~~META: title = Сачыненне на тэму "Прырода – крыніца прыгажосці" &keywords = прырода, восень, край, чалавека, радкі, роднага, пухам, абараніць, вясны, думка, колас, любові, зямлі &abstract = Сачыненне на тэму "Прырода – крыніца прыгажосці" &iftrue = nan ~~ ====== Прырода – крыніца прыгажосці ====== Мой родны кут, як ты мне мілы!..\\ Забыць цябе не маю сілы!\\ Не раз, утомлены дарогай,\\ Жыццём вясны мае убогай,\\ К табе я ў думках залятаю\\ І там душою спачываю. //Я.Колас// Гэтыя пранікнёныя радкі сталі своеасаблівай формулай выражэння любові да роднага краю, бацькоўскай зямлі, бо для кожнага з нас гэта зямля – самая ласкавая і непаўторная. І дзе б мы не апынуліся пазней, у якіх цудоўных палацах-музеях не пабывалі, мы заўсёды вяртаемся на радзіму свайго дзяцінства. Гэтыя знаёмыя з маленства мясціны, дзе мы выраслі і жывём, – ёсць часцінка таго вялікага і святога, што мы называем словамі Айчына, Бацькаўшчына.\\ Адвечная прыгажосць роднага краю, яго прырода апета многімі мастакамі слова, ёй прысвечаны самыя задушэўныя старонкі кніг. Асабліва многа цудоўных пейзажных замалёвак у Я. Коласа: Малюнкі родныя і з’явы!\\ Як вы мне любы, як цікавы!\\ Як часта мілай чарадою\\ Вы ўстаяце перада мною! Чытаючы "Новую зямлю", "Сымона-музыку", "На ростанях", мы можам уявіць і палюбавацца ўзыходам сонца і летняй раніцай, пачуць бусліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе і пясчаным беразе, пачуць шум бору, шапаценне калосся на ніве. "Прырода з людзьмі жыве супольна, згодна", – падкрэслівае гэту думку Я. Колас. Яна то тужлівая, змрочная, як доля селяніна, то светлая і радасная, як мары чалавека, спадзяванні на лепшае будучае. Малюнкі прыроды чаргуюцца ў Я. Коласа з філасофскімі разважаннямі і важнымі абагульненнямі пра жыццё чалавека, яго лёс.\\ Прызнанне ў любові да роднага краю гучыць і ў вядомым вершы-рамансе К. Буйло "Люблю". Радкі яго, эмацыянальныя, узвышаныя, кранаюць душу: Люблю наш край – старонку гэту,\\ Дзе я радзілася, расла,\\ Дзе першы раз пазнала шчасце,\\ Слязу нядолі праліла. Зачараваным царствам паказвае родную прыроду М. Багдановіч. У такім царстве жывуць легенды, паданні, народныя павер’і. Вось гудзе і кружыцца падвей, брыдзе па дзікім лесе касматы лясун; белы месяц цягне з возера срэбныя ніці, у якіх русалкі заблыталі свае косы; залёг у ціне, спіць на дне ракі вадзянік. Хараство рэальнай прыроды не псуюць гэтыя міфічныя істоты. М. Багдановіч цудоўна перадае фарбы і гукі прыроды. Яго вабіць час змяркання, пераходу дзённага святла ў цемень і золак, "той дзень, што мае нарадзіцца, і знікшы дзень". Музыка прыроды – музыка сэрца паэта, яго душэўныя перажыванні і думы – гучыць у вершы "Па-над белым пухам вішняў...": Па-над белым пухам вішняў,\\ Быццам сіні аганёк,\\ Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі\\ Сінякрылы матылёк...\\ Не паняць таго ніколі,\\ Не разведаць, не спазнаць:\\ Не даюць мне думаць зыкі,\\ Што ляцяць, дрыжаць, звіняць. Аб светлай пары лета з навальніцамі і спякотай, аб усходзе сонца і жнівеньскім вечары, бяскрайнім жытнёвым моры, рознакаляровых красках на ўзмежках і пожнях, аб летняй ночы з светлячкамі, аб рыбнай лоўлі гучаць радкі В. Вярбы, А. Вялюгіна, Р. Ігнаценкі, Т. Хадкевіча, В. Віткі, М. Танка, К. Кірэенкі, Ю. Свіркі.\\ Тужлівая восень з навальніцамі і дажджамі, непаўторнымі фарбамі лясоў, вераснёўскімі вечарамі знайшла сваё адлюстраванне ў творчасці амаль усіх паэтаў і празаікаў як старэйшага, так і малодшага пакалення. Восень выклікае глыбокі роздум аб жыцці.\\ Прыгадаем пачатак верша "Восень" П. Панчанкі: Сляды гарачыні\\ Яшчэ на тварах носім,\\ Ды паплылі ўжо дні\\ У залатую восень.\\ Самотны крык гусей\\ Даносіцца з-пад воблак.\\ У асмужанай красе\\ Твой бачу, восень, воблік. Нямала слоў сказана пра зіму і белы снежань, які "мяккім пухам апрануў палі і луг". У зімовых замалёўках зрокава ўспрымаеш нахіленыя пад цяжарам снегу сасновыя галіны, голыя сучкі дуба ці бярозы – зімні адпачынак прыроды, якая заснула толькі на міг і чакае свайго абуджэння.\\ Вясна, цудоўная пара года, што сімвалізуе сабой вечнае абнаўленне жыцця, апісана ў вершах Я. Купалы, М. Багдановіча, П. Панчанкі, П. Броўкі, празаічных творах М. Лынькова, І. Мележа, І. Шамякіна, [[постаці/іван-пташнікаў|І. Пташнікава]], Б. Сачанкі, Я. Скрыгана і інш. Абуджэнне прыроды заўсёды з’яўляецца для чалавека доўгачаканай падзеяй. З надыходам вясны ажываюць у нашых душах даўнія мары і спадзяванні. Нам хочацца бясконца любавацца гэтым ажыўшым пасля доўгага зімовага сну наваколлем, любіць і кахаць, ствараць велічныя гімны прыродзе, а таксама любіць яе і шанаваць. Без гэтага можа здарыцца так, што чалавек аднойчы не пачуе ранішняй песні жаўрука, не сарве ў полі прыгожай кветкі, не заслухаецца начнымі трэлямі салаўя. Ці будзе наша прырода такой жа, як сёння, непаўторнай і багатай, – залежыць ад чалавека. Нам неабходна з выключнай адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага, зрабіць кожны куточак зямлі лепшым, прыгажэйшым. Хараство прыроды павінна радаваць не толькі нас, але і нашых нашчадкаў. Прырода сёння не можа выстаяць перад нястрымным наступам тэхнікі. Яна патрабуе абароны. А абараніць прыроду – значыць абараніць жыццё, абараніць Радзіму. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям]] * [[ibdc.ped>беражыце-прыроду]] * [[ibdc.ped>чалавек-і-прырода]] * [[ibdc.ped>крыштальны-звон-бяроз]] * [[ibdc.ped>зімовы-начлег]]