Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:асананс

Гэта старая версія дакумента!


Асананс

Асананс (ад франц. assonance — сугучнасць)
1. Прадвызначанае пэўнымі мастацкімі задачамі паўтарэнне ў вершаванай мове аднолькавых або падобных галосных гукаў.
Як і алітэрацыя, асананс дапамагае падкрэсліць асобныя словы, узмацніць інтанацыйна-гукавую выразнасць верша, надаць яму асаблівую мілагучнасць. Напрыклад, у першай страфе верша Янкі Купалы «Дзве сястры» сустракаем выразны асананс на і, ы:

На тутэйшай зямлі
Дзве сястрыцы жылі,

Як забытыя ў лесе каліны,

Жыватворных крыніц
Не было для сястрыц,—

Яны вялі і сохлі націнай.


Далейшы паэтычны расказ пра дзвюх сясцёр таксама вельмі тонка інструментаваны, прычым «гукавы партрэт» сялянкі тут адзін (асананс на я, а: «Аж да восені сілы губляла… Кужаль прала, снавала і ткала»), а рабочай — другі ( асананс на о: «А другой з году ў год Выядаў, як той крот, Дым фабрычны дзявочыя вочы»);


2. Від недакладнай рыфмы, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.
Шырока выкарыстоўваецца ў фальклоры:

Бела, свашачка, бела,
Як на моры пена.


Не хіляйся, вольха,
Бо мне жыці горка,
Не хіляйся, сосна,
Бо мне жыці тошна.


Часам сугучнасць, заснаваная на падабенстве галосных гукаў, узмацняецца супадзеннем некаторых пераднаціскных і паслянаціскных зычных (узмоцнены асананс), як, напрыклад, у рыфме сосна — тошна, дзе, акрамя галосных, супадае і зычны н, а таксама ў рыфмах тыпу зоркі — звонкі, попел — ухопім, стукнуў — сукню і г. д.
Асанансная рыфма (у гэтым значэнні ўжываецца і такі тэрмін) набыла шырокае распаўсюджанне ў сучаснай паэзіі, прычым часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ўзмоцненыя асанансы, хоць сустракаюцца і звычайныя:

Не спакушай нас высокай песняй
Гэтак рана, Галактыка.
Як валуны неачэсаныя —
У нас цяжкія характары.
(Пімен Панчанка.
«За вогненнымі вякамі»)

Мой дарагі адміністратар
з гасцініцы пад назвай «Сож»,
ноч для мяне была не стратай,
была знаходкай гэта ноч.
(Анатоль Вярцінскі. «Начны бераг»)

слоўнік/асананс.1755963614.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki