Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


постаці:мялецій-сматрыцкі

Гэта старая версія дакумента!


Мялецій Сматрыцкі

Знакаміты беларуска-ўкраінскі царкоўна-рэлігійны дзеяч, таленавіты пісьменнік-палеміст і філолаг Мялецій (свецкае імя Максім) Сматрыцкі (1577—1633) нарадзіўся ў горадзе Смотрыч на Украіне. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў нямецкіх універсітэтах. Жыў і працаваў у Беларусі, Літве, Украіне. З 1620 г. — архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Да пераходу ў 1627 г. ва унію ў сваіх публіцыстычных творах ён палка абараняў інтарэсы праваслаўнай царквы і яе вернікаў, асуджаў паводзіны беларуска-ўкраінскага духавенства і свецкіх арыстакратаў, якія пакінулі веру продкаў, палітыку каталіцкай царквы і вярхоўных улад Рэчы Паспалітай. Пад канец жыцця Мялецій расчараваўся ў артадаксальным праваслаўі і яго святарах, перагледзеў сваю пазіцыю і адмовіўся ад сваіх ранейшых твораў.
Сярод багатай творчай спадчыны гэтага пладавітага публіцыста вылучаецца «Трэнас, альбо Плач… усходняй царквы…», выдадзены ў 1610 г. у Вільні на польскай мове пад псеўданімам Тэафіла Арталога. У гэтым палемічным творы, напісаным эмацыянальна, пераканаўча, вобразнай моваю, аўтар настолькі смела закранаў самыя балючыя пытанні царкоўна-рэлігійных адносін і становішча праваслаўнай царквы ў дзяржаве, што выклікала вялікі грамадскі рэзананс, а яго выдаўцы нават падвергліся рэпрэсіям з боку афіцыйных улад. З'яўленне «Трэнаса» значна актывізавала царкоўна-рэлігійную палеміку ў краіне.
Мялецій Сматрыцкі — аўтар славутай «Граматыкі славянскай» (1618-1619), якая з'явілася плёнам яго філалагічных намаганняў і выкладчыцкай дзейнасці. Абапіраючыся на папярэднія «Адельфотес» (1591) і «Граматику словенску» Лаўрэнція Зізанія, Сматрыцкі першым у гісторыі славянскага мовазнаўства стварыў поўны, навукова сістэматызаваны курс граматыкі царкоўнаславянскай мовы, выклаўшы яе чатыры асноўныя (як лічылася ў тыя часы) часткі: арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс, прасодыю. У прадмове да «Граматыкі» Сматрыцкі прапануе школьным настаўнікам і найлепшую з яго пункту гледжання методыку навучання царкоўнаславянскай мове. Добрае ж веданне і адпаведную павагу да гэтай мовы Мялецій прама звязвае з узмацненнем рэлігійнай свядомасці, якую кладзе ў аснову культурнай самабытнасці свайго народа. Укладзеная на высокім для свайго часу навуковым узроўні «Граматыка славянская» адыграла важную культурна-асветніцкую ролю ў славянскім свеце, стала ўзорам для сербскай, харвацкай, расійскай, балгарскай граматык.
Да першага, дауніяцкага перыяду творчасці Мялеція Сматрыцкага належыць таксама «Казанне на пахаванне Лявонція Карповіча» — яркі помнік царкоўна-рэлігійнай аратарскай прозы эпохі Барока. Гэтая пахавальная прамова-пропаведзь была напісана аўтарам у канцы 1620 г. да сарачын з дня смерці чалавека, якога ён лічыў сваім духоўным бацькам, і ў тым жа годзе надрукавана ў Вільні.
Пасля кароткага ўступу прамоўца разгортвае перад слухачамі выклад-асэнсаванне антрапалагічных і сатэрыялагічных палажэнняў праваслаўнага веравывучэння наконт спосабаў ці станаў чалавечага жыцця і смерці. Вымалёўваецца не пазбаўленая пэўнай арыгінальнасці схема, дзе «живот прироженья», натуральнае прыроднае быццё чалавека супрацьпастаўлены «смерти прироженья» — аддзяленню душы ад цела, г. зн. натуральнай фізічнай смерці; «живот ласки» тлумачыцца як паяднанне чалавека з Богам, чаму супрацьстаіць «смерть греха» — адпадзенне ад Бога; «животу славы» — вечнаму жыццю ў раі — супрацьпастаўлена «смерть геенны» — вечныя пякельныя пакуты; «живот смыслов» як пачуццёва-эмацыянальны стан жыцця адмаўляецца «смертью цноты» — вызваленнем ад цялесных прыхільнасцей і страсцей, што максімальна ўвасабляецца ў манаскім быцці; а «живот житейский» — свецкае быццё ёсць антыподам «смерти изступленья», г. зн. самавырачэння, адмаўлення ад уласнага «я». Зыходзячы з гэтай схемы, М. Сматрыцкі і характарызуе асобу Лявонція Карповіча як выдатнага царкоўна-рэлігійнага дзеяча, чалавека выключных духоўных якасцей, «святога мужа».

Падобныя старонкі

постаці/мялецій-сматрыцкі.1755964407.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki