~~META: title = Адам Бабарэка &keywords = бабарэка, адам, гадоў, творчасці, бабарэкі, пытанні, вучыўся, працаваў, эстэтычных, арыштаваны, кнізе, пісьменніка, чалавекпісьменнікаў, адзначаў, адама &abstract = Чытаць біяграфію Адама Бабарэкі &iftrue = nan ~~ ====== Адам Бабарэка ====== {{/images/babareka.jpg?200x269|Адам Бабарэка}} Літаратуразнавец, крытык, празаік, паэт, ідэолаг, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў «[[слоўнік/маладняк|Маладняк]]» і «[[слоўнік/узвышша|Узвышша]]» (1923-1926) Адам Бабарэка нарадзіўся 15 кастрычніка 1899 года ў сям’і беззямельных сялян вёскі Слабада-Кучынка Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). Бацька, працавіты чалавек, памёр рана ад сухотаў. Адам Бабарэка як сірата вучыўся ў Слуцкай школе, потым скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918).\\ Працаваў настаўнікам у вёсках Случчыны, вёў актыўную работу сярод вясковай моладзі. Падчас акупацыі Беларусі белапалякамі – удзельнік партызанскага руху супраць акупантаў на Случчыне. У 1920 годзе арыштаваны палякамі, пасля турмы ваяваў у Чырвонай Арміі (1921-1922), затым вучыўся ў БДУ на этнолага-лінгвістычным аддзяленні (1922-1927), выкладаў у школах беларускую мову і літаратуру, адначасна працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». У 1926-1929 гадах працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Камуністычным універсітэце Беларусі.\\ З пачатку 1920-х гадоў актыўна выступаў у друку. Пісаў вершы, апавяданні, артыкулы, рэцэнзіі на кнігі беларускіх пісьменнікаў, аналізаваў творчасць [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/творчасць-вінцэнта-дуніна-марцінкевіча|Дуніна-Марцінкевіча]], [[творы/францішак-багушэвіч/творчасць-францішка-багушэвіча|Багушэвіча]], [[творы/янка-лучына/творчасць-янкі-лучыны|Лучыны]], [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-алаіза-пашкевіч|Цёткі]], [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-|Купалы]], [[творы/якуб-колас/творчасць-якуба-коласа|Коласа]], [[постаці/міхась-чарот|Чарота]], [[постаці/змітрок-бядуля|Бядулі]], [[творы/кузьма-чорны/жыццёвы-і-творчы-шлях-кузьмы-чорнага|Чорнага]], [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі|Дубоўкі]], [[постаці/кандрат-крапіва|Крапівы]]. Невычэрпную скарбніцу эстэтычных каштоўнасцяў бачыў у фальклоры.\\ Адным з першых у БССР Адам Бабарэка пачаў распрацоўваць тэарэтычныя пытанні эстэтыкі, метадалогіі літаратуразнаўства, плённа вучыўся ў такіх славутых вучоных, як І. Замоцін і Я. Барычэўскі, засяроджваў увагу на эстэтычных поглядах пісьменнікаў, праблемах таленту і літаратурнага майстэрства, культуры творчасці.\\ Высока ацэньвалі дзейнасць А. Бабарэкі многія пісьменнікі, яго сучаснікі. Якуб Колас адзначаў, што ён «чужых думак не пераказваў, свае меў». Уладзімір Дубоўка пісаў пра Адама Бабарэку: «Гэта быў шчыры, сардэчны чалавек, выдатны крытык, цудоўны сябра... Усе свае раманы і аповесці нябожчык Кузьма Чорны папярэдне абмяркоўваў з Адамам. Не цураліся гэтага і другія былыя сябры «Узвышша», а пра маладзейшых няма чаго і казаць. Рабіў ён нямала каштоўных і трапных заўваг мне, як па асобных маіх вершах, так і па большых творах (паэмах)».\\ [[постаці/максім-лужанін|Максім Лужанін]] гаварыў пра «натхнёнасць разваг А. Бабарэкі, чалавека таленавітага сэрца, хто даў не адну пуцёўку ў друк першым вершам маладых, у тым ліку маім»...\\ Слушна адзначаў У. Конан у сваёй кнізе «Адам Бабарэка», што ён «ставіў і, у меру сваіх сіл і магчымасцей, спрабаваў вырашаць пытанні, якія і сёння маюць не толькі гістарычную, але і актуальную тэарэтычную цікавасць. Гэта перш за ўсё такія праблемы, як суадносіны паміж эстэтычнай каштоўнасцю мастацтва і яго сацыяльнымі функцыямі; сутнасць мастацкай творчасці, гнасеалагічны і семантычны аспекты мастацтва, крытэрыі ацэнкі мастацкага твора і ўсёй творчасці таго ці іншага пісьменніка і многія іншыя метадалагічныя пытанні літаратурна-мастацкай крытыкі. Адам Бабарэка быў першым сярод тых, хто ў складаных умовах 30-х гадоў выступіў у абарону паэта і паэзіі ад нападкаў вульгарна-сацыялагічнай крытыкі».\\ Першы раз Адам Бабарэка быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (СВБ) і высланы на пяць гадоў у Кіраўскую вобласць (г. Слабадскі). Пяцігадовая высылка была без аніякіх падстаў падоўжана на два гады, а ў 1937 годзе па сфабрыкаваным абвінавачанні чэкісты асудзілі беларускага пісьменніка яшчэ на дзесяць гадоў зняволення. Адбываў пакаранне ў пасёлку Княж-Пагост Комі АССР, потым на Поўначы, дзе і загінуў у 1938 годзе.\\ Пра трагічны лёс Адама Бабарэкі праўдзіва расказаў М. М. Ількевіч у кнізе «Адам Бабарека. Арест – лагерь – смерть», выдадзенай у 1999 годзе ў смаленскім выдавецтве «Посох». Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).