~~META: title = Біяграфія Алеся Салаўя &keywords = Алесь, Салавей, біяграфія &abstract = Чытаць біяграфію беларускага паэта Алеся Салаўя (Альфрэд Васільевіч Радзюк) &iftrue = nan ~~ ====== Алесь Салавей ====== {{/images/salavej.jpg?208x350|Алесь Салавей}} Алесь Салавей (сапраўднае імя Альфрэд Васільевіч Радзюк) нарадзіўся ў 1922 г. у пасёлку Крысава, каля Койданава. Гэта чалавек, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю нашай літаратуры, прысвяціўшы свае шчымліва кранальныя вершы Бацькаўшчыне-Беларусі.\\ Алесь Салавей вымушаны быў пакінуць Радзіму. Пасталенне, узмужнеласць яго паэтычнага таленту прыйшліся на 30-40-я гг. — цяжкія гады сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны. Усё спачатку пачыналася для юнака нядрэнна. Ён выхоўваўся ў добрай сям'і. Бацька выбіўся ў людзі, дзякуючы ўласнай настойлівасці, скончыў Сельскагаспадарчы інстытут і працаваў у гарадках вакол Мінска.\\ Вершы Альфрэд пачаў складаць вельмі рана, і першымі добразычлівымі слухачамі былі бацькі. У Койданаве Альфрэд вучыўся ў сярэдняй школе разам з вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам, друкаваў свае вершы ў раённай газеце, выступаў з імі на вечарах. Раннія вершы Альфрэда Радзюка — гэта захапленне родным краем, прыгажосцю беларускай прыроды, тымі крыніцамі, якія натхнялі яго талент. Вершы 15-гадовага паэта пачалі публікавацца ў рэспубліканскіх газетах і часопісах.\\ Але ішоў 1937 год. Ноччу на вачах у дзяцей былі арыштаваны бацька і маці, якіх Альфрэд больш ніколі не пабачыў. Хлопец вымушаны быў шукаць нейкіх заробкаў, цяжка працаваў на разгрузцы вагонаў, на торфараспрацоўках і вывазцы лесу. Але не губляў надзеі вучыцца далей і ў 1938 г. паступіў у Мінскі педтэхнікум, дзе змог працягнуць толькі два гады. Па ўспамінах, Альфрэду Радзюку проста не было на што жыць, быў адным з самых бедных студэнтаў у тэхнікуме. І зноў ён вымушаны быў шукаць працы. Але, нягледзячы на цяжкія ўмовы, не пераставаў пісаць вершы, у іх ён спатольваў свае душэўныя перажыванні. Гэта было адзінае, што выратоўвала яго ад цяжкага, пакутлівага існавання. У перадваенны перыяд ён шмат чытаў з класічнай літаратуры, захапляўся [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-|творчасцю Янкі Купалы]] і [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча|Максіма Багдановіча]], пачаў асвойваць класічныя формы верша: [[слоўнік/санет|санеты]], [[слоўнік/актава|актавы]], [[слоўнік/трыялет|трыялеты]], [[слоўнік/рандо|рандо]].\\ Аднак бясконцыя матэрыяльныя нястачы, цяжкае сірочае існаванне аддалялі яго ад кола сяброў, ён адчуваў самоту, неўладкаванасць, бесперспектыўнасць жыцця, і толькі на прыродзе, на берагах Гайны адчуваў сябе раскаваным і вольным.\\ З пачаткам вайны ён пераязджае ў Мінск, і пры дапамозе беларускага паэта Уладзіміра Дудзіцкага ўладкоўваецца ў рэдакцыю "Беларускай газэты", дзе працавала і [[постаці/наталля-арсеннева|Наталля Арсеннева]], напярэдадні вайны вернутая з казахстанскай ссылкі разам з двума сынамі.\\ На старонках "Беларускай газэты" пачалі друкавацца матэрыялы з беларускай гісторыі. Тут упершыню Альфрэд прачытаў "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" У. Ігнатоўскага, спасцігаў прыгажосць роднай мовы. У "Беларускай газэце", "Голасе вёскі" пачалі друкавацца новыя вершы Альфрэда Радзюка, і ў 1942 г. упершыню ён стаў падпісвацца [[слоўнік/псеўданім|псеўданімам]] "Алесь Салавей". Той жа цяжкі галодны і халодны лёс выганяе Алеся Салаўя з ваеннага Мінска спачатку ў мястэчка Ілля, а пазней у Рыгу, дзе выдаваўся беларускі часопіс "Новы шлях", рэдактарам якога быў Уладзімір Сядура, вядомы беларускі крытык і празаік. Алесь Салавей стаў намеснікам рэдактара, шмат пісаў. У Рызе выйшаў першы паэтычны зборнік Алеся Салаўя "Мае песьні", які меў падзагаловак "Зборнік лірыкі думкі". Тут напісана першая яго вялікая паэма "На хуткіх крыллях вольнага Пэгаса", напісаная санетнай страфою.\\ У 1944 г. Алесь назаўсёды пакінуў свой край, пайшоў у выгнанне. Апынуўся спачатку ў Беластоку, дзе адбылося знаёмства з Ільяшэвічам, Сяднёвым, потым у Берліне, у Празе сустракаўся з [[постаці/ларыса-геніюш|Ларысай Геніюш]] і некалькі гадоў жыў у лагеры перамешчаных асобаў у Зальцбургу (Аўстрыя). Цяжка перажываў расстанне з Радзімай, з роднымі людзьмі. Трэба было змірыцца з думкай, што непатрэбны ён свайму дому, і ў вершах застаецца толькі сцішаная канстатацыя.\\ У Зальцбургу Салавей ажаніўся з Зінаідай Кадняк, з якой пазнаёміўся ў Берліне. Матэрыяльна жылося цяжка, але па-ранейшаму ён знаходзіў паратунак у вершах, задумаў напісаць раман "Пад нагамі гарыць зямля" — пра падзеі на Беларусі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі да Другой сусветнай вайны і ў вайну. Другая частка — жыццё на чужыне. Збіраў матэрыял, нягледзячы на тое, што даводзілася цяжка фізічна працаваць, каб утрымліваць сям'ю, думаць аб хлебе надзённым. У Зальцбургу, у лагерах дэпартаваных, жылі пераважна ўкраінцы. Алесь Салавей, засвоіўшы ўкраінскую мову, часта выступаў з вершамі, пасябраваў з украінскімі паэтамі Аляксандравым і Кучурыўскім, займаўся перакладамі.\\ Але найперш зальцбургскі перыяд незвычайна плённы ў паэтычных адносінах. Алесь Салавей працягваў пісаць вершы класічнай формы, а таксама вершы-мініяцюры, першыя з якіх — "Вянкі" — з'явіліся ў друку ў 1948 г., як і паэма "[[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-домік-у-менску|Домік у Менску]]", пачатая яшчэ ў 1944 г. У Зальцбургу была напісана і другая паэма Алеся Салаўя "[[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-звіняць-званы-святой-сафіі|Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі]]", прысвечаная Юрку Віцьбічу, а таксама паэма "[[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-сын|Сын]]" (надрукаваныя ў 1949 г.). У Зальцбургу выйшаў другі зборнік паэзіі Алеся Салаўя "Сіла гневу" (1948), дзе сабраны вершы цэлага дзесяцігоддзя. Гэта быў апошні зборнік, выдадзены пры жыцці паэта. У ім шмат вершаў, прысвечаных Радзіме.\\ У сваіх зборніках Алесь Салавей шмат вершаў прысвяціў беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, [[творы/іншае/францыск-скарына|Францыску Скарыне]], [[творы/іншае/сымон-будны|Сымону Буднаму]], Васілю Цяпінскаму, Максіму Багдановічу, уславіў мясціны, дзе яму давялося жыць ці пабываць (Менск, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Койданава), апяваў красу беларускай прыроды і заўсёды выказваў гарачую любоў і вернасць Бацькаўшчыне, свайму народу.\\ У Зальцбургу Алесь Салавей аддаваў шмат часу выданню часопісаў "З беларускага жыцьця", "Пагоня", вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне. Давялося ехаць у далёкую Аўстралію і там уладкоўваць побыт сям'і. Мала пісаў ён там вершаў: жыццё на чужыне было нялёгкім. Ішлі гады. Ён сачыў, чым і як жыла далёкая Бацькаўшчына, перапісваўся з Ларысай Геніюш, якая вярнулася з ГУЛАГа пасля смерці Сталіна. Жыла ў Зэльве, пасылала ў Аўстралію кнігі беларускіх пісьменнікаў. У лістах да паэткі Алесь Салавей выказваў захапленне творамі [[постаці/васіль-быкаў|Васіля Быкава]], [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча|Уладзіміра Караткевіча]], [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча|Ніла Гілевіча]], асабліва яго санетамі. Скардзіўся [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш|Ларысе Геніюш]], што ўдалечы ад Радзімы згасае яго паэтычнае натхненне, не пішуцца вершы.\\ У 1952 г., ужо жывучы ў Мельбурне, Алесь Салавей скончыў укладанне двух новых сваіх зборнікаў "Вянкі" і "Несьмяротнасьць". Яны павінны былі выйсці пад адзіным загалоўкам "Нятускная краса". Але выйшаў гэты збор твораў Алеся Салаўя ўжо пасля яго смерці клопатамі Антона Адамовіча і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Памёр Алесь Салавей у 1978 г., пахаваны на беларускіх могілках у Мельбурне (Аўстралія). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-спі]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-гекзаметры]] * [[творы/алесь-салавей/там-на-пякельным-таку-дзе-цапамі-малоцяц]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-лясы-узгоркі-паплавы]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-пад-шэлесты-лісця]]