Бібліяграфія

Бібліяграфія (ад гр. biblia - кнігі і grapho - пішу) - дапаможная галіна літаратуразнаўства, якая займаецца рэгістрацыяй, апісаннем (паводле пэўных правіл) і прапагандай у пэўным грамадскім асяроддзі літаратурных твораў і літаратуразнаўчых прац.
Беларуская літаратурная бібліяграфія можа пахваліцца немалой колькасцю каштоўных бібліяграфічных паказальнікаў. Поўная інфармацыя пра сучасныя публікацыі па беларускай літаратуры змяшчаецца на старонках штомесячніка «Летапіс друку Беларусі» і бібліяграфічнага бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Выдадзены шматлікія тэматычныя і персанальныя бібліяграфіі, такія, напрыклад, як укладзеныя Н. Ватацы паказальнікі «Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі»(ч. 1. 1917-1960; ч. 2. 1961-1968) (1962, 1971), «Беларускае літаратуразнаўства і крытыка 1945-1963» (1964), «Беларуская савецкая драматургія 1917-1965» (1967), «Максім Багдановіч: Паказальнік выданняў, аўтографаў і крытычнай літаратуры» (1977) і інш. Значную каштоўнасць маюць бібліяграфіі па творчасці Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа і некаторых іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517-1917» (1986), паказальнік «Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка» М. Грынблата (1972), «Методыка беларускай літаратуры 1906-1971» І. Зяневіча (1977) і інш.

Адным з відаў бібліяграфіі з'яўляюцца біябібліяграфічныя даведнікі, у якіх інфармацыя пра друкаваныя творы спалучаецца з біяграфічнымі звесткамі аб іх аўтарах. Такім універсальным даведнікам з'яўляецца шасцітомны біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», выдадзены пад рэдакцыяй прафесара А. Мальдзіса ў 1992-1995 гг.