~~META: title = Тэма Радзімы ў паэзіі беларускай эміграцыі &keywords = беларусь, маці, творы, бацькаўшчыны, вершы, паэта, родны, бацькоў, радзімы, месца, беларускай &abstract = Тэма Радзімы ў паэзіі беларускай эміграцыі &iftrue = nan ~~ ====== Тэма Радзімы ў паэзіі беларускай эміграцыі ====== Адзінакроўныя браты.\\ Адзінамоўныя паэты,\\ Вяртаецеся з небыцця,\\ Вяртаецеся з нематы,\\ Як злом замглёныя планеты,\\ Што дажылі да адкрыцця. //Р. Барадулін// \\ Важнае месца ў беларускай літаратуры займае эмігранцкая паэзія. Яе творцы – людзі, якія воляй абставін у канцы мінулай вайны аказаліся ў ЗША, а таксама іншых краінах свету. Доўгі час імёны іх і творы забараняліся, не згадваліся ў друку, а самі яны абвінавачваліся ў здрадзе, лічыліся ворагамі народа. Большасць творцаў з гонарам вытрымала выпрабаванне лёсу, захавала вернасць Бацькаўшчыне, беларускаму слову і роднай песні. Анталогіяй паэзіі беларускай эміграцыі з’яўляецца кніга "Туга па Радзіме", у якой змешчаны творы [[постаці/наталля-арсеннева|Наталлі Арсенневай]], Масея Сяднёва, [[постаці/алесь-салавей|Алеся Салаўя]], Уладзіміра Клішэвіча, [[постаці/рыгор-крушына|Рыгора Крушыны]], [[постаці/міхась-кавыль|Міхася Кавыля]], Хведара Ілляшэвіча, [[постаці/янка-золак|Янкі Золака]] і іншых нашых суайчыннікаў.\\ Адным з самых яркіх прадстаўнікой беларускага паэтычнага замежжа з’яўляецца Наталля Арсеннева. Апошняя з яе кніг называецца "Між берагамі". Вершы ў ёй, пазначаныя высокай мастацкасцю, філасофскай назіральнасцю, мінорнай спавядальнасцю, адлюстроўваюць жыццё чалавека, адарванага прасторам і часам ад Бацькаўшчыны. Тут і тужлівыя радкі пра родны край, нараканні на лёс, які абышоўся з ёй не лепшым чынам, успаміны пра Беларусь, прызнанне ў шчырай любові да яе. Паэтэса і на чужыне ўслаўляе "ціхую і ветлую" Беларусь, у будучае якой бязмерна верыць. Аптымізмам, верай у тое, што Бог дапаможа ўсталяваць справядлівасць, прынясе адраджэнне роднаму краю, напоўнены добра вядомы многім верш "Малітва": Магутны Божа! Ўладар сусветаў,\\ вялізных сонцаў і сэрц малых,\\ над Беларуссю, ціхой і ветлай,\\ рассып праменне Свае хвалы... Думамі пра Бацькаўшчыну – куточак зямлі, дзе нарадзіўся чалавек, упершыню ўбачыў свет, пазнаў першыя радасці, – прасякнуты таксама многія вершы Масея Сяднёва (аўтара зборнікаў "Ачышчэнне агнём", "[[аналіз-і-крытыка/-а-часу-больш-чым-вечнасць-творчасць-мас|А часу больш, чым вечнасць]]"): Я восеняй жыву ў трывозе;\\ забудуся, ды зноў кране:\\ падпаленыя восеняй бярозы\\ гараць пякучай ранай у мяне. Пякучай ранай гараць успаміны паэта пра родную вёску Мокрае, хату з ліпінай, адвечныя курганы, бацьку, маці з яе кроснамі, сястру Дар’ю, наогул, маленства. Радзіма, якая для паэта "залацісцей усіх брам", ніколі не можа сцерціся з памяці. "Калі я гэты бераг і абраў, не значыць, што забыў я іншы бераг...", – прызнаецца паэт у вершы "Айчына". Разважаючы над лёсам беларускіх эмігрантаў і іх жыццём на чужыне, М. Сяднёў задае пытанне: "Нашто ж, скажы, між Захадам і Усходам вачыма сінімі ты прарасла?" Гэта радкі з верша "Радзіма", чытаючы якія можна яскрава ўявіць чалавека, які даўно адарваўся ад бацькоўскай зямлі, але ўвесь час жыве думамі аб ёй.\\ Большую частку свайго жыцця пражыў у Аўстраліі і Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк). Творчасць яго пранізана шчымлівым болем за Радзіму, якая ўмяшчала ў сябе роднае Крысава на Дзяржыншчыне, [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-звіняць-званы-святой-сафіі|званы Святой Сафіі]], знаёмыя з дзяцінства Стажары, назаўсёды страчанае каханне, і "лясы, і лугі, і блакітныя нівы, неба – вечная сінь, дол – зяленіва шоўк"... Любоў да далёкай, недасяжнай Радзімы для лірычнага героя верша "[[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-ты|Ты]]" – гэта пакуты, расчараванні, сумленні і ў той жа час адзіная ўмова жыцця, яго надзея, спадзяванне: За любоў да Цябе я пакутаваць мушу,\\ а ў разлуцы з Табой – існаваць, а не жыць... Вобраз Радзімы ў паэзіі У. Клішэвіча ("Сняцца сны мне залатыя"), Р. Крушыны ("Дарогі", "Сны і мары"), М. Кавыля ("Першая рана", "Міжагнёўе"), Я. Золака ("[[творы/янка-золак/янка-золак-мая-беларусь|Мая Беларусь]]", "Маці мая – Беларусь") – гэта перш за ўсё бацькоўская зямля, якая ў кожным творы атрымлівае канкрэтнае ўвасабленне. Гэта васількі на родных палетках, восень з кастрыцай, вясновы бурлівы разліў, пахілы крыж над магілай дзеда, родная мова – "аксаміт жаўруковае песні", маці з лучынаю ў хаце, шчырая вера, [[творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-кастусь-каліноўскі|Каліноўскі]], Скарына, Багушэвіч, Купала... Усведамляючы сябе часткай Беларусі, Янка Золак прызнаецца: Белая, светлая, чыстая,\\ Мой галасісты жаўрук!\\ Ты – мая доля вячыстая,\\ Маці мая – Беларусь. Тэма Радзімы, такім чынам, займае галоўнае месца ў творчасці паэтаў беларускага замежжа. Знаходзячыся далёка ад бацькоўскага дома, паэты-эмігранты не схілялі па-халопску галоў ні перад чужынцамі, ні перад заўзятымі адрачэнцамі. Яны былі сапраўднымі сынамі свайго народа, услаўлялі родную Беларусь, верылі ў яе адраджэнне, паводзілі сябе, як справядліва зазначае А. Каўка, мужна, па-рыцарску, "пакутуючы, гоячы, наколькі стае паэтычнага дару, раны маці-Радзімы, баронячы яе чалавечы, нацыянальны гонар". ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[ibdc.ped>скарбы-нашай-радзімы]] * [[творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-радзіма-мая-дарагая]] * [[ibdc.ped>ганарымся-бацькаўшчынай]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]]