Мой верш – мая душа
І думка шчырая мая!
У кожным слове маё я.
Мой верш – мая душа.
Ц. Гартны
Цішка Гартны ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як актыўны творца і наватар, пачынальнік буйной беларускай прозы, адкрывальнік рабочай тэматыкі. Дарэвалюцыйныя вершы навеяны ідэямі нацыянальнага адраджэння, рэвалюцыйна-вызваленчым рухам. Некаторым з іх уласціва лозунгавасць, абстрактнае ўхваленне перамогі рэвалюцыі. У вершы «Роднай краіне» паэт стварыў вобраз роднага краю, дзе «раскінуліся шэрыя вёскі» са старажытнымі курганамі, «Дзвіна й чысты Нёман… свае воды ў мора нясуць», чуюцца песні – «долі людской адгалоскі». Заканчваецца верш прызнаннем лірычнага героя ў яго бясконцай любові да тых месц, дзе ён нарадзіўся і вырас. Ідэю ўваскрашэння краіны паэт звязвае з «нястрыманай яскравай свабодай», што хутка «заззяе для народа» (верш «Да надзеі»). Паэт, на думку Ц. Гартнага, павінен прыняць актыўны ўдзел у абуджэнні народа, барацьбе за знішчэнне рабскіх устояў:
Размахні рукою і званова сэрца
Скалыхні сярдзіта. Хай грымяць удары,
І хто спіць, хто дрэмле, ўстане-скалыхнецца
І спяшыць на зовы. Не праспі, званару!
Тэма паднявольнага жыцця селяніна і яго цяжкой працы знайшла адлюстраванне ў вершах «Да Нёмна», «Касьба», «Песня жняі», «Сявец». Захапляючыся спорнай працай касцоў, паэтызуючы працу жняі, пад сярпом якой «хутка жыта гнецца, сноп за снопам у радок покладам кладзецца», аўтар сцвярджае высокія маральныя нормы селяніна: праца павінна прыносіць асалоду, задавальненне, бо
Праца ўвесь свет ускарміла,
Праца нам шчасце дае.
Працаю сілы прыроды
К людзям у слугі ідуць,
З ёю ж у свеце народы
Лепшае долі прыждуць.
У вершах «Каваль», «Гарбар на вандроўцы», «Песні гарбара» Ц. Гартны ўпершыню ў беларускай літаратуры звярнуўся да вобраза рабочага, выказаў веру ў яго вялікія магчымасці. Апісваючы кавальскую і гарбарскую працу, разважаючы пра цяжкую долю гарбара (яго ў жыццёвых вандроўках заўсёды суправаджае гора), паэт стварае абагульнены вобраз «рыцара працы цяжкой», які ганарыцца сваёй прафесіяй і верыць, што ў працы адшукае лепшую долю, выкуе сваё шчасце.
Сярод празаічных твораў Ц. Гартнага найбольш значны – раман «Сокі цаліны», які з’яўляецца першым шматтомным творам у нашай нацыянальнай літаратуры, дзе праўдзіва адлюстравана грамадска-палітычная атмасфера тых часоў, жыццё горада і рабочае асяроддзе. У структурным плане ён складаецца з 4 кніг (квадраў), аб’яднаных галоўнай ідэяй аўтара: паказаць, як «багатая сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя пасынкі». Дзеянне ў рамане ахоплівае цэлае дзесяцігоддзе, у межах якога змясціліся такія значныя падзеі, як першая сусветная вайна, Лютаўская рэвалюцыя, а таксама шматлікія мітынгі, дэманстрацыі.
Галоўным героем твора з’яўляецца вытрыманы ва ўсіх адносінах, адданы рэвалюцыйнай справе, свядомы пралетарый Рыгор Нязвычны. У першай кнізе «Бацькава воля» расказваецца аб прыездзе Рыгора з Рыгі ў вёску Сілцы, яго ўзаемаадносінах з Зосяй Прыдатнай, яе бацькамі і іншымі аднавяскоўцамі. Рыгора не магло задаволіць ціхае, замаруджанае жыццё ў вёсцы, бо ён прагнуў рэвалюцыйнай дзейнасці, змагання за людское шчасце, у надыход якога свята верыў. Дзеянне ў наступных кнігах («На перагібе», «Крыжавыя дарогі», «Чырвоныя зарніцы») адбываецца ў вёсках Сілцы, Смагін, Ступкі, а таксама ў Мінску, Рызе, Пецярбургу. Крыжовыя дарогі сталі суровым выпрабаваннем для герояў твора. Многія з іх мужнелі, загартоўваліся, іншыя, наадварот, гублялі веру ў ажыццяўленне рэвалюцыйных ідэй. Рыгор практычна ва ўсіх жыццёвых сітуацыях паказаны бездакорным бальшавіком, усе клопаты якога скіраваны на грамадскую дзейнасць. Аўтар захапляецца ім, прыўздымае над іншымі персанажамі і як бы не заўважае яго халоднага рацыяналізму, душэўнай чэрствасці, нячуласці, абыякавасці (стаўленне да маці, развагі пра Зосіны пакуты, адносіны да арышту Петруся). Катэгарычным, але рэвалюцыйна «правільным» з’яўляецца сцвярджэнне Рыгора аб сялянстве як непаўнацэнным і ніжэйшым, у параўнанні з рабочымі, класам. У выніку гэтага вобраз набыў спрошчаны, дэкларатыўны і ў многім штучны характар, што, безумоўна, паўплывала на мастацкія вартасці твора.