~~META: title = Біяграфія Міхася Лынькова &keywords = Міхась, Лынькоў &abstract = Чытаць біяграфію Міхася Ціханавіча Лынькова &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Лынькоў ====== {{/images/lynkou.jpg?214x350|Міхась Лынькоў}}1899-1975\\ \\ Нарадзіўся Міхась Ціханавіч Лынькоў 30 лістапада (18 лістапада па старым стылі) 1899 г. у вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер — Лёзненскі раён Віцебскай вобласці). Бацькі будучага пісьменніка не мелі дастаткова зямлі, каб пракарміць сям'ю, і таму працавалі на чыгунцы: бацька — рамонтным рабочым, маці — вартаўніцай на пераездзе. Дзяцінства прайшло ў дамах-казармах для чыгуначнікаў і ў будках на перагонах паміж станцыямі.\\ Калі бацька дастаў пасаду пуцявога абходчыка, сям'я пераехала ў будку № 230, што пад Рагачовам, паблізу вёскі Старое Сяло. Адсюль Міхась пайшоў у школу.\\ На вучобу і пражыццё сродкаў не хапала, таму летам працаваў на падсобных чыгуначных работах, даваў прыватныя ўрокі.\\ Скончыўшы школу, вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, скончыў яе ў 1917 г. за месяц перад лютаўскай рэвалюцыяй. Пасля працаваў настаўнікам у Ліпінецкай земскай школе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Як чалавек адукаваны і прыхільны да новых палітычных павеваў прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх важнейшых падзеях мясцовага грамадскага жыцця. У час нямецкай акупацыі меў непасрэднае дачыненне да арганізацыі партызанскага атрада.\\ У 1919-1922 гг. Міхась Лынькоў служыў у Чырвонай Арміі, хадзіў у яе складзе паходам на Варшаву, назіранні з якога сталі змястоўнай асновай некаторых яго пазнейшых твораў. Удзельнічаў у іншых баявых дзеяннях Чырвонай Арміі. У час службы ў арміі памёр бацька Міхася Ціханавіча, а пасля яго звароту з арміі неўзабаве трагічна загінула на чыгунцы маці. На яго руках засталіся два меншыя браты і сястра. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у мястэчку Свержань Рагачоўскага раёна. У гэты час стаў актыўным селькорам, дасылаючы свае допісы ў бабруйскую акруговую газету «Камуніст», і хутка быў запрошаны туды на пастаянную працу. Пераехаў у Бабруйск з братамі і сястрой.\\ Працуючы ў акруговай газеце, Міхась Ціханавіч прайшоў усе ступені прафесійнага журналісцкага ўзвышэння: ад сакратара рэдакцыі да адказнага рэдактара. Ён рабіў вялікія намаганні, каб аб'яднаць вакол газеты таленавітую літаратурную моладзь Бабруйшчыны. Вынікам гэтых намаганняў стала стварэнне бабруйскай філіі «[[слоўнік/маладняк|Маладняка]]», якая стала выдаваць літаратурны [[слоўнік/альманах|альманах]] «Уздым» і штомесячны літаратурны дадатак да газеты «Вясна».\\ З гэтага часу пачынаецца яшчэ больш мэтанакіраваная творчая пісьменніцкая праца Міхася Лынькова. «Праца мая, — згадваў ён, — у якасці рэдактара газеты, удзел у грамадскім жыцці, час-тыя наведванні фабрык, заводаў, вёсак пашыралі мой кругагляд, давалі мне багаты запас назіранняў. Усё гэта дапамагала маёй пісьменніцкай дзейнасці».\\ У 1930 г. Міхась Лынькоў, будучы ўжо шырока вядомым пісьменнікам, пераехаў на сталую працу ў Мінск і быў прызначаны галоўным рэдактарам дзяржаўнага выдавецтва БССР, стаў таксама адным з кіраўнікоў БелАПП (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў). Пасля стварэння адзінага Саюза пісьменнікаў (1934) актыўна ўдзельнічаў у яго дзейнасці. 3 1933 па 1941 год быў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» — да 1932 г. проста «Полымя». У гэтым дробязным факце — перайменаванні часопіса — адчуваецца ўжо ідэалагічная пасуравеласць часу.\\ Пераезд у сталіцу рэспублікі і сталіцу нацыянальнага літаратурнага жыцця безумоўна стаўся важнай вехай у жыццёвым і творчым лёсе Міхася Ціханавіча. Ён апынуўся на самым стрыжні тых інтэлектуальных імкненняў беларускай інтэлігенцыі, якія ў сваім развіцці абяцалі духоўнае адраджэнне народа і культурнае ўзмужненне перадавых сіл усяго савецкага грамадства. Аднак з пачатку 30-х гадоў гэтыя імкненні пачалі не толькі абмяжоўвацца і стрымлівацца, але і адкрыта прыгнятацца органамі бяспекі, якія выдумвалі ілжывыя суровыя абвінавачванні ў адрас амаль усіх беларускіх пісьменнікаў. Цяпер можна толькі здагадвацца, якога дыпламатычнага ўмення і звычайнага жыццёвага спрыту спатрэбілася пісьменніку, каб весці часопіс па, магчыма, самай бяспечнай у той час дарозе, хоць, вядома, без ідэйна-эстэтычных страт ужо нельга было абысціся, пра што сведчыць змест часопіса «Полымя рэвалюцыі» за 30-я гады.\\ У 1934 Міхась Лынькоў выбіраўся дэлегатам на першы Усесаюзны з'езд пісьменнікаў, З 1938 г. узначальвае Саюз пісьменнікаў БССР.\\ Пісьменнік прымаў удзел у паходзе Чырвонай Арміі у Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 г., што адлюстравалася ў яго творчасці. Рэдагаваў вайсковую газету «Беларуская звязда».\\ З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Міхась Лынькоў знаходзіўся ў дзеючай арміі ў якасці работніка друку. Ён рэдагаваў газету «За Савецкую Беларусь», публікаваў [[слоўнік/фельетон|фельетоны]], [[слоўнік/нарыс|нарысы]] і [[слоўнік/артыкул|артыкулы]] ў іншых франтавых выданнях, а таксама ў газетах «Правда», «Известня», «Савецкая Беларусь», у вядомых часопісах «Огонёк» і «Славяне», у многіх альманахах і зборніках ваеннага часу. Пісьменніцкая прафесія аказалася вельмі патрэбнай вайсковай спецыяльнасцю.\\ Газета «За Савецкую Беларусь» пачала выдавацца ў цяжкіх умовах адступлення Чырвонай Арміі, калі членам рэдакцыі разам з рэдактарам даводзілася ратавацца ад частых бамбёжак і вырывацца з акружэння. Пякучым болем жыла ў сэрцы Міхася Ціханавіча трывога за лёс сям'і, якая засталася ў акупаваным Мінску. Хоць некаторыя чуткі спачатку давалі надзею, што жонка і сын жывыя, але надзея не спраўдзілася. Іх расстралялі фашысты.\\ Дэмабілізаваўшыся і вярнуўшыся ў Мінск, Міхась Лынькоў застаецца Старшынёй Саюза пісьменнікаў і шмат увагі аддае наладжванню элементарных жыццёвых умоў для пісьменнікаў у разбураным Мінску. Адначасова некалькі гадоў працуе дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі Навук. У пасляваенныя гады разгортваецца актыўная грамадская дзейнасць пісьменніка. З'яўляецца разам з [[постаці/якуб-колас|Якубам Коласам]] членам камісіі па расследаванню злачынстваў фашысцкіх захопнікаў у Мінску. Удзельнічае ў руху абароны міру. У якасці дыпламата ездзіць у ЗША на паседжанні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Наведвае іншыя краіны.\\ Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Народны пісьменнік БССР з 1962 г.\\ Памёр Міхась Лынькоў 21 верасня 1975 г. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Там стаіць зроблены яму прыгожы помнік, да якога ў юбілейныя дні і цяпер людзі прыносяць кветкі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-салют]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-васількі]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-над-бугам]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-міколка-паравоз]] * [[творы/міхась-лынькоў/маньчжур-аналіз-апавядання]]