Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:аплікацыя

Гэта старая версія дакумента!


Аплікацыя

Аплікацыя (ад лац. applicatio, літаральна — прыкладванне) — увядзенне ў тэкст літаратурнага твора нейкага вядомага выслоўя: прыказкі, прымаўкі, радка з песні, верша і г. д.
На паэтычным выкарыстанні народных прымавак заснаваны верш Пімена Панчанкі «Простыя ісціны». Рыгор Барадулін увёў у свой твор радкі з народнай беларускай песні, выдзеліўшы іх не толькі інтанацыйна, але і графічна:

Дробненькі дожджык дый накрапае…
Журыцца мінская радыёхваля.
Балтыка, зайздрасць твая сляпая.
Хмарныя хвалі
Сонца схавалі.

Выйдзі, дзяўчына,— сэрца чакае…
Можаш чакаць, як пагоды з мора.
Шалёнагубая, гулам цяжкая.
Б'ецца ў адчаі салоная змора.

Я ж тваіх ножак не замарожу…
Снежань, чаму не нагурбіў выдмаў?
Я ж твае ножанькі ў шапачку ўложу…
Дождж пад піліпаўку, хто яго выдумаў?


Асобы від аплікацыі — увядзенне ў тэкст назваў твораў або кніг нейкага вядомага пісьменніка, мастака. Напрыклад:

То не плач яго Бандароўны,
А зажынкавы спеў ля гаю.
Што калісьці было безназоўным,
І імя і спадчыну мае.

Над ракой Арэсай расою
Умываліся дружна бярозкі.
Любаваўся Купала красою
І ад сэрца вітаў наш росквіт.

(С. Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»)

слоўнік/аплікацыя.1755861240.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki