюбым і старым,\\ Свайго сумлення не схавае\\ Яна за прозвішчам чужым.\\ ([[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзь Куляшоў]])\\ \\ А страціць годнасць — невыносна,\\ Які б ні быў там дабрадзей...\\ Глядзіце знізу ўверх на сосны,\\ На воблакі.\\ Не на людзей.\\ А калі вас уздыме слава,\\ Аб гэтым думайце радзей...\\ Глядзіце зверху ўніз на травы\\ Ці на ваду.\\ Не на людзей.\\ ([[постаці/пімен-панчанка|Пімен Панчанка]])\\ \\ Жыццё маё ў двухколерным свячэнні,\\ Як доўгі фільм. Я — аўтар і глядач.\\ Перада мною пошукі, здзяйсненні\\ І кіламетры сумныя няўдач.\\ І ў чымсьці каешся пасля аглядкі,\\ І знойдзеш чым сумленне суцяшаць.\\ Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі\\ Хацеў бы на мінулае спісаць.\\ ([[постаці/аляксей-пысін|Аляксей Пысін]])