Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


постаці:міхась-зарэцкі

Гэта старая версія дакумента!


Міхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі

«Падкрэслена элегантны, акуратны, пачынаючы ад абмотак і канчаючы тугім рамянём і яркімі нашыўкамі на пятліцах гімнасцёркі… Тонкі, высокі і стройны… Гаворыць ён весела, ахвоча слухае чужую гаворку, трохі ўгнуўшы галаву, пільна гледзячы ў вочы, але тут жа паспее павярнуцца, каб з некім павітацца, усміхнуцца яму, кіўнуць галавою.
Стрыманасць і непасрэднасць як бы вечна ваююць у ім. Ваюе і другое: то халодны, то цёплы тон шэрых воч, то строгія, рэзкія лініі поўных губ, то мяккая і даверлівая ўсмешка на іх», — такім убачыў упершыню на з'ездзе «Маладняка» пісьменнік Янка Скрыган Міхася Зарэцкага і так апісаў гэтую сустрэчу пазней у сваіх успамінах.
Зарэцкі прыехаў на з'езд у вайсковай форме, бо быў на той час армейскім палітработнікам. Ён вылучаўся сярод маладнякоўцаў не толькі знешняй прывабнасцю, але і таленавітасцю. З першых апавяданняў, як успамінае Скрыган, ішла за ім слава рамантыка. Гэтая рамантыка акружала і біяграфію празаіка. Жыццёвы і пісьменніцкі шлях Міхася Зарэцкага быў пазначаны бліскучымі ўзлётамі і трагічнымі падзеннямі. Савецкая ўлада, абяцанням якой шчыра даверыўся мастак, жорстка расправілася з ім, як і з большасцю таленавітых беларускіх пісьменнікаў.
Міхась Яфімавіч Касянкоў (такое сапраўднае прозвішча празаіка) нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Зараз гэта Талачынскі раён Віцебскай вобласці. Але дзяцінства яго прайшло на Магілёўшчыне на берагах Дняпра — пад Шкловам у вёсцы Зарэчча (адсюль і псеўданім пісьменніка). Бацька Міхася Касянкова паходзіў з сялян, быў чалавекам веруючым, але крутым і няўжыўчывым, з крытычным стаўленнем да жыцця і асабліва да начальства. Ён аказаў значны ўплыў на фарміраванне светапогляду будучага пісьменніка. Паколькі сам бацька працаваў дыяканам у царкве, першапачатковая адукацыя хлопчыка мела царкоўны ўхіл. Спачатку былі чатыры гады вучобы ў Аршанскім духоўным вучылішчы, а потым яшчэ два — у Магілёўскай духоўнай семінарыі. Гэтая вучоба, як адзначаў пазней Міхась Зарэцкі ў аўтабіяграфіі, дала яму «многа добрых і карысных урокаў», «прывучыла да самастойнага крытычнага мыслення», «развіла інстынкт таварыскасці, імкненне да грамадскасці».
Аднак лёс Міхася Касянкова склаўся не так, як хацелася бацькам. Духоўнае паходжанне і вучоба ў семінарыі пазней значна ўскладнілі жыццё пісьменніка. Падзеі 1917 года змянілі яго жыццёвы шлях, перавярнулі ўяўленні пра свет. У выніку Міхась Касянкоў стаў не шчырым вернікам, а наадварот, як казаў сам, грунтоўным атэістам. У неспакойным 1917 годзе хлопец пакінуў вучобу ў семінарыі і заняўся пошукамі працы. Быў ён і перапісчыкам у паўвайсковай часці, і царкоўным вартаўніком, і настаўнікам пачатковай школы на Магілёўшчыне. Потым стаў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў у Шклове і нават загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай адукацыі. У канцы 1920 года М. Касянкова мабілізавалі ў Чырвоную армію, у якой ён праслужыў да пачатку 1926-га. «Служба ў Чырвонай арміі адыграла, мне здаецца, рашаючую ролю ў канчатковым фармаванні маёй псіхалогіі, садзейнічала канчатковаму засваенню мною ідэй камуністычнай рэвалюцыі і, урэшце, зрабіла мяне камуністам», — падкрэсліваў Зарэцкі.
Ён і сапраўды быў перакананым камуністам, гарачым прыхільнікам бальшавізму і пэўны час, карыстаючыся даверам бальшавіцкіх кіраўнікоў, працаваў у апараце ЦК на пасадзе інструктара аддзела друку. Аднак партыйная работа не стала прызваннем Зарэцкага, яго вабіла літаратура. «Захапленне літаратурнай творчасцю было ў мяне часткай рамантычнага захаплення «беларускасцю», якое заўладала мною, захаплення ідэяй адраджэння беларускай нацыянальнай культуры», — пісаў Міхась Зарэцкі. Гэтае захапленне і стала прычынай яго трагічнай гібелі, калі бальшавікі перайшлі ад часовай падтрымкі беларусізацыі да вынішчэння ўсяго, што было з ёю звязана.
Займацца літаратурнай творчасцю Міхась Зарэцкі пачаў падчас службы ў Чырвонай арміі. Зімою 1921 года папулярная ў тыя гады беларускамоўная газета «Савецкая Беларусь» надрукавала яго апавяданні «Цішка Бабыль» і «У Саўках», якія засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў новы выдатны талент. Міхась Зарэцкі працаваў актыўна і плённа. Першы зборнік яго апавяданняў «У віры жыцця» выйшаў у 1925 годзе. Тады ж з'явіўся і зборнік «Пела вясна». У 1926 годзе былі напісаны ажно тры кнігі Зарэцкага — зборнікі апавяданняў «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» і сатырычная аповесць «Голы звер».
У 1928 годзе выйшаў раман «Сцежкі-дарожкі» і кніга апавяданняў «На чыгунцы». Але якраз у гэтым 1928 годзе Міхась Зарэцкі напісаў нарыс «Падарожжа на новую зямлю», дзе выяўлялася негатыўная сутнасць калектывізацыі, і апублікаваў (разам з А. Александровічам і Алесем Дударом) заяву аб тым, што пакідае вучобу ў Белдзяржуніверсітэце, куды паступіў пасля армейскай службы, з-за непрыхільных адносін у гэтай навучальнай установе да беларускіх пісьменнікаў.
«Ліст трох» (так сёння называецца тая заява) улады абвясцілі нацыяналістычным, а «Падарожжа на новую зямлю» і ўрывак з рамана «Крывічы», надрукаваны ў часопісе «Полымя», пачалі рэзка крытыкаваць у друку. У выніку далейшая публікацыя рамана, у якім пісьменнік абараняў ідэю беларускай бацькаўшчыны, была спынена, а самога аўтара ў снежні 1929 года выключылі з бальшавіцкай партыі. Але фізічная расправа над ім, на шчасце, затрымалася амаль на 8 гадоў.
Да пачатку кастрычніка 1936 года Міхась Зарэцкі працаваў у АН БССР загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. Стараючыся давесці сваю лаяльнасць савецкай уладзе, ён пісаў новыя творы. Стварыў у 1932 годзе раман "Вязьмо", які быў прызнаны лепшым тагачасным творам пра калектывізацыю, але ўратавацца пісьменнік не меў шансаў. 3 кастрычніка 1936 года Міхася Зарэцкага беспадстаўна арыштавалі і праз год 29 кастрычніка 1937 года расстралялі разам з вялікай групай іншых беларускіх пісьменнікаў.

Падобныя старонкі

  • міхась-зарэцкі/міхась-зарэцкі-вязьмо
  • міхась-зарэцкі/міхась-зарэцкі-адна-партыя-ў-шашкі-аналі
  • міхась-зарэцкі/міхась-зарэцкі-адна-партыя-ў-шашкі
  • міхась-зарэцкі/міхась-зарэцкі-кветка-пажоўклая
  • міхась-зарэцкі/цана-жыццё-па-раману-вязьмо
постаці/міхась-зарэцкі.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki