Гэта старая версія дакумента!
Максім Гарэцкі
Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся на Магілёўшчыне 18 лютага 1893 г. у невялічкай беларускай вёсачцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне ў мнагадзетнай сям’і селяніна Івана Гарэцкага. Бацька служыў панам, маці не цуралася любой вясковай работы.
Максім Гарэцкі закончыў пачатковую школу граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, царкоўна-прыходскую ў Вольшы. Увосень 1908 г. прыехаў у Горкі, а праз год, пасля занятак з рэпетытарам, паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, хаця конкурс быў велізарны: толькі 25 месцаў пры 400 заявах.
Захапленне творчасцю беларускіх дэмакратычных пісьменнікаў ХІХ-ХХ ст. з цягам часу разбудзіла ў юнака прагу да самастойнай літаратурнай працы, якая пачалася з невялікіх нататак, допісаў, а потым фельетонаў, што друкаваліся на старонках «Нашай нівы» за подпісамі «М.Б.», «Беларус», «М. Беларус». У Горках у канцы 1912 г. М. Гарэцкі напісаў сваё першае апавяданне «У лазні», якое было надрукавана 26 студзеня 1913 г. у газеце «Наша ніва» пад псеўданімам «Максім Беларус». Пад тым жа псеўданімам у гады вучобы ён надрукаваў шэраг нататкаў, апавяданне «Стогны душы», драматычны абразок «Атрута». Поўнасцю сваё сапраўднае прозвішча аўтар паставіў толькі на кнізе «Рунь», якая была выдадзена ў 1914 годзе.
Улетку 1913 г. Максім Гарэцкі закончыў навучанне ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, атрымаўшы званне прыватнага каморніка-агранома, і паехаў на службу ў Віленскую губерню. У гэты пэрыяд ён напісаў: драматычную аповесць «Антон», у якой адным з першых у нацыянальнай літаратуры расказаў жорсткую праўду пра беларуса — нашага земляка ў штодзённым быцці, а таксама артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі», у якіх выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатра.
У ліпені 1914 года Максім Гарэцкі быў залічаны салдатам у армію і адразу трапіў на фронт – разведчыкам і сувязістам артылерыйскай батарэі, быў цяжка паранены, затым лячыўся, вучыўся ў ваенным вучылішчы, зноў быў на фронце, хварэў. У арміі прабыў да 1917 года.
Франтавыя ўражанні і назіранні пісьменнік пазней выкарыстаў для напісання дакумэнтальна-мастацкай аповесці «На імперыялістычнай вайне». Шчырасць і праўдзівасць, уменне паказаць страшны твар праклятай вайны, яе ніколькі не прыфарбаванае, сурова-жудаснае аблічча — вось галоўныя вартасці гэтай кнігі.
Кастрычніцкую рэвалюцыю Максім Гарэцкі сустрэў у Смаленску, дзе працаваў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага гарадскога Савета, шмат пісаў, друкаваўся ў газетах «Известия Смоленского Совета», «Дзянніца», «Вольная Беларусь». Разам з братам Гаўрылам выдаў «Руска-беларускі слоўнік» (1918) — першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самаго пісьменніка ў галіне лексікаграфіі.
У жніўні 1918 г. працаваў у газеце «Звязда», рэдакцыя якой спачатку пераехала ў Мінск, а потым, у сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, у Вільню. Тут ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, у Віленскай беларускай гімназіі, працаваў рэдактарам-выдаўцом газеты «Беларускія ведамасці». У 1920-1921 гг. выйшлі першае і другое выданне «Гісторыі беларускай літаратуры», якое ў скарочаным выглядзе друкавалася і на польскай мове, у 1922 г. — «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. ХІ век – 1905 год», дзе змешчаны яго пераклад «Слова об полку Игореве», прызнаны лепшым перакладам літаратурнага помніка на славянскія мовы.
У 1919 г. Максім Гарэцкі ўзяў шлюб з Леанілай Чарняўскай — настаўніцай малодшых класаў Віленскай беларускай гімназіі. У іх нарадзілася дачка Галіна (1921), сын Леанід (1922), які загінуў у няпоўных 22 гады на фронце 18 лютага 1944 г. — у дзень нараджэння бацькі. На жаль, далейшы прамы працяг радаводу Максіма Гарэцкага абарваўся.
У студзені 1922 г. польскія ўлады арыштавалі Гарэцкага і пасадзілі ў адзіночную камеру ў Лукішкі, прад’явіўшы абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе», за што польскім заканадаўствам прадугледжваўся смяротны прысуд ці катарга. Суд не адбыўся, а пісьменнік, па яго словах, «са здзекам быў выкінуты з Вільні…».
У 1923 г. разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Знаходзячыся ў савецкай Беларусі, выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным і грамадскім жыцці. У студзені 1925 г. быў зацверджаны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры.
З 1 лютага 1926 года пачаў працаваць дацэнтам, а потым і загадчыкам кафедры беларусазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
У горацкі перыяд рупліва збіраў матэрыялы да «Камароўскай хронікі», у якой адлюстраваў лёс беларусаў ад часоў прыгону да савецкай рэчаіснасці. Займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: пераклаў «Разгром» А. Фадзеева, горкаўскія апавяданні «Канавалаў», «Чалкаш», «Камісараў» Ю. Лебядзінскага і інш.
У 1930 г. арыштаваны ў Мінску на падставе несправядлівага абвінавачання ў «контррэвалюцыйнай» дзейнасці. 10 красавіка 1931 г. Максіма Гарэцкага прыгаварылі да 5 гадоў высылкі ў Вятку (цяпер г. Кіраў). Але і ў турме ў Мінску, і потым у ссылцы ён не пакідаў пісаць: скончыў «Віленскіх камунараў», значна папрацаваў над «Камароўскай хронікай».
Пасля адбыцця тэрміну пакарання разам з сям’ёй жыў у п. Пясочная Кіраўскай вобласці, выкладаў рускую літаратуру і мову. У сваім апошнім незавершаным творы «Скарбы жыцця» пісьменнік паказаў трагізм становішча мастака ў таталітарнай дзяржаве.
У ноч з 3 на 4 лістапада 1937 г. яго арыштавалі, 21 снежня перавялі ў Вязьму. Праз 15 дзён, 5 студзеня 1938 г., адбылося пасяджэнне «тройкі» Кіраўскага аддзялення НКУС, якое пастанавіла «Горецкого Максима Ивановича расстрелять».
Потым яго сям'я атрымала паведамленне, што Максім Гарэцкі памёр 20 мая 1939 г. у Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10 лютага 1938 г. у 15 гадзін у Вязьме… Да 45-годдзя заставалася 8 дзён.
Імя Гарэцкага разам з імёнамі іншых беспадстаўна абвінавачаных пісьменнікаў было выкраслена з гісторыі літаратуры, а яго творы, пахаваныя ў архіўных сховішчах.
Пасля доўгіх гадоў забыцця вярнулася да чытача, да беларускай культуры і навукі імя і творы Максім Гарэцкага. З’явіліся літаратуразнаўчыя манаграфіі, артыкулы, успаміны.
У 1993 г. па рашэнні сусветна вядомай арганізацыі ЮНЭСКА святкавалася стагоддзе з дня нараджэння нашага славутага земляка. Рэгулярна праводзяцца Гарэцкія чытанні — у Горках, Магілёве і Мінску. Імя пісьменніка ўшанавана ў назвах вуліц, устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі, працуе музей-сядзіба ў Малой Багацькаўцы.
Па словах народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, «…мы можам і павінны ганарыцца, што Максім Гарэцкі з’яўляецца ў нашай культуры постаццю еўрапейскай вышыні».
Крыніцы:
Гарэцкі Максім // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія. У 2 кн. Кн. 1. / укладальнікі: С. А. Курбанава [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2011. — С. 626 : фота.
Гарэцкі, Р. Ахвярую сваім «я» … (Максім і Гаўрыла Гарэцкія) / Р. Гарэцкі. — Мінск : Беларуская навука, 1998. — 287 с. : іл.
Грышкевіч, В. М. Гарэцкі Максім / В. М. Грышкевіч // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік. У 3 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; Беларуская энцыклапедыя ; рэдкалегія: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 148-155.
Падобныя старонкі
- максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-рускі
- максім-гарэцкі/апавяданні-максіма-гарэцкага-ранняга-пер
- максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-роднае-карэнне
- максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-літоўскі-хутарок-гдз
- максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-роднае-карэнне-гдз
