~~META: title = Быліна &keywords = быліна &abstract = Асаблівасці эпічнага жанру быліны. Моўна-выяўленчыя сродкі і разнавіднасці быліны &iftrue = nan ~~ ====== Быліна ====== Быліна - адзін з эпічных жанраў. Узніклі быліны у Старажытнай Русі, шырока бытавалі на працягу ХІ-XVI стагоддзяў, але запісвацца пачалі толькі з XVII ст. У былінах, якія выконваліся [[слоўнік/рэчытатыў|рэчытатывам]] (спеўнай гутаркай), услаўляліся народныя героі - асілкі-волаты, абаронцы ўсходнеславянскіх земляў ад нашэсця ворагаў, увасабляліся ідэі патрыятызму і дэмакратызму. Для быліны характэрныя своеасаблівыя моўна-выяўленчыя сродкі (частае выкарыстанне пастаянных [[слоўнік/эпітэт|эпітэтаў]], [[слоўнік/паўтор|паўтораў]]), [[слоўнік/кампазіцыя|кампазіцыя]] (наяўнасць зачыну, апавядальнай часткі і канцоўкі), рытміка (так званы былінны верш) і інш. Існуе цэлы шэраг жанравых разнавіднасцяў быліны: гераічныя, казачныя, сацыяльна-бытавыя, сатырычныя і інш. Быліны ствараліся, бытавалі калісьці і на тэрыторыі Беларусі, аднак як жанр у выніку пэўных гістарычных прычын зніклі тут вельмі рана. Сляды быліннага [[слоўнік/эпас|эпасу]] захаваліся толькі ў казках на былінныя сюжэты, песнях быліннага складу, асобных фрагментах беларускіх былін.