~~META: title = Біяграфія Уладзіслава Сыракомлі &keywords = Уладзіслаў, Сыракомля &abstract = Чытаць біяграфію Уладзіслава Сыракомлі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзіслаў Сыракомля ====== {{/images/syrakomlia.jpg?223x350|Уладзіслаў Сыракомля}}1823-1862 \\ Уладзіслаў Сыракомля... Гэта імя ў сярэдзіне XIX ст. было добра вядома ва ўсіх кутках Беларусь Шчыры абаронца простага люду, выдатны паэт, вядомы краязнавец Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя — Людвік Кандратовіч) стаяў у самым цэнтры антыпрыгонніцкага руху. Захоплены глыбокім дэмакратызмам паэзіі Сыракомлі, яе народнасцю, рускі крытык М. Аксакаў назваў яго «сапраўдным народным паэтам, народным гусляром». Высокім тытулам народнага паэта надзяляюць Уладзіслава Сыракомлю ў розныя часы і польскія літаратуразнаўцы.\\ Аднак паўстае пытанне: які народ мае гонар назваць Уладзіслава Сыракомлю сваім песняром.\\ «Я — ліцвін», — казаў неаднаразова паэт і падкрэсліваў, што і яго прапрадзед быў «шчырым ліцвінам». «Літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы» называлі яго ў польскім, рускім і замежным друку». Ды і сам Уладзіслаў Сыракомля прызнаваўся: «Пра адно я толькі спяваю, хоць на розныя ноты: хай жыве наша Літва, хай жывуць ліцвіны!».\\ Літвою для Сыракомлі была Беларусь. Тут (вёска Смольгаў на Любаншчыне) у 1823 годзе нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля, тут — спачатку на Палессі, а потым на Нясвіжчыне і Стаўбцоўшчыне — правёў ён асноўную частку жыцця. Апошнія дзесяць гадоў (1853-1862) Уладзіслаў Сыракомля пражыў у фальварку Барэйкаўшчына, што на дарозе з Вільні да Ашмян. Тут паэт таксама апынуўся сярод беларускага насельніцтва. Інакш кажучы, Ул. Сыракомля, як адзначаў літаратуразнавец А. Брукнер, «сапраўдны пясняр беларускай зямлі, ні ў якім разе не літоўска-жмудскай...».\\ Уладзіслаў Сыракомля пісаў на польскай мове, мове тагачаснага пісьменства і справаводства ў Беларусь Але былі ў яго і вершы на беларускай мове. На жаль, да нас дайшла толькі мізэрная частка беларускай спадчыны вясковага лірніка, як называлі яго сучаснікі, — вершы «[[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-добрыя-весці|Добрыя весці]]» і «[[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-ужо-птушкі-пяюць-ўс|Ужо птушкі пяюць усюды]]»... Але ў сапраўднасці беларускіх вершаў было значна больш. «Калі да нас дайшло так мала беларускіх вершаў Кандратовіча, — слушна заўважае даследчык яго творчасці польскі літаратуразнавец Ф. Беляк, — то вінаваты тут у пэўнай меры ваенныя падзеі, але бясспрэчна, што многія з іх кружылі ў рукапісах. Як вядома, і польскія творы, напрыклад, «Вызваленне сялян», «Авідзій на Палессі», «Сахар-Мароз», хадзілі толькі ў рукапісах. А з беларускім пісьменствам было яшчэ горш, нават не было дазволена друкаваць пераклад «Пана Тадэвуша». Заканспіраваныя беларускія тэксты Кандратовіча жылі, але ва ўмовах тайнай прэсы, што нам сёння перашкаджае па-сапраўднаму ацаніць гэтую надзвычай няпоўную творчасць паэта».\\ Уладзіслаў Сыракомля шырока адчыняў дзверы беларускай моўнай стыхіі і ў сваіх польскіх творах. Але пры друкаванні занадта старанныя рэдактары імкнуліся «падгладзіць», «падшліфаваць» мову паэта. Не пазбегнуў гэтага і найбольш сумленны з іх — складальнік дзесяцітомнага збору твораў паэта ў 1872 г. [[творы/іншае/вінцэсь-каратынскі|Вінцэсь Каратынскі]], які, як зазначыў польскі літаратуразнавец В. Кубацкі, знішчаў «усялякія рэгіянальныя рысы Сыракомлі [[слоўнік/дыялектызм|дыялектызмы]], правінцыялізмы, гвалтоўна падцягваючы крэсавага паэта да агульнапольскай, варшаўскай літаратурнай нормы». Але рэдактарам не заўсёды ўдавалася знішчыць беларускія элементы ў мове паэта, яны і сёння вельмі часта сустракаюцца ў яго творах.\\ Творы Уладзіслава Сыракомлі вельмі шчырыя, лірычныя. Нездарма ж адзін з яго першых вершаў «[[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-паштальён|Паштальён]]» у перакладзе рускага паэта Л. Трэфалева стаў шырокавядомай рускай народнай песняй «Ямщик».\\ У паэзіі вясковага лірніка знайшлі свой адбітак усе бакі жыцця Беларусі напярэдадні скасавання прыгоннага права. Яны нібы вяртаюць нас у той далёкі час.\\ Традыцыі народнасці, якія выдатна праявіліся ў [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля|творчасці Уладзіслава Сыракомлі]], пасля плённа развівалі лепшыя прадстаўнікі новай беларускай літаратуры. Сваю ўдзячнасць Уладзіславу Сыракомлю добра выказаў у прысвечаным яму вершы «Лірнік вясковы» вялікі паэт Беларусі [[постаці/янка-купала|Янка Купала]]: \\ Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,\\ Путы нават змарнеюць у плесні, —\\ Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце,\\ Будуць жыці і лірнікаў песні.\\ Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, —\\ Не забудуцца дум тваіх словы,\\ Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,\\ Не забыўся ты, Лірнік вясковы. \\ К. Цвірка ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-не-я-пяю-народ-божы]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-ужо-птушкі-пяюць-ўс]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-хадыка]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-паштальён]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-добрыя-весці]]