~~META: title = Багагласнікі &keywords = багагласнік &abstract = Багагласнік - зборнік песнапенняў рэлігійнага зместу &iftrue = nan ~~ ====== Багагласнікі ====== Багагласнікі – уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў рэлігійнага зместу, якія ўжываліся ў ХVІ-ХІХ стст. як у рукапісах, так і ў кнігах. Па іх спявалі ў час богаслужэння, хрэснага ходу і дома на святы. Гэта былі лацінскія гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі, беларускія і ўкраінскія духоўныя псальмы і [[слоўнік/кант|канты]].\\ У багагласніках у першай частцы былі песні да розных рэлігійных святаў, пасвячэнне Хрысту, некаторым тыдням царкоўнага календара, у другой – багародным святам, у трэцяй – апосталам і пакутнікам, у чацвёртай – пакаянным і замілавальным песнапенням. Змест, музыка шматнацыянальныя, побытавыя матывы – найчасцей у псалмах-калядках. Пры параўнанні шматлікіх беларускіх, украінскіх і больш позніх рускіх багагласнікаў, узніклых з беларуска-ўкраінскіх узораў, назіраецца эвалюцыюя мовы ў бок яе русіфікацыі, прычым многія словы перакладаюцца на рускую мову няўдала, што вядзе да скажэння сэнсу, парушэння рыфмы, часам да разбурэння [[слоўнік/акраверш|акравершаў]].\\ Ёсць звесткі, што існавала нямала ранніх беларускіх зборнікаў падобнага тыпу – скажам, захаваныя багагласнікі ў Богавыяўленскім манастыры, там адна з кніг – рыфмаваныя тэксты на старабеларускай мове. На ёй былі і запісаныя лацінкай жыровіцкія багагласнікі XVII ст. Надрукаваныя ў гэтым часе не зберагліся. У асноўным з-за праследавання праваслаўем, якое падавала іх за шкодную праяву уніяцтва. У XVIII ст. рукапісныя беларускія багагласнікі складаліся ў Супраслі (адзін з іх захоўваецца ў бібліятэцы ў Літве). Найбольш ранні захаваны друкаваны зборнік гэтай тэматыкі дайшоў да нас за 1790 г., дзе сустракаюцца ўкраінізмы ды беларусізмы.