~~META: title = Амонімы &keywords = амонім &abstract = Што такое амонім? Прыклады амонімаў &iftrue = nan ~~ ====== Амонімы ====== Амонімы (ад грэч. homos — аднолькавы і onyma — імя) — словы, якія гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне: поліс — дакумент аб страхаванні; поліс — горад-дзяржава з асобай формай сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця.\\ З'ява аманіміі вельмі распаўсюджаная, ахоплівае ўсе бакі мовы — лексіку, словаўтварэнне, граматыку. У навуковай літаратуры вылучаюць уласна амонімы (лексічныя — поўныя ці няпоўныя, сінтаксічныя) амафоны, амографы і амаформы.\\ Поўныя лексічныя амонімы — гэта словы адной часціны мовы, якія супадаюць ва ўсіх граматычных формах гучаннем і напісаннем, але зусім розныя па значэнні: каса - прылада працы; каса - від прычоскі.\\ Няпоўныя лексічныя амонімы адрозніваюцца ад поўных тым, што супадаюць гучаннем і напісаннем не ва ўсіх граматычных формах: бокс — від спорту; бокс — асобная палата ў бальніцы. У першым значэнні назоўнік бокс не мае формы множнага ліку.\\ Сінтаксічныя амонімы — словы, якія поўнасцю супадаюць гучаннем і на-пісаннем, але адносяцца да розных часцін мовы і, адпаведна, выконваюць у сказе розныя сінтаксічныя функцыі: Добра (прыслоўе) адкармілася мядзведзіца за лета і восень ([[постаці/васіль-вітка|Васіль Вітка]]); Добра (безасабова-прэдыкатыўнае слова) было ў лесе, поўным птушыных галасоў ([[постаці/іван-мележ|Iван Мележ]]).\\ Амафоны (фанетычныя амонімы) — словы, якія гучаць аднолькава, а пішуцца па-рознаму: казка — каска; грыб — грып, Колас — колас.\\ Амографы (графічныя амонімы) — словы, якія пішуцца аднолькава, а вымаўляюцца па-рознаму; к**а**са — кас**а**; гал**і**на — галін**а**.\\ Амаформы (марфалагічныя амонімы) — словы адной (радзей) ці розных (часцей) часцін мовы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем толькі ў асобных граматычных формах: лячу (першая асоба адзіночнага ліку ад дзеясловаў ляцець і лячыць); тры (лічэбнік, дзеяслоў загаднага ладу); вусны (назоўнік і прыметнік).\\ На амонімах будуюцца загадкі, напрыклад: Тры цяляці — колькі ног? (Адказ: Колькі ні тры — застанецца чатыры).\\ Міжмоўныя амонімы — словы і выразы, якія ў зразумелых для чытача мовах(напрыклад, беларускай і рускай, беларускай і польскай, беларускай і ўкраінскай) гучаць аднолькава, але маюць розны сэнс ці стылістычную афарбоўку.\\ Калісьці [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]], гаворачы пра розніцу паміж беларускай і рускай мовамі, падабраў цэлы шэраг такіх слоў-амонімаў (качка — качка, гуляць — гулять, плот — плот і інш.). [[постаці/янка-купала|Янка Купала]] ў [[творы/янка-купала/янка-купала-тутэйшыя|«Тутэйшых»]] польска-беларуска-рускую міжмоўную аманімію (donosiciel — даносчык — доносчик) выкарыстаў дзеля сюжэтнага завастрэння трагікамедыі. Часам выдаюцца слоўнікі міжмоўных амонімаў і [[слоўнік/паронімы|паронімаў]].