~~META: title = Атрыбуцыя &keywords = атрыбуцыя &abstract = Атрыбуцыя як адна з галін тэксталогіі. Роля атрыбуцыі &iftrue = nan ~~ ====== Атрыбуцыя ====== Атрыбуцыя (ад лац. attributio — прыпісванне) — адна з галін [[слоўнік/тэксталогія|тэксталогіі]] — вызначэнне, устанаўленне аўтарства літаратурнага твора, які бытуе вусна або надрукаваны [[слоўнік/ананім|ананімна]] ці пад [[слоўнік/псеўданім|псеўданімам]].\\ Роля атрыбуцыі для вывучэння гісторыі літаратуры надзвычай важная, асабліва літаратуры тых часоў, якія характарызаваліся значным распаўсюджаннем ананімных ці псеўданімных твораў. У беларускай літаратуры гэта старажытны перыяд, а таксама XIX стагоддзе.\\ Вызначэнне аўтарства ананімных і псеўданімных твораў робіцца шляхам:\\ а) пошукаў дакументальных матэрыялаў, якія пацвярджаюць прыналежнасць твора пэўнай асобе;\\ б) аналізу ідэйна-вобразнага зместу твора;\\ в) аналізу мовы і стылю твора. У беларускім [[слоўнік/літаратуразнаўства|літаратуразнаўстве]] пытаннямі атрыбуцыі займаліся Яўхім Карскі, I. Замоцін (творы [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча|Максіма Багдановіча]]), пасля гэтую справу працягвалі і працягваюць А. Коршунаў і В. Чамярыцкі (старажытная гісторыя і літаратура), Адам Мальдзіс (ХVІІ – ХІХ стст.), С. Александровіч, У. Казбярук, Г. Кісялёў, Я. Янушкевіч (XIX – пачатак XX стст. ), Я. Саламевіч (савецкі перыяд). Шмат прац прысвечана атрыбуцыі [[слоўнік/ананім|ананімных]] паэм "[[творы/іншае/вікенцій-равінскі-энеіда-навыварат|Энеіда навыварат]]" і "[[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-тарас-на-парнасе|Тарас на Парнасе]]", найбольш каштоўныя з іх – даследаванні Г. Кісялёва "Загадка беларускай Энеіды", "Пошукі імя" і інш.\\ Творы, аўтарства якіх даказаць цяжка, у навуковым свеце змяшчаюцца пад рубрыкай "Dubia" (ад лац. сумняваюся)