Гэта старая версія дакумента!
Тэма кахання ў беларускай літаратуры
Тэма кахання – усеабдымная. Каханне ўслаўлялі і ўслаўляюць пісьменнікі ўсіх часоў і народаў. Гэта своеасаблівы вечны гімн, які ўзвышае чалавека і робіць высакародным. Гэта крыніца радасці і лепшых імкненняў чалавека, пачуццё бязмернай павагі да жанчыны, яе хараства, прывабнасці, душэўнай чысціні. Пройдземся і мы па старонках твораў, асвечаных пачуццём радасці і трывогі, веры і нявер’я, упэўненасці і безнадзейнасці, шчырасці і горычы.
У беларускай літаратуры нямала твораў, героі якіх, праходзячы праз цяжкія выпрабаванні, захавалі на ўсё жыццё першае нясмелае юнацкае пачуццё. Хіба не можа кранаць лёс Ядвісі і Лабановіча з трылогіі «На ростанях» Я. Коласа, Ганны і Васіля з «Палескай хронікі» І. Мележа, Марысі і Каліноўскага з паэмы «Хамуціус» А. Куляшова, Сашы і Пятра з «Трывожнага шчасця» І. Шамякіна?
Увасабленнем прыгажосці, загадкавай таямніцай з’яўляецца Ядвіся з коласаўскай трылогіі «На ростанях». Яна азарыла жыццё Лабановіча, кранула яго сэрца не спазнаным дасюль пачуццём кахання. На жаль, шляхі «найлепшай, найпрыгажэйшай казкі Палесся» і Лабановіча разыходзяцца. Для героя трылогіі казка знікла, знікла таямніца, і, блукаючы па шырокіх прасторах жыцця, ён згубіў сваё першае каханне, сваё шчасце.
Няспраўджанае каханне і ў гераіні «Палескай хронікі» І. Мележа. Рэдкая прыгажуня, прывабная і сціплая дзяўчына з чулай душой, яна пяшчотна, горача і самааддана пакахала Васіля. Васіль таксама пакахаў Ганну. Здавалася, шчасце будзе бясконцым. Але ў жыцці ўсё склалася інакш. Першае каханне, трапяткое і нясмелае пачуццё, абразіў Васіль. Паверыўшы ў брыдкія плёткі, ён растаптаў усё тое прыгожае, што існавала паміж імі. І Ганна, абражаная і пакрыўджаная, насуперак свайму жаданню выходзіць замуж за Яўхіма, спадзеючыся на спрадвечнае «сцерпіцца – злюбіцца». Але не злюбілася і не сцярпелася… Васіль жа, згубіўшы сваю радасць, сваю прыгожую «рабіну», ажаніўся з багатай Маняй. Не склаўся лёс у Васіля з Ганнай, скончылася цудоўная песня кахання. Але яна ўсё жыццё будзе трывожыць іх сэрцы, шчымліва нагадваючы шчаслівыя і непаўторныя дні маладосці.
Маладыя, закаханыя адзін у аднаго Саша Траянава і Пятро Шапятовіч з’яўляюцца галоўнымі героямі пенталогіі І. Шамякіна «Трывожнае шчасце». Яны праходзяць праз цяжкія выпрабаванні (падполле, фронт, партызанская барацьба, аднаўленчы перыяд) і не страчваюць велічнага, чыстага і глыбокага пачуцця, якое вытрымала суровы жыццёвы экзамен.
Тэма кахання займае значнае месца ў творчасці М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, А. Куляшова, М. Танка, У. Караткевіча, Г. Бураўкіна, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай і многіх іншых пісьменнікаў. Кожны з іх, раскрываючы глыбіню цудоўных чалавечых пачуццяў, услаўляе, абагаўляе сваю адзіную і непаўторную: М. Багдановіч – Вераніку, Я. Купала – Паўлінку, А. Куляшоў – Алесю.
Сімвалам кахання ў рамансе М. Багдановіча «Зорка Венера» становіцца самая яркая зорка на небасхіле – Венера. Герой твора засмучаны тым, што павінен расстацца з любай дзяўчынай. Ён абяцае, што ўсё сваё жыццё будзе помніць каханую. Пра яе будзе напамінаць і Венера, якой, безумоўна, вядома пра пакуты разлучаных сэрцаў:
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
П. Броўка ў невялікім па памеры і вядомым многім вершы «Пахне чабор» таксама праспяваў гімн каханню і маладосці. Вобраз дзяўчыны «ў белай іскрыстай хусцінцы» кліча і вабіць паэта, як само юнацтва, бо па-маладому ярка выяўлена разнастайная гама пачуццяў: і ўспаміны аб даўнім, беззваротным юнацтве, і першае каханне, што апаліла душу героя, і прыгажосць чыстай душы, яе рамантычная ўзнёсласць, і юнацкая нерашучасць, і боль страты, і дакор сабе:
Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвілінай – яна прада мною…
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.
Пахне чабор.
Пахне чабор…
Лірычны герой інтымных вершаў «Гісторыя з першым каханнем», «Фантазія», «Раманс аб расстраляным каханні», «Калі памірае каханне» У. Караткевіча перапоўнены светлым і трывожным пачуццём, болем ад расстання, душэўным сумам, верай у вечнае незямное каханне:
О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
Перагортваць старонкі твораў пра каханне можна бясконца. З радкоў гэтых твораў можна яскрава ўявіць, адчуць і перажыць абуджэнне першага пачуцця, калі на жыццёвай дарозе сустракаеш роднага, блізкага табе чалавека, легкадумнасць і сур’ёзнасць учынкаў закаханых, чысты і светлы ўспамін пра першую сустрэчу, нялёгкі боль ад расстання, разгубленасць, безнадзейнасць і адчай ад безадказнага пачуцця і інш. Паэты і пісьменнікі складаюць каханню вечны гімн, услаўляюць яго як найвышэйшае выражэнне гуманнасці і высакароднасці чалавека.
Падобныя старонкі
- янка-журба/янка-журба-каханне
- анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-свяці-кахання-чыстая-
- язэп-пушча/язэп-пушча-яшчэ-ў-юнацкія-гады
- рыгор-крушына/рыгор-крушына-твае-вочы
- эдуард-акулін/эдуард-акулін-трыялет