~~META: title = Біяграфія Канстанціна Вераніцына &keywords = Канстанцін, Вераніцын &abstract = Чытаць біяграфію Канстанціна Вераніцына &iftrue = nan ~~ ====== Канстанцін Вераніцын ====== Гэтак жа, як і аўтара «[[творы/іншае/вікенцій-равінскі-энеіда-навыварат|Энеіды навыварат]]», у лона нашай літаратуры вярнуў імя Канстанціна Вераніцына (1834-1904) нястомны даследчык-літаратуразнавец Генадзь Кісялёў, пра што захапляльна і вельмі пераканаўча расказаў ён у сваёй таленавітай кнізе «Пошукі імя», а потым у дапоўненым выданні — «Расшукваецца класік». Там жа падаў ён і асноўныя звесткі з біяграфіі паэта.\\ Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын 1 чэрвеня 1834 г. у вёсцы Астраўляны Віцебскага павета. Паходзіў з прыгонных сялян ліберальнага пана Бондырава. Сапраўднае яго прозвішча — Васільеў. Сыну прыгоннага селяніна ўдалося паступіць у Гарадокскае парафіяльнае вучылішча, якое ён скончыў у 1844 г. Праз год Кастусь Васільеў — ці не за свае здольнасці да навук? — атрымлівае вольную, што дае яму магчымасць запісацца на вучобу ў Віцебскую губернскую гімназію. У 1851 г. яго прылучаюць да мяшчан мястэчка Гарадок. У гэты час ён і выбірае сабе новае прозвішча — Вераніцын. У 1852 г., не паспеўшы скончыць гімназію, прагны да вучобы юнак паступае ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, дзе вучыліся, дарэчы, шмат разначынцаў. Праўда, праз два гады ўпартага беларуса выключаюць за нешта з акадэміі. Хлопец вяртаецца ў Беларусь і як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступае ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, адразу на трэці курс. У 1859 г. ён абараняе дысертацыю «Пра беларускую гаспадарку» і атрымлівае званне агранома (кандыдата агранаміі). Потым Канстанцін Вераніцын служыў аканомам у нейкім маёнтку. 3 1863 г. зноў жыве ў Пецярбургу, служыць у розных установах. Праз дзесяць з лішнім гадоў ён вяртаецца на радзіму, дзе ў 1874-1879 гг. працуе выкладчыкам геаграфіі, прыродазнаўства і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У 1880 г. Вераніцын зноў апынуўся ў Пецярбургу, дзе пасяляецца назаўсёды, не забываючы наведвацца ў родную Беларусь. У Пецярбургу служыў чыноўнікам Міністэрства шляхоў зносін. У 1890 г. у чыне стацкага саветніка выходзіць у адстаўку. Як мяркуе Г. Кісялёў, там жа Канстанцін Вераніцын і памёр недзе каля 1904 г.\\ Яшчэ нядаўна «ананімная» паэма «[[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-тарас-на-парнасе|Тарас на Парнасе]]», якая належыць, як вельмі пераканаўча даводзіць Г. Кісялёў, пяру Канстанціна Вераніцына, стала класічным творам беларускай літаратуры. Яна была шырока распаўсюджана ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, часта перапісвалася, хадзіла з рук у рукі па ўсёй Беларусі. У ёй выдатна праявіўся дэмакратызм аўтара, глыбокая павага да свайго беларускага народа. Напісана паэма пяром сапраўднага майстра, з добрым народным гумарам. Вельмі доказна паказаў той жа Г. Кісялёў, што К. Вераніцын з’яўляецца аўтарам і другой, надзвычай цікавай беларускай паэмы «[[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-два-д-яблы|Два д’яблы]]», знойдзенай зусім нядаўна В. Скалабанам у рукапіснай [[слоўнік/хрэстаматыя|хрэстаматыі]] [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/аляксандр-рыпінскі|Аляксандра Рыпінскага]].\\ \\ К. Цвірка\\ \\ Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[аналіз-і-крытыка/вобраз-палясоўшчыка-тараса-ў-паэме-тарас]] * [[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-тарас-на-парнасе]] * [[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-два-д-яблы]]