~~META: title = Біяграфістыка &keywords = біяграфістыка &abstract = Біяграфістыка - галіна літаратуразнаўства &iftrue = nan ~~ ====== Біяграфістыка ====== Біяграфістыка - дапаможная галіна літаратуразнаўства, галоўная задача якой - стварэнне як мага больш поўных, навукова дакладных і грунтоўных [[слоўнік/біяграфія|біяграфій]] буйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры. Найбольш распаўсюджаны жанр біяграфістыкі - крытыка-біяграфічны нарыс. Першую спробу напісаць навуковую біяграфію [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]] зрабіў Я. Шарахоўскі — "Пясняр народных дум". Мастацка-дакументальныя біяграфічныя творы спалучаюць дакладнасць дакумента з мастацкім вымыслам, з жывасцю, а падчас і займальнасцю аўтарскага апавядання. Сярод іх - дакументальныя аповесці С. Александровіча пра Якуба Коласа "Ад роднае зямлі...", "На шырокі прастор" І "Крыжавыя дарогі", раман-эсэ А. Лойкі пра Янку Купалу "Як агонь, як вада" і інш. Асабліва каштоўныя для біяграфістыкі пісьменніцкія [[слоўнік/аўтабіяграфія|аўтабіяграфіі]]. Асобныя аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў увайшлі ў кнігі "Пяцьдзесят чатыры дарогі" (1963), "Пра час і пра сябе" (1965) і "Вытокі песні" (1973); укладанне і падрыхтоўка тэкстаў усіх трох кніг - Я. Казекі. Арыгінальную аўтабіяграфічную мастацка-дакументальную "Аповесць пра сябе" стварыў Б. Мікуліч. Своеасаблівым жанрам біяграфістыкі з'яўляецца летапіс жыцця і творчасці пісьменніка, які звычайна ў якасці дадатку ўключаецца ў ягоны збор твораў, а зрэдку выходзіць і асобным выданнем. Найбольш грунтоўны з іх - укладзены М. Мушынскім "Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа" (1982). Для біяграфістыкі вялікае значэнне маюць розныя крыніцазнаўчыя матэрыялы, даведнікі, накшталт "Слоўніка беларускіх [[слоўнік/псеўданім|псеўданімаў]] і крыптанімаў ХVI-ХХ ст. ст." Я. Саламевіча (1983).