~~META: title = Біяграфія Аркадзя Куляшова &keywords = Куляшоў, біяграфія &abstract = Чытаць біяграфію Аркадзя Куляшова &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў ====== {{/images/kuliashou.jpg?250x404|Аркадзь Куляшоў}} Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 24 студзеня 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Паэт пазней так апісаў гэты час у вершы "Маё пасведчанне": Дадзена мне самому\\ Ў тым, што нарадзіўся ў год вайны.\\ Нянек не было ў мяне, вядома,\\ Песень не спявалі мне яны.\\ Думала вайна, як кананадай\\ Лепей ёй мяне закалыхаць:\\ Клапацілася, як лепш блакадай\\ Рукі мне і ногі спелянаць. \\ Яго бацькі былі вясковымі настаўнікамі. Бацька, Аляксандр Мікалаевіч, у маладосці некаторы час жыў у Маскве, дзе спяваў у народнай оперы. Спяваць любіла і маці — Кацярына Фамінічна. Іх схільнасць да музыкі перадалася і сыну Аркадзю, што паўплывала на станаўленне яго як паэта. З 1921 года Аркадзь вучыцца ў Саматэвіцкай сямігодцы. "Цікавіцца вершамі і спрабаваць пісаць іх сам пачаў з сямі год, а ў 1928 годзе ў клімавіцкай газеце "Наш працаўнік" быў надрукаваны мой першы верш на беларускай мове", — успамінаў паэт у сваёй [[слоўнік/аўтабіяграфія|аўтабіяграфіі]].\\ У тым жа 1928 годзе вядучы літаратурны часопіс Беларусі "Полымя" надрукаваў яго верш "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-бывай|Бывай...]]", першы варыянт вядомай песні "Алеся" на музыку І. Лучанка, якая набыла шырокую папулярнасць, дзякуючы выкананню "Песняроў". Верш быў прысвечаны Алесі Карыткінай, першаму юнацкаму каханню Аркадзя Куляшова. У аўтабіяграфічнай паэме "Далёка да акіяна" паэт прыгадвае, як у трынаццаць гадоў пасля разводу бацькоў ён застаўся з цёткай гаспадарыць у пустой хаце і як яны — восем сяброў-хлопцаў і адна старэйшая на клас дзяўчынка — арганізавалі там нешта накшталт камуны. Дзяўчынку Аляксандру называлі Князёўнай за прыгажосць і за тое, што паходзіла з вёскі Князі. "Я — Алесяй зваў", — піша паэт. Пройдуць гады, але вобраз Алесі будзе спадарожнічаць усёй творчасці Аркадзя Куляшова.\\ У 1928 годзе Аркадзь Куляшоў паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, дзе ў той час вучыліся таленавітыя паэты-[[слоўнік/маладняк|маладнякоўцы]] Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін, якія сталі яго блізкімі сябрамі. "У тыя гады Мсціслаў быў своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол студыі "Маладняка" — самай масавай тагачаснай літаратурнай арганізацыі ў Беларусі. Творчая дружба з больш вопытнымі таварышамі станоўча ўплывала на далейшае развіццё маіх паэтычных здольнасцей", — адзначаў паэт.\\ У 1930 годзе Аркадзь Куляшоў пераехаў у Мінск, дзе працягваў вучобу на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута. I ў гэтым жа годзе выходзіць першы зборнік вершаў маладога паэта "Росквіт зямлі". Узяўшы імклівы старт, [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам|паэзія Аркадзя Куляшова]] набірала разгон: ён выдае новыя паэтычныя кнігі, стварае паэмы. У 1938 годзе была надрукавана нізка вершаў пад назвай "Юнацкі свет", куды ўвайшлі невялікая песня-паэма "У зялёнай дубраве", вершы "Воблака", "Ранак", "Млын", "На сотай вярсце", "Магілёўская хмарка", "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-плыла-цалавалася-хмара-з|Плыла, цалавалася хмара з зямлёй]]", "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-мая-бесядзь|Мая Бесядзь]]" і іншыя творы, у якіх малады паэт, паводле сцвярджэння крытыкі, нарэшце, знайшоў свой уласны голас.\\ У гэтым цыкле выявілася ўзбагачэнне мастакоўскай палітры Аркадзя Куляшова: узніклі характэрныя і для яго пазнейшай творчасці размоўныя інтанацыі, лірычнае хваляванне падсвечваецца добрай усмешкай. Змяняецца і жанравая структура верша: паэт звяртаецца да дзённікава-нарысавай формы, сумяшчае пейзаж і побытавыя сцэны, ужывае сродкі публіцыстычнага выказвання. Сам Аркадзь Куляшоў прад'яўляе да сябе высокія патрабаванні, ён адчувае, што яго паэтычнаму стылю не хапае натуральнасці і прастаты.\\ "Разумею, што лепш за ўсё звярнуцца да народнай песні, да [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]], да Якуба Коласа", — адзначае ён у аўтабіяграфіі. Пад уплывам такой самападрыхтоўкі стыль паэта набывае гарманічнасць, зладжанасць, і асабліва вялікая роля належыць у гэтым вуснай народнай творчасці, якую Аркадзь Куляшоў шырока выкарыстаў у даваеннай паэме "У зялёнай дубраве", а потым падчас вайны ў паэмах [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-сцяг-брыгады|"Сцяг брыгады"]] і [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-прыгоды-цымбал|"Прыгоды цымбал"]], а таксама ў лірычных вершах-баладах.\\ Вайна застала Аркадзя Куляшова ў чарговым адпачынку на радзіме, на Хоцімшчыне. Калі ён вярнуўся ў Мінск, сям'і там не застаў, і 24 чэрвеня 1941 года паэт пакінуў ахоплены пажарам горад: Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,\\ Родны Мінск я пакінуў нямецкай бамбёжкаю гнаны. \\ Так апісаў ён свой ад'езд у паэме "Сцяг брыгады". Аркадзя Куляшова накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 года ён працаваў у армейскай газеце "Знамя Советов". Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычныя творы пра байца Аляксея Пятрова. Пісаў ён іх на рускай мове. Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі Аркадзь Куляшоў працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. Самым вядомым творам паэта часоў вайны стала [[слоўнік/ліра-эпічныя-жанры|ліра-эпічная]] паэма "Сцяг брыгады", галоўны герой якой Алесь Рыбка, вобраз у многім аўтабіяграфічны. Твор гэты амаль адразу пасля напісання быў перакладзены на рускую мову.\\ Бацькі ж паэта падчас акупацыі знаходзіліся ў мястэчку Хоцімск. Бацька Аркадзя Куляшова вымушаны быў на працягу шасці тыдняў працаваць у камендатуры, куды яго завочна выбралі жыхары мястэчка. Пазней яго арыштавала гестапа і вывезла ў канцлагер у Германію. У тагачаснай палітычнай атмасферы беззаконня і рэпрэсій гэтыя факты клаліся чорнай плямай на біяграфію самога паэта, рабілі яго асабісты і творчы лёс нестабільным, пагражалі небяспекай арышту і пераследу. Таму ў пасляваенныя гады, працуючы рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва" (1945-1946) і на кінастудыі "Беларусьфільм" (1958-1967), Аркадзь Куляшоў і ў жыцці, і ў творчасці вымушаны быў няспынна дэманстраваць сваю адданасць уладзе і яе ідэалогіі. Значнымі паэтычнымі дасягненнямі ў гэты час сталі цыкл вершаў "З новай кнігі", паэмы [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях|"Варшаўскі шлях"]], "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус|Хамуціус]]".\\ Памёр Аркадзь Куляшоў раптоўна 4 лютага 1978 года, знаходзячыся на адпачынку ў Нясвіжы. Напярэдадні сваёй смерці, 3 лютага, ён напісаў наступныя радкі пра неабходнасць творчых падрахункаў, шчырай споведзі: А каб жа, каб па волі ўласнай,\\ Уладарнай сілаю рукі,\\ Мог сцерці ты, як з дошкі класнай,\\ Сваіх памылак груз цяжкі:\\ \\ Пакуты, горыч, што не могуць\\ Цябе пакінуць на зямлі,\\ Што не самохаць і самохаць\\ На плечы некалі ляглі.\\ Такія філасофска-спавядальныя інтанацыі былі ўласцівыя ўсёй творчасці Аркадзя Куляшова пасляваеннага перыяду. Расказваючы пра свой час і пра сябе, падводзячы рахункі на парозе вечнасці, паэт імкнуўся быць шчырым і паслядоўным. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-цунамі]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус]]