~~META: title = Творчасць Пятра Глебкі &keywords = жыцця, глебкі, хлеб, вершах, паэмы, чалавека, людзей, вайне, творах, вершы, паэта, шлях, маці, зямлі &abstract = Творчасць Пятра Глебкі &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Пятра Глебкі ====== П. Глебка прыйшоў у літаратуру ў 20-я гады. У першых яго творах адлюстроўваліся настроі той моладзі, якая аптымістычна глядзела ў будучыню, верыла ва ўсталяванне справядлівых сацыялістычных адносін у грамадстве: Сэрца, думкі – гэй, наперад!\\ Бо не нам у смутку жыць.\\ У душы – стальная вера, –\\ Значыць, буду ў шчасці жыць. Вершы першай кнігі паэта "Шыпшына" напісаны крыху ў іншым кірунку. У іх больш філасофскай разважлівасці, псіхалагічнай паглыбленасці, лірызму. Тэматыка твораў П. Глебкі пашыралася за кошт вершаў пра жыццё вёскі і стваральную працу ("Радасць вёскі", "Красавала жыта", "Песня жняі"), каханне ("Краса маладосці", "Чуе сэрца трывожнае штосьці"). Творы пазнейшых зборнікаў прысвечаны ўслаўленню Кастрычніцкай рэвалюцыі, перамогі ў грамадзянскай вайне, поспехам у сацыялістычным будаўніцтве, вялікім правадырам Леніну і Сталіну (паэмы "Трывожны сігнал", "Арлянка", "Арка над акіянам", "Мужнасць", "У тыя дні"). Яны характарызуюцца аптымістычным светаадчуваннем, актыўным успрыманнем паслярэвалюцыйнага жыцця, рытарычнасцю, афіцыёзнасцю, адсутнасцю глыбіні аналізу.\\ У творчай спадчыне П. Глебкі вылучаюцца вершы перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яны даносяць да чытача подых вайны, у іх чуецца гнеў і помста, крык болю кожнага сэрца, трывога і сум па родных і блізкіх. У вершы "Пасылка" паэт узнаўляе эпізод з франтавога жыцця: байцы атрымоўваюць пасылкі – невялікія падарункі, зробленыя рукамі дзяцей, маці, сясцёр, сябровак. Воін-беларус не чакае лістоў і пасылак, бо яго сям’я і родныя засталіся на часова акупіраванай радзіме. Але тут адбываецца нечаканае: яму прыносяць пасылку (хусцінку і кісет) ад незнаёмай грузінскай дзяўчыны, для якой гэты ўчынак – сімвал еднасці людзей розных нацыянальнасцей, пэўная далучанасць да тых, хто аказаўся на перадавой. І радасць, удзячнасць запаланяюць душу байца: Я прыняў дарунак мілы\\ Перад боем уначы\\ І да самае магілы\\ Буду шчыра берагчы. Смутак па бацькоўскай зямлі, што апынулася ў няволі, вялікая любоў да яе, гордасць за свой народ, які мужна ўзняўся супраць акупантаў, выліліся ў вершах "Вінтоўка", "Пісьмо з няволі", "Партызаны", "Беларусі", "Райком". Героем верша "Родны хлеб" з’яўляецца партызанскі пасланец з-пад Гродна, які па даручэнні партызан павінен перадаць праз лінію фронта звесткі. З сабой у дарогу партызан бярэ хлеб, "не квашаны і не салёны, для важных печаны патрэб". Воін не адломіць ад гэтага хлеба ні кавалка, пакуль не дойдзе да месца. І толькі мінуўшы ўсе перашкоды і небяспечныя месцы, хлопец, як самы дарагі скарб, дастане з кайстры "запрацаваны ў поце хлеб", пачастуе ім сяброў: І – божа мой! – якім духмяным\\ Павее водарам яна.\\ Адразу кожны стане п’яным,\\ Але не з горкага віна.\\ Ён будзе п’яны з успамінаў\\ Аб нашай роднай старане,\\ Аб той калысцы і краіне,\\ Дзе маці песціла мяне. Хлеб у вершы – увасабленне Радзімы, яе цеплыні, ласкі і сумлення. Гэта сімвал жыцця, нязломнасці, веры ў хуткі надыход перамогі.\\ Нямала твораў у П. Глебкі пра мірную стваральную працу, мужных людзей, аднаўленне разбураных вайной гаспадарак. Сапраўдным гімнам у гонар чалавека-творцы з’яўляецца верш "Рака". Ён уяўляе сабой філасофскі роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі. Жыццё чалавека ў ім параўноўваецца з ракой. Вось цякуць струмені будучай ракі, вырываюцца з багны на шырокі прасцяг і становяцца ручаём. Чалавек, як кроплі ручая не можа быць адзін, ён заўсёды імкнецца да яднання з людзьмі, шукае дружбы. Ручаі, з’яднаныя ў адну раку, становяцца вялікай сілай. Рацэ-маці трэба жывіць нівы, паіць статкі, круціць млыны, несці на сваіх хвалях параходы. Яе шлях поўны сэнсу, высакароднага служэння людзям. І ў чалавека свой вялікі шлях, сваё ўласнае прызначэнне на зямлі, справы і турботы. І гэтыя справы павінны быць скіраваны не на ўласны дабрабыт, а на стварэнне шчасця для ўсіх людзей.\\ Ёсць у П. Глебкі творы пра мастацтва, прызначэнне паэта і паэзіі ("Скарга", "Пра хімію і паэзію"). Мастак, на думку паэта, павінен быць патрабавальным да сваёй творчасці і сябе, знаходзіцца ў няспынным пошуку: Шмат нам трэба зрабіць: можа тысячы\\ Пераабраць варыянтаў і тэм,\\ Каб з адзінай, як з мармуру, высечы\\ Вобраз, варты жыцця і паэм. У незакончанай паэме "Дасэні" П. Глебка разважае аб грунце, на якім вырасла і трымаецца паэзія: Усёй паэзіі аснова –\\ Пульс няўрымслівы радка і пачуцця,\\ Не хараство нямога слова,\\ А хараство твайго жыцця. У паэме "Карменсіта" аўтар спрабуе прааналізаваць свой творчы шлях, драматызм становішча мастака, які вымушаны служыць афіцыяльнай літаратуры і не можа вырвацца з кола аднастайных і казённых вобразаў і тэм. Я сам у вершах сваіх чую\\ Іронію калючых слоў,\\ Фальшывую,\\ Наскрозь чужую,\\ Якой дагэтуль не было. Верш "Скажы мне, краіна" прадаўжае гэтыя думкі. У ім аўтар канстатуе факт свайго служэння кан’юнктуры, сацыяльным заказам, патрабаванням афіцыйнай дактрыны і масавай пралетарскай культуры. І ў гэтым – сведчанне глыбокай драмы П. Глебкі, які ў пэўны момант не мог выстаяць перад жорсткасцямі тагачаснага жыцця і стаў ідэйным прапаведнікам літаратуры сацыялістычнага рэалізму.