Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


постаці:іван-навуменка

Гэта старая версія дакумента!


Іван Навуменка

Іван Навуменка

Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Навуменка 16 лютага 1925 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. Малая радзіма пісьменніка — маляўнічы куток Палесся з лясамі, поўнымі птушыных спеваў, балотамі і палямі. Паўсюль можна было знайсці занятак уражлівай дзіцячай душы. Маленства будучага пісьменніка прыпала на той час, калі на поле выйшлі першыя трактары, а ў небе праляцеў першы самалёт.
Іван Якаўлевіч адносіўся да таго пакалення, чыё юнацтва было апалена вайною. Шаснаццацігадовым юнаком сустрэў вайну будучы пісьменнік. У складаных акупацыйных умовах зблізку пабачыў жахі вайны, рана стаў дарослым, рана спазнаў цану дружбы, даверу, шчасця. У студзені 1942 г. ён становіцца ўдзельнікам камсамольскага падпольнага аб'яднання, затым змагаецца ў партызанскім атрадзе. Іван Якаўлевіч прымаў удзел у вызваленні свайго роднага горада Васілевічы. Праз год, у снежні 1943 г., ён быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, вызваляў Прыбалтыку.
Пазней яго назавуць песняром юнацтва, песняром «семнаццатай вясны», бо ў літаратуру ён прыйдзе са сваім любімым героем, са сваёй тэмай «хлопцаў-равеснікаў», вернасць якой захавае на ўсё сваё літаратурнае жыццё. З усяго напісанага І. Навуменкам самыя сардэчныя, прачулыя старонкі прысвечаны яго аднагодкам, якія вынеслі на сваіх плячах усе выпрабаванні вайны.
«Пісьменнік вяртаецца ў юнацтва раз-пораз, як вяртаюцца ў бацькоўскую хату, да нечага светлага, шчымліва-радаснага, як да гаючай жыватворнай крыніцы, каб не толькі спатоліць прагу чысціні і рамантыкі, але загаіць раны, нанесеныя часам і вайной, даць адпачыць сэрцу ад імклівага бегу дзён і змены падзей, спыніцца, раздумацца, наноў адкрыць агульначалавечыя ісціны, што ёсць дабро, у чым сэнс жыцця, ці заўсёды праўда перамагае, дзеля чаго жывеш, чалавеча, на гэтай ласкавай і грэшнай зямліцы, чаго ты хочаш», — так тлумачыць зварот аўтара да тэмы «хлопцаў-равеснікаў» У. А. Навумовіч.
Калі закончылася вайна, Іван Якаўлевіч вярнуўся на Палессе, працаваў карэспандэнтам у мазырскай газеце «Бальшавік Палесся» і рэспубліканскай газеце «Звязда». Гады вайны і работа ў газеце сталі своеасаблівым «універсітэтам» для будучага пісьменніка, узброілі яго веданнем жыцця.
Пісьменнік скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і аспірантуру пры гэтым жа універсітэце. У той жа ўстанове працаваў выкладчыкам, а пасля ўзначаліў кафедру беларускай літаратуры. З 1973 г. Іван Навуменка прызначаны на пасаду дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Пазней яго абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР. I. Я. Навуменка — доктар філалагічных навук, прафессар, член-карэспандэнт АН БССР.
Памёр Іван Якаўлевіч Навуменка 17 снежня 2006 г.
Свае першыя апавяданні Іван Якаўлевіч Навуменка апублікаваў у 1955 г. у часопісе «Маладосць». Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей "Семнаццатай вясной" (1957 год), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), "Вераніка" (1968), «Тая самая зямля» (1961), «Падарожжа ў юнацтва» (выбранае, 1972), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» (1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989); раманаў "Сасна пры дарозе" (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (раман, аповесць, апавяданні, 1980), «Летуценнік. Смутак белых начэй» (1985), «Асеннія мелодыі» (раман, апавяданні, 1987); аповесці для дзяцей "Вайна каля Цітавай копанкі" (1959), «Капитан Степь идёт в разведку» (з В. Мамантавым, 1982); п'есы «Птушкі між маланак» (1982). выйшаў Збор твораў пісьменніка ў 6 тамах (1981-1984).
Як адзначыў даследчык літаратуры М. І. Мішчанчук: «…Іван Навуменка — рамантык, летуценнік, максімаліст, упэўнены ў тым, што заўсёды павінна перамагаць дабро». I тое пакаленне моладзі, яго равеснікаў, па лёсе якіх прайшлася вайна, якое сталела разам з пісьменнікам, можна назваць пакаленнем патрыётаў-максімалістаў, паколькі ўсё сваё жыццё засталіся яны патрыётамі сваёй зямлі, вайна не прымусіла іх адмовіцца ад веры ў перамогу дабра і справядлівасці, а іх рамантычныя памкненні былі толькі перапынены вайною. Пра гэта пакаленне так сказаў даследчык літаратуры У. А. Навумовіч: «Маладыя людзі не паспелі пажыць як след, а вымушаны былі заяўляць аб сваёй пазіцыі, спрабаваць не толькі ўцалець у ваеннай калатнечы, але яшчэ і праявіць сябе ў адстойванні ўласных прынцыпаў, рабіць выбар у змаганні з ворагам, у сяброўстве, у любові, у каханні, якога ніхто не міне: на ціхага Бог нанясе, а быстры сам наскочыць»(«Эвалюцыя светабачання маладога пакалення ў прозе Івана Навуменкі»).

Падобныя старонкі

  • іван-навуменка/іван-навуменка-вераніка
  • іван-навуменка/іван-навуменка-хлопцы-самай-вялікай-вайн
  • іван-навуменка/іван-навуменка-новая-хата
  • іван-навуменка/іван-навуменка-сасна-пры-дарозе
  • іван-навуменка/іван-навуменка-вайна-каля-цітавай-копанк
постаці/іван-навуменка.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki