~~META: title = Бурымэ &keywords = бурымэ &abstract = Бурымэ як від верша. Асаблівасці і прыклады &iftrue = nan ~~ ====== Бурымэ ====== Бурымэ (ад франц. bouts — заканчэнні і rіmes — рыфмаваныя) — верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы.\\ Бурымэ узнікла ў Францыі ў першай палове XVІІ ст. як чыста літаратурная забава. Часам нават аб’яўляліся спецыяльныя конкурсы на напісанне вершаў на зададзеныя рыфмы. Так, А. Дзюма правёў у Францыі спаборніцтва на лепшае бурымэ і апублікаваў у 1864 г. кнігу, у якую ўвайшлі вершы 350 удзельнікаў спаборніцтва. У 1914 г. падобны конкурс арганізаваў пецярбургскі часопіс «Весна».\\ З XX ст. бурымэ становіцца пераважна эстрадным жанрам: гледачы называюць рыфмы, а артыст-вершаскладальнік экспромтам прыдумвае на гэтыя рыфмы вершаваны тэкст.\\ У наш час бурымэ — жартоўны, пацяшальны верш. Такім, у прыватнасці, з’яўляецца верш [[постаці/ніл-гілевіч|Ніла Гілевіча]] «[[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-кулінарна-музычная-залежнасц|Кулінарна-музычная залежнасць]]», у якім зарыфмаваны назвы асобных музычных інструментаў. У беларускай народнай паэзіі бурымэ вядома з самых даўніх часоў, і тут яно, у адрозненне ад літаратурнага бурымэ, не з’яўляецца вершам-забаўкай. Словы, да якіх падбіраюцца рыфмы, не выпадковыя, яны арганізаваны ў пэўную сістэму, «вядуць» за сабой змест. Такі верш бурымэ лёг у аснову вядомай песні «Ой хацела ж мяне маці замуж аддаць», дзе рыфмы падабраны паслядоўна да сямі парадкавых лічэбнікаў: первы — няверны, другі — ходзіць да падругі, трэці — як у полі вецер, чацвёрты — ні жывы ні мёртвы, пяты — п’яніца пракляты, шосты — малы, недарослы, сёмы — прыгожы і вясёлы. Назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі другой жартоўнай беларускай народнай песні — «Ад панядзелка да панядзелка»: Ад панядзелка да панядзелка\\ Смачна п’ецца нам гарэлка.\\ Прадамо пшаніцы ворак —\\ Яшчэ вып’ем і ў аўторак.\\ Прадамо валоў чароду —\\ Яшчэ вып’ем і ў сяроду.\\ І ў сяроду, і цяпер —\\ Яшчэ вып’ем і ў чацвер.\\ Прадамо бочку пшаніцы,\\ Яшчэ вып’ем і ў пятніцу.\\ І, закончыўшы работу,\\ Яшчэ вып’ем і ў суботу.\\ Маем добрую надзею,\\ Што пахмелімся ў нядзелю.