~~META: title = Анатоль Вольны &keywords = Анатоль, Вольны &abstract = Кароткі агляд біяграфіі і творчасці Анатоля Вольнага &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вольны ====== {{/images/volny.jpg?200x317|Анатоль Вольны}} Паэт, празаік, кінадраматург Анатоль Вольны (сапраўднае імя Ажгірэй Анатоль Усцінавіч) нарадзіўся 19 лістапада (2 снежня) 1902 года ў сям’і служачых у Пухавічах Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). Пасля заканчэння Ігуменскай гімназіі служыў у Чырвонай Арміі (1920-1921), затым працаваў у ЦК камсамола, карэспандэнтам газеты «Малады араты», вучыўся ў БДУ.\\ У літаратуру Анатоль Вольны прыйшоў у 1922 годзе і адразу стаў актыўным удзельнікам літаратурна-грамадскага руху, сябрам літаратурнага аб’яднання «[[слоўнік/маладняк|Маладняк]]» (1923). Непасрэдны ўплыў на творчасць А. Вольнага, як і на іншых маладых паэтаў, аказаў [[постаці/міхась-чарот|Міхась Чарот]], які быў арганізатарам, кіраўніком «Маладняка», папулярным на той час пісьменнікам. Усе маладыя аўтары ў 20-я гады былі захоплены новымі павевамі ў жыцці, жылі спадзяваннямі, верылі ў светлую будучыню Беларусі. Анатоль Вольны шмат у гэты час піша карэспандэнцый, нарысаў пра моладзь, вёску, цэлыя цыклы вершаў, прысвечаныя розным чырвоным датам, камсамолу, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Выходзяць яго зборнікі вершаў «Камсамольская нота» (1924, разам з А. Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1926), «Табе» (1927). У 1925 годзе былі напісаны паэмы «Беларуская камсамолія», «Кастусь Каліноўскі», «Сінія кветкі».\\ У сярэдзіне 1920-х гадоў А. Вольны пераходзіць на прозу. У 1925 годзе разам з А. Александровічам і Алесем Дударом ён выдаў прыгодніцкі раман «Ваўчаняты». З-пад яго пяра выйшлі таксама аповесці «Два» і «Антон Савіцкі».\\ Проза А. Вольнага, хоць і была шмат у чым схематычная і дэкларатыўная, аднак узбагачала вобразна арсенал беларускай літаратуры, паказвала людзей новай эпохі, змагароў за вольную Беларусь. Пад псеўданімам Алёша выдаў кнігі «Зборнік фельетонаў», «Суседзі». А. Вольны пісаў таксама апавяданні, [[слоўнік/нарыс|нарысы]], замалёўкі, [[слоўнік/пародыя|пародыі]]. Напісаў шэраг «літаратурных сілуэтаў» (Міхась Чарот, А. Александровіч, [[постаці/алесь-дудар|Алесь Дудар]], [[постаці/міхась-зарэцкі|Міхась Зарэцкі]], [[постаці/міхась-лынькоў|Міхась Лынькоў]], [[постаці/пятрусь-броўка|Пятрусь Броўка]], [[постаці/максім-лужанін|Максім Лужанін]], [[постаці/тодар-кляшторны|Тодар Кляшторны]], [[постаці/уладзіслаў-галубок|Уладзіслаў Галубок]]), гумарэсак на Рыгора Мурашку, С. Баранавых, А. Александровіча, Р. Кобеца, В. Сташэўскага. Спрабаваў сваё пяро і ў жанры драматургіі, пісаў драматычныя сцэнкі, драматычныя агітжарты («Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома», «Гумарысты з Магілёва», «Ход канём» і інш.), п’есы (камедыя «Ратуй, божа» разам з Р. Кобецам).\\ Вядомы і сцэнарыі Анатоля Вольнага, па якіх былі пастаўлены фільмы «Хвоі гавораць» (1929, разам з К. Дзяржавіным), «Атэль «Савой» (1930), «У агні народжаныя» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935), кінааповесць «Шасцідзесятая паралель» (1935). У 1935 годзе А. Вольнаму было прысуджана званне «Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі».\\ Нягледзячы на тое, што заслугі А. Вольнага перад савецкім мастацтвам былі высока ацэнены дзяржавай, а творчасць была авеяна пафасна-патрыятычнымі адносінамі да тагачаснай рэчаіснасці, таленавіты пісьменнік не пазбег трагічнага канца. 4 лістапада ён быў арыштаваны органамі НКУС і 29 кастрычніка 1937 года **расстраляны** на 35-м годзе жыцця.\\ Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3.12.1957. Асабовая справа № 11054-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. \\ Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура). ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/вольны-верш]]