~~META: title = Тэма мастака і мастацтва ў творчасці Максіма Танка &keywords = паэзія, люцыян, танка, народа, мастака, паэзіі, таленту, мастацтва, твора, народнага, таполя, сонца &abstract = Тэма мастака і мастацтва ў творчасці Максіма Танка &iftrue = nan ~~ ====== Тэма мастака і мастацтва ў творчасці Максіма Танка ====== У творчасці Максіма Танка нямала твораў, прысвечаных тэме мастка і мастацтва. Прадаўжаючы традыцыі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, паэт сцвярджае даўно выказаную думку аб цеснай і непарыўнай сувязі мастака з жыццём народа і сённяшнім днём, аб бессмяротнасці тых твораў, якія па-мастацку дасканала і праўдзіва адлюстроўваюць рэчаіснасць.\\ М. Танк задумваецца над сваёй творчасцю, прызначэннем паэзіі, яе сутнасцю. У вершах "[[творы/максім-танк/максім-танк-паэзія|Паэзія]]" і "Трактат аб паэзіі" аўтар лічыць, што паэзія можа вызваліць з "няволі і пекла", можа прабіць кветкай вясновай "камень магільны", дапамагае ў дружбе і каханні. Па вобразным выказванні М. Танка, Паэзія – гэта адвечная цяга\\ Вяршынь да нябёс,\\ А траваў і дрэваў –\\ Да сонца.\\ Паэзія – гэта вясёлкавы мост\\ Ад сэрца людскога\\ Да мары.\\ Паэзія – дружба\\ Зярна і зямлі,\\ Агню і крыві\\ Прабуджэнне... Паэзія параўноваецца з бліскавіцай, з вясновай кветкай, следам разведчыка, з сокам вінаграду. Але ўсё гэта не ахоплівае значэння паэзіі, якая для творчага чалавека – нешта большае: А ты адказала большым:\\ Ты – кроў, што пульсуе па жылах,\\ Ты – сонца, якое\\ Прасторы святлом азарыла,\\ І без чаго, як без маці\\ \\ Або без радзімы,\\ Ні нараджацца, ні жыць\\ На зямлі немагчыма! Сапраўдным гімнам творчай працы і таленту з’яўляецца паэма М. Танка "[[творы/максім-танк/максім-танк-люцыян-таполя|Люцыян Таполя]]". У аснове твора – лёс таленавітых мастакоў з народа, канфлікт народнага ўмельца, майстра па мастацкай разьбе Люцыяна Таполі (па мянушцы Багароб) з біскупам Сямашкам.\\ Шчыры мастак Люцыян, пад рукамі якога, "бы ад чараў нейкіх, ажывала нават нежывое", выразаў для навагодняй батлейкі Ірада, падобнага да пана. Твар і постаць прасвятой багародзіцы ў батлейцы нагадвалі дзяўчыну Тэклю, да якой калісьці сватаўся Люцыян. Анёлы, выразаныя з чачоткавай бярозы, былі копіяй Сцяпана і Харытона – двух плытагонаў, мядзельскіх п’яніц. Біскуп Сямашка не мог дараваць такога простаму "хлопу", чалавеку з народа, і прыдумаў цяжкую кару: "пад страхам пекла і пракляцця цэлых дзесяць год адбыць пакуты і не брацца за сваё майстэрства". Для мастака гэта азначала духоўную смерць.\\ Прайшоў час. За дзесяць гадоў Люцыян "шмат пабачыў і бяды, і гора, зведаў шмат зямель". Вярнуўшыся ў родныя мясціны, ён сустракаецца з біскупам, які, не пазнаўшы ў сівым "старцу" даўнейшага грэшніка, даручае яму будаваць новую святыню. І зноў пад рукамі народнага дойліда "ажывала нават нежывое, немагчымае рабілася магчымым: гнуўся камень, а з звычайнай цэглы, быццам з бронзы, паўставалі здані". Увесь свой талент, і гнеў, і асабістую крыўду ўкладвае Люцыян у працу. Фігуры атрымаліся падобнымі да магнатаў, панскіх цівуноў, хітрых езуітаў. Біскупа ж Сямашку ён размясціў сярод хімер з рагамі, пачвар з зяпамі, гадаў з хвастамі і іншых прадстаўнікоў пекла. Убачыўшы гэта, не вытрымлівае Сямашка і памірае.\\ Сваім талентам, праўдзівым мастацтвам, а не сілай, як гэта мы бачым у творы, змог адпомсціць Люцыян Таполя крыўдзіцелю народа. Чалавек, які пры жыцці мае бязмерную ўладу і незлічоныя багацці, пасля смерці можа бясследна знікнуць з памяці. Сапраўднае ж, праўдзівае мастацтва, на думку М. Танка, бессмяротнае. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-танк/жыццё-і-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/давераснёўская-творчасць-максіма-танка]] * [[творы/максім-танк/матывы-і-вобразы-паэзіі-максіма-танка]] * [[постаці/максім-танк]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]]