П. Глебка прыйшоў у літаратуру ў 20-я гады. У першых яго творах адлюстроўваліся настроі той моладзі, якая аптымістычна глядзела ў будучыню, верыла ва ўсталяванне справядлівых сацыялістычных адносін у грамадстве:
Сэрца, думкі – гэй, наперад!
Бо не нам у смутку жыць.
У душы – стальная вера, –
Значыць, буду ў шчасці жыць.
Вершы першай кнігі паэта «Шыпшына» напісаны крыху ў іншым кірунку. У іх больш філасофскай разважлівасці, псіхалагічнай паглыбленасці, лірызму. Тэматыка твораў П. Глебкі пашыралася за кошт вершаў пра жыццё вёскі і стваральную працу («Радасць вёскі», «Красавала жыта», «Песня жняі»), каханне («Краса маладосці», «Чуе сэрца трывожнае штосьці»). Творы пазнейшых зборнікаў прысвечаны ўслаўленню Кастрычніцкай рэвалюцыі, перамогі ў грамадзянскай вайне, поспехам у сацыялістычным будаўніцтве, вялікім правадырам Леніну і Сталіну (паэмы «Трывожны сігнал», «Арлянка», «Арка над акіянам», «Мужнасць», «У тыя дні»). Яны характарызуюцца аптымістычным светаадчуваннем, актыўным успрыманнем паслярэвалюцыйнага жыцця, рытарычнасцю, афіцыёзнасцю, адсутнасцю глыбіні аналізу.
У творчай спадчыне П. Глебкі вылучаюцца вершы перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яны даносяць да чытача подых вайны, у іх чуецца гнеў і помста, крык болю кожнага сэрца, трывога і сум па родных і блізкіх. У вершы «Пасылка» паэт узнаўляе эпізод з франтавога жыцця: байцы атрымоўваюць пасылкі – невялікія падарункі, зробленыя рукамі дзяцей, маці, сясцёр, сябровак. Воін-беларус не чакае лістоў і пасылак, бо яго сям’я і родныя засталіся на часова акупіраванай радзіме. Але тут адбываецца нечаканае: яму прыносяць пасылку (хусцінку і кісет) ад незнаёмай грузінскай дзяўчыны, для якой гэты ўчынак – сімвал еднасці людзей розных нацыянальнасцей, пэўная далучанасць да тых, хто аказаўся на перадавой. І радасць, удзячнасць запаланяюць душу байца:
Я прыняў дарунак мілы
Перад боем уначы
І да самае магілы
Буду шчыра берагчы.
Смутак па бацькоўскай зямлі, што апынулася ў няволі, вялікая любоў да яе, гордасць за свой народ, які мужна ўзняўся супраць акупантаў, выліліся ў вершах «Вінтоўка», «Пісьмо з няволі», «Партызаны», «Беларусі», «Райком». Героем верша «Родны хлеб» з’яўляецца партызанскі пасланец з-пад Гродна, які па даручэнні партызан павінен перадаць праз лінію фронта звесткі. З сабой у дарогу партызан бярэ хлеб, «не квашаны і не салёны, для важных печаны патрэб». Воін не адломіць ад гэтага хлеба ні кавалка, пакуль не дойдзе да месца. І толькі мінуўшы ўсе перашкоды і небяспечныя месцы, хлопец, як самы дарагі скарб, дастане з кайстры «запрацаваны ў поце хлеб», пачастуе ім сяброў:
І – божа мой! – якім духмяным
Павее водарам яна.
Адразу кожны стане п’яным,
Але не з горкага віна.
Ён будзе п’яны з успамінаў
Аб нашай роднай старане,
Аб той калысцы і краіне,
Дзе маці песціла мяне.
Хлеб у вершы – увасабленне Радзімы, яе цеплыні, ласкі і сумлення. Гэта сімвал жыцця, нязломнасці, веры ў хуткі надыход перамогі.
Нямала твораў у П. Глебкі пра мірную стваральную працу, мужных людзей, аднаўленне разбураных вайной гаспадарак. Сапраўдным гімнам у гонар чалавека-творцы з’яўляецца верш «Рака». Ён уяўляе сабой філасофскі роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі. Жыццё чалавека ў ім параўноўваецца з ракой. Вось цякуць струмені будучай ракі, вырываюцца з багны на шырокі прасцяг і становяцца ручаём. Чалавек, як кроплі ручая не можа быць адзін, ён заўсёды імкнецца да яднання з людзьмі, шукае дружбы. Ручаі, з’яднаныя ў адну раку, становяцца вялікай сілай. Рацэ-маці трэба жывіць нівы, паіць статкі, круціць млыны, несці на сваіх хвалях параходы. Яе шлях поўны сэнсу, высакароднага служэння людзям. І ў чалавека свой вялікі шлях, сваё ўласнае прызначэнне на зямлі, справы і турботы. І гэтыя справы павінны быць скіраваны не на ўласны дабрабыт, а на стварэнне шчасця для ўсіх людзей.
Ёсць у П. Глебкі творы пра мастацтва, прызначэнне паэта і паэзіі («Скарга», «Пра хімію і паэзію»). Мастак, на думку паэта, павінен быць патрабавальным да сваёй творчасці і сябе, знаходзіцца ў няспынным пошуку:
Шмат нам трэба зрабіць: можа тысячы
Пераабраць варыянтаў і тэм,
Каб з адзінай, як з мармуру, высечы
Вобраз, варты жыцця і паэм.
У незакончанай паэме «Дасэні» П. Глебка разважае аб грунце, на якім вырасла і трымаецца паэзія:
Усёй паэзіі аснова –
Пульс няўрымслівы радка і пачуцця,
Не хараство нямога слова,
А хараство твайго жыцця.
У паэме «Карменсіта» аўтар спрабуе прааналізаваць свой творчы шлях, драматызм становішча мастака, які вымушаны служыць афіцыяльнай літаратуры і не можа вырвацца з кола аднастайных і казённых вобразаў і тэм.
Я сам у вершах сваіх чую
Іронію калючых слоў,
Фальшывую,
Наскрозь чужую,
Якой дагэтуль не было.
Верш «Скажы мне, краіна» прадаўжае гэтыя думкі. У ім аўтар канстатуе факт свайго служэння кан’юнктуры, сацыяльным заказам, патрабаванням афіцыйнай дактрыны і масавай пралетарскай культуры. І ў гэтым – сведчанне глыбокай драмы П. Глебкі, які ў пэўны момант не мог выстаяць перад жорсткасцямі тагачаснага жыцця і стаў ідэйным прапаведнікам літаратуры сацыялістычнага рэалізму.