~~META: title = Апавяданне &keywords = апавяданне &abstract = Што такое апавяданне? Разнавіднасці апавяданняў &iftrue = nan ~~ ====== Апавяданне ====== **Апавяданне** - невялікі апавядальны твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека. У апавяданні адна сюжэтная лінія, абмежаваная колькасць дзейных асобаў, характары якіх дастаткова сфармаваныя, розныя апісанні адсутнічаюць ці яны вельмі сціслыя. Такія апавяданні [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-васількі|"Васількі"]] [[постаці/міхась-лынькоў|Міхася Лынькова]], цыкл "Вясковых паданняў" [[постаці/мікола-лупсякоў|Міколы Лупсякова]], [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-сена-на-асфальце|"Сена на асфальце"]] Міхася Стральцова, "Сівы конік" У. Дамашэвіча, [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-львы|"Львы"]] [[творы/іван-пташнікаў/творчасць-івана-пташнікава|Івана Пташнікава]] і інш. Папярэднікам пісьмовага апавядання сталі асобныя жанры вуснай народнай творчасці – казкі, легенды, [[слоўнік/паданне|паданні]] і інш. Своеасаблівымі разнавіднасцямі апавядання з'яўляюцца навела, нарыс, памфлет, фельетон, гумарэска, вершаванае апавяданне.\\ [[слоўнік/навела|Навела]] характарызуецца напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам ("[[творы/якуб-колас/якуб-колас-бунт|Бунт]]" Якуба Коласа, "Наталя" [[постаці/янка-скрыган|Янкі Скрыгана]], [[творы/янка-брыль/янка-брыль-марыля|"Марыля"]] [[постаці/янка-брыль|Янкі Брыля]]).\\ [[слоўнік/нарыс|Нарыс]] - гэта мастацка-дакументальнае апавяданне, у якім апісаны падзеі, што сапраўды здарыліся ў жыцці, а персанажы маюць рэальных прататыпаў і выступаюць пад сваімі прозвішчамі ("Званы ў прадоннях азёр" [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]], "Дзівасіл" В. Палтаран).\\ Для [[слоўнік/памфлет|памфлета]], як і для [[слоўнік/фельетон|фельетона]], характэрныя смех і дакументальнасць. Аднак напал смеху і прадмет асмяяння ў іх розны. У фельетоне гумар і сатыра накіраваны на выпраўленне заган "простых смертных" і іх учынкаў, некаторых непрыстойных з'яў у грамадстве. У той жа час памфлет - гэта злосна-з'едлівае асмяянне, гнеўнае выкрыццё шырокавядомых асоб ці значных грамадскіх з'яў (памфлет украінскага пісьменніка Я. Галана, зборнік памфлетаў "Кат у белай манішцы" [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Кузьмы Чорнага]], у якім выкрываліся Гітлер і яго хаўруснікі).\\ [[слоўнік/гумарэска|Гумарэска]] - невялікае апавяданне, у якім мякка, але дасціпна высмейваюцца нейкія рэальныя (толькі са змененымі назвамі) ці створаныя ўявай пісьменніка з'явы, падзеі, асобы ("Дзядзіна" [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішка Багушэвіча]], "Недаступны", "Сацыяліст" Якуба Коласа).\\ Беларускае літаратурнае апавяданне у значнай ступені вырасла з народнай вершаванай гутаркі, быліцы.\\ **Апавяданне вершаванае** як жанр упершыню сустракаецца ў [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча]]. Пісьменнік пакінуў некалькі яго жанравых разнавіднасцяў: гістарычнае ("Славяне ў ХІХ стагоддзі", "Люцынка, альбо шведы на Літве"), сацыяльна-бытавое ("Травіца брат-сястрыца"), гісторыка-літаратурнае ("Літаратурныя клопаты"). Асабліва пашырылася вершаванае апавяданне на пачатку ХХ ст. Менавіта гэтым тэрмінам вызначыў жанр сваёй "[[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-вераніка|Веранікі]]" [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]]. Жанравую разнавіднасць сатырычнага і гумарыстычнага вершаванага апавядання актыўна распрацоўваў Якуб Колас ("Зяць", "Доктар памог", "Святы Ян"). Вершаванае апавяданне даволі часта выкарыстоўваў [[постаці/янка-купала|Янка Купала]] ("Сват", "Страх", "У шынку", "У піліпаўку" і інш. ; гэтыя творы склалі два зборнікі яго "Апавяданняў вершам", 1926). Да вершаванага апавядання першапачаткова звярнуўся Францішак Багушэвіч ("[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-быў-у-чысцы|Быў у чыстцы!]]", "Гдзе чорт не зможа, там бабу пашле", "Хцівец і скарб на святога Яна", "Хрэсьбіны Мацюка"), пакуль не стаў пачынальнікам беларускага празаічнага апавядання ("[[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-тралялёначка|Тралялёначка]]", [[творы/францішак-багушэвіч/францішак-багушэвіч-палясоўшчык|"Палясоўшчык"]]). Услед за ім да гэтага віду эпічнай прозы яшчэ на пачатку XX ст. прыйшлі [[постаці/карусь-каганец|Карусь Каганец]], [[постаці/алаіза-пашкевіч-цётка|Цётка]], Якуб Колас, [[постаці/ядвігін-ш|Ядвігін Ш.]], Змітрок Бядуля, [[постаці/уладзіслаў-галубок|Уладзіслаў Галубок]], [[постаці/максім-гарэцкі|Максім Гарэцкі]], [[постаці/цішка-гартны|Цішка Гартны]] і інш. Далейшае развіццё апавядання ў самых розных яго жанрах (сацыяльна-бытавое, псіхалагічнае, гістарычнае, лірычнае, філасофскае і інш.) знайшло ў творчасці Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Я. Скрыгана, Івана Мележа, Янкі Брыля, [[постаці/васіль-быкаў|Васіля Быкава]], Міколы Лупсякова, А. Чарнышэвіча, [[постаці/міхась-стральцоў|Міхася Стральцова]], У. Караткевіча, Івана Пташнікава, [[постаці/вячаслаў-адамчык|Вячаслава Адамчыка]], [[творы/барыс-сачанка/жыццёвы-і-творчы-шлях-барыса-сачанкі|Барыса Сачанкі]], А. Кудраўца і інш. Частка лепшых беларускіх апавяданняў увайшла ў двухтомную "Анталогію беларускага апавядання"(1967).