~~META: title = Сачыненне "Постаці далёкай мінуўшчыны" &keywords = князь, рагнеда, гісторыі, полацкая, ефрасіння, усяслаў, рагвалод, полацку, мінулых, аповесці, прыгадаць &abstract = Сачыненне на тэму "Постаці далёкай мінуўшчыны" &iftrue = nan ~~ ====== Постаці далёкай мінуўшчыны ====== Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі\\ Будуць пачатую думку снаваць //Я. Купала// \\ Праз смуту стагоддзяў, з пажаўцелых старонак летапісаў паўстаюць перад намі велічныя постаці сыноў і дачок беларускага народа, якія пакінулі важкі след у яго гісторыі і культуры. Сваімі справамі ўславілі яны наш родны край, назаўсёды стаўшы людзьмі-легендамі. Гэта былі дзяржаўныя і культурныя дзеячы Беларусі Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі і яшчэ шмат і шмат выдатных асоб. Аб іхнім жыцці і справах на карысць Бацькаўшчыны мы даведваемся са старонак летапісаў. Так, з "Аповесці мінулых гадоў" і "Полацкага летапісу" вядома, што князем першай беларускай дзяржавы быў Рагвалод. Полацкае княства было тады даволі магутнай дзяржавай, і з ёй хацелі мець ваенны і палітычны саюз многія суседзі.\\ Жыццё нашых продкаў часта праходзіла ў братазабойчых войнах з суседзямі. Аб адным з такіх эпізодаў нашай гісторыі расказваецца ў "Аповесці мінулых гадоў". Да дачкі Рагвалода Рагнеды прыслаў сваіх сватоў кіеўскі князь Уладзімір, аднак гордая палачанка адмовіла яму. Тады разгневаны Уладзімір пасылае на Полацк войска. У выніку горад быў зруйнаваны, Рагвалод забіты, а сама Рагнеда трапіла ў палон і была вывезена ў Кіеў пад прымусам. Яна робіць замах на жыццё князя, аднак пасля няўдалае спробы была выслана пад Менск разам з сынам Ізяславам. Такой мужнай, незалежнай, гордай жанчынай была родапачальніца ўсіх полацкіх князёў.\\ У сярэдзіне XІ ст. у Полацку княжыў унук Рагнеды Усяслаў Чарадзей. Менавіта пры ім беларуская дзяржава зазнала найвышэйшы росквіт, уздым. Дастаткова прыгадаць, што ў яго княжанне быў пабудаваны велічны Сафійскі сабор. У "Слове пра паход Ігараў" Усяслаў характарызуецца як чараўнік, шчыры і працавіты князь, чалавек непакорнага духу і вялікага розуму. Прыпісваюцца яму і незвычайныя здольнасці да чарадзейства.\\ Гордай пераемніцай добрых спраў і ўчынкаў сваіх папярэднікаў была ўнучка Усяслава Чарадзея, славутая палачанка Ефрасіння Полацкая, якая заслужыла добрую памяць і ўшанаванне за сваю ахвярнасць і самаадданасць народу. Па яе заказе дойлід Іван пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса ў Полацку, а ювелір Лазар Богша зрабіў славуты крыж – неацэнны помнік, шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва. Ефрасіння Полацкая пашырала пісьмовае слова, уздымала свой голас супраць княжацкіх усобіц, братазабойчых войнаў. Яна стала адной з першых кананізаваных жанчын на ўсходніх землях, нябеснаю заступніцай не толькі Полацка, але і ўсёй беларускай зямлі.\\ Але не ў адным Полацку жылі тыя, хто складае сёння гонар нашай нацыі. У сталіцы Тураўскага княства жыў славуты пісьменнік, мастак, прапаведнік, царкоўны дзеяч Кірыла Тураўскі, якога нашы продкі называлі Златавустам. Творы К. Тураўскага, у якіх уздымаліся праблемы духоўнай дасканаласці суайчыннікаў, пытанні грамадска-палітычнага жыцця, склалі залаты фонд старажытнай літаратуры. Яны на працягу многіх стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю, памнажаліся і разыходзіліся ў сотнях рукапісных спісаў.\\ Гаворку на гэтую тэму можна працягваць бясконца. Можна прыгадаць сотні і тысячы імёнаў тых, хто паклаў свае душы на алтар Айчыны. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно: дзяржаўныя і культурныя дзеячы мінулага былі высакароднымі, моцнымі духам, смелымі і адважнымі людзьмі. Яны са зброяй у руках баранілі ад ворагаў сваю Айчыну, гінулі ў сечах за вольнасць Бацькаўшчыны, выдавалі кнігі, будавалі храмы, зберагалі з ўзбагачалі нашу спадчыну. Яны былі дзецьмі свайго часу, пачаткам нашай гісторыі. І мы павінны помніць пра іх, бо ў гэтых каранях і вытоках – наша сучаснасць і будучыня. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>аддаленасць]] * [[ibdc.ped>сведкі-мінулага]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-гістарычнага-мінулага-беларусі-ў-су]] * [[аналіз-і-крытыка/па-старонках-твораў-пра-мінулае]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-лірычны-каментарый-да-нашага]]