Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:анакруза

Гэта старая версія дакумента!


Анакруза

Анакруза (ад грэч. anakrusis — адштурхоўванне, ход назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам.
У сілаба-танічным вершы ў залежнасці ад характару метра бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (ямб, амфібрахій) і двухскладовай (анапест).
Анакруза у вершы мае вялікае рытмічнае значэнне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых, з другога) аднолькавая, то яны адрозніваюцца па сутнасці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаванне радковых лагаэдаў — двухскладовых і трохскладовых памераў з раўнамерным чаргаваннем анакрузы. Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў з'яўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэнне анакрузаў у трохскладовых метрах — дактылічным, амфібрахічным і анапестычным; памер такіх вершаў вызначаем як трохскладовікі з пераменнай анакрузай. Рэдка, але сустракаюцца ў паэзіі і двухскладовікі з пераменнай анакрузай. Б. Тамашэўскі, праўда, сцвярджаў, што «ніводзін рускі паэт не пісаў вершаў, у якіх ямбы і харэі знаходзяцца ў вольным спалучэнні». Але М. Гаспараў знайшоў такія вершы ў Б. Пастэрнака, У. Лугаўскога, С. Міхалкова і А. Барто. Сустракаюцца яны і ў беларускай паэзіі (напрыклад, у Янкі Купалы, Яуба Коласа).
Некаторыя даследчыкі тэрмін «анакруза» ўжываюць толькі ў дачыненні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў.

слоўнік/анакруза.1755860348.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 10:59 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki