~~META: title = Шчасце... у чым яно? (паводле апавядання Я. Брыля "Галя") &keywords = шчасце, галя, хутара, галі, гераіня, жыццё, апавяданне, сяргеем, каханне, жыццёвая, турму, трактара, хамёнка &abstract = Шчасце... у чым яно? (паводле апавядання Я. Брыля "Галя") &iftrue = nan ~~ ====== Шчасце... у чым яно? (паводле апавядання Я. Брыля "Галя") ====== Творчасць народнага пісьменніка Беларусі вызначаецца глыбінёй зместу, лірызмам, праўдзівасцю, завостранай публіцыстычнасцю, багаццем жанраў. Шырокае прызнанне чытачоў атрымалі яго апавяданні, лірычныя запісы, дарожныя нататкі, эсэ. У іх перадаюцца пачуцці, уражанні, асацыяцыі, назіранні, роздумы аўтара, яго выказванні аб людзях і свеце, аб надзённым і вечным.\\ Адным з лепшых узораў лірычнай прозы лічыцца апавяданне Я. Брыля "[[творы/янка-брыль/янка-брыль-галя|Галя]]". У ім цесна перапляліся каханне і суровая жыццёвая праўда. Пачынаецца апавяданне з апісання былога хутара, дзе жыве Галя з дзецьмі (сынам Антосем і дачкой Сонечкай). Пад гул трактара на калгасным полі гераіня з жалем і болем успамінае сваё мінулае жыццё. Гул трактара (на ім працуе Сярожа) выконвае ў творы ролю сімвала кахання: ён не дае Галі заснуць, трывожыць успамінамі, прымушае хвалявацца, шкадаваць, спадзявацца, прасіць... Калісьці была яна шчаслівай, горача і безаглядна кахала Сярожу. Праўда, шчасце гэта было нядоўгім: каханага за рэвалюцыйную дзейнасць пасадзілі ў турму, а лёс прымусіў яе пайсці замуж за багатага Міколу Хамёнка.\\ Пакутлівым было жыццё Галі ў доме кулака-хутараніна, дзе ўсе жылі "для гумна". Увесь час яна адчувае сябе чужой, бо не бачыць людской павагі, сардэчнага цяпла, дабрыні. Усе ў доме старога Хамёнка жывуць па страшным уласніцкім прынцыпе: "Менш паспіш – болей зробіш. Не з’ясі, не зносіш – больш застанецца". Пасля смерці свёкра і свекрыві гаспадарыць на хутары стаў Мікола, якому генетычна перадаліся вечныя панурасць, незадаволенасць жыццём і сквапнасць. У гады вайны ён "захварэў" ("прастрэлілі руку") і адсядзеўся дома, спекулюючы самагонам (за што трапіў у турму).\\ Нягледзячы на ўсе складанасці жыцця, Галя не страціла сваіх духоўных сіл, не замкнулася ад людзей у сваім жаночым горы. У канцы апавядання яна вырашае назаўсёды пакінуць ненавісны хамёнкаўскі хутар, што засланіў ад яе белы свет, змяніць прозвішча і пачаць новае жыццё. У душы жанчыны, якой з каханым "калісьці цёпла было стаяць і на снезе", а цяпер "холадна ўжо і не летняй расе", яшчэ не згасла надзея на шчасце, на новую сустрэчу з Сяргеем.\\ Такім чынам, канфлікт у творы завязаны на супярэчнасці паміж мінулым і сучасным галоўнай гераіні. Калісьці яна зрабіла свой выбар на карысць заможнага, як ёй тады здавалася, жыцця з нялюбым чалавекам, у пэўным сэнсе адрокшыся ад сябе. Аднак прайшоў час, і Галя зразумела, што шчасце прайшло міма; але яна ўсёй сваёй жаночай натурай разумее, што яго яшчэ не позна вярнуць. Ёй спатрэбіліся гады, каб усвядоміць сваю памылку.\\ "Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленная маладосць. Вярніся, зірні мне ў вочы, і я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду за табою ўсюды, куды скажаш", – просіць гераіня лёс. І ў гэтых словах, звернутых да Сяргея, нямала надзеі, спадзяванняў на тое, што шчасце ўсё ж прыйдзе да жанчыны. Сам-насам з гэтымі спадзяваннямі пакідае аўтар сваю гераіню. Пісьменнік не дае адказу на пытанне, у чым жа гэта шчасце. У багацці, здароўі, дзецях, магчымасці працаваць!.. Яно ў нечым іншым, у тым, што разнявольвае душу, робіць кожны жыццёвы крок асэнсаваным, кожны пражыты дзень напоўненым радасцю ад прысутнасці любімага чалавека, без якога цяжка ці проста немагчыма жыць.\\ Відаць, шчасце для Галі – гэта быць заўсёды пачутай і зразумелай для любімага чалавека. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>проста-радасць]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-шчасце-не-ў-золаце]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-шчасце]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-шчасце]] * [[ibdc.ped>шчасце]]