~~META: title = Па старонках твораў пра мінулае &keywords = гісторыі, зямлі, мінулае, раман, князь, час, дзень, беларускай, літаратуры, народ, дайнека &abstract = Сачыненне на тэму "Па старонках твораў пра мінулае" &iftrue = nan ~~ ====== Па старонках твораў пра мінулае ====== Цікавасць да даўніны мае духоўны характар,\\ яна караніцца ў сутнасці чалавека,\\ жыццё якога вельмі кароткае,\\ але чый розум жадае агарнуць неахопны час,\\ зазірае ў будучыню і пранікае ў мінулае. //К. Тарасаў// \\ Сёння, як ніколі раней, узрасла цікавасць да гісторыі. Яе праблемы хвалююць не толькі спецыялістаў, але і шырокае кола грамадскасці. І на гэта ёсць прычыны.\\ На крутых паваротах гісторыі людзі заўсёды звяртаюцца да дзён мінулых, каб больш дакладна і глыбока ўсвядоміць дзень сённяшні, каб зразумець свае вытокі, карані. Забыццё і пагарджанне ўрокамі гісторыі спараджае непрадказальныя і недаравальныя памылкі і расчараванні. Гісторыя ўмее жорстка помсціць, але ж і ўмее вучыць тых, хто прагне гэтай навукі. "У падзеях мінулага, – сцвярджаў [[постаці/уладзімір-караткевіч|У. Караткевіч]], – нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады".\\ Менавіта з імем У. Караткевіча звязана абуджэнне цікавасці да гісторыі нашай зямлі. Яркія, мужныя, самаахвярныя героі, якія жывуць і дзейнічаюць у яго творах, вучаць нас любові да Радзімы, да яе народа, мовы і культуры, сцвярджаюць, што мы не бязроднае племя на гэтай зямлі, што за нашымі плячыма – слаўныя прыклады духоўных і грамадзянскіх подзвігаў нашых продкаў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прайсціся сцежкамі персанажаў твораў "[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-сівая-легенда|Сівая легенда]]", "[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-цыганскі-кароль|Цыганскі кароль]]", "[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-хрыстос-прызямліўся|Хрыстос прызямліўся ў Гародні]]", "[[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-нельга-забыць-леані|Нельга забыць]]", "[[творы/уладзімір-караткевіч/-каласы-пад-сярпом-тваім-асноўныя-прабле|Каласы пад сярпом тваім]]" і інш. Са старонак гэтых твораў паўстаюць змагары за народнае шчасце, прарокі, інтэлігенты, рыцары і прыгоннікі, кардыналы і чароўнай прыгажосці дзяўчаты. Яны ўмеюць па-свойму любіць, ненавідзець, пакутаваць, адстойваць свае погляды. Іх лёсы неадрыўныя ад гістарычных падзей і абумоўленыя гэтымі падзеямі. І ў кожным творы – эпоха, складаны і часам трагічны лёс Беларусі, народ, які не скарыўся перад нястачамі і прыгнётам, прагне волі і лепшай долі. У. Караткевіч не толькі ўзнаўляе карціны жыцця Сярэднявечча і наступных эпох, але і асэнсоўвае гістарычны працэс, што дазваляе зразумець таямніцы чалавечага быцця, аснову ўзаемаадносін людзей і навакольнага свету.\\ Аднак найбольш інтэнсіўны этап развіцця гістарычнага жанру ў беларускай літаратуры прыпадае на наш час. І звязаны ён з такімі імёнамі, як Л. Дайнека, А. Лойка, [[постаці/вольга-іпатава|В. Іпатава]], К. Тарасаў, А. Петрашкевіч, [[постаці/іван-чыгрынаў|І. Чыгрынаў]], У. Арлоў, Г. Далідовіч, М. Клімковіч.\\ Цікава ўваскрашае мінулае Беларусі Л. Дайнека ў раманах "[[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-меч-князя-вячкі|Меч князя Вячкі]]", "[[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-след-ваўкалака|След ваўкалака]]" і "[[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-жалезныя-жалуды|Жалезныя жалуды]]". У цэнтры раманаў – вядомыя гістарычныя асобы, імёны якія можна знайсці на пажаўцелых старонках "Хронікі Лівоніі", "[[творы/іншае/летапісец-вялікіх-князёў-літоўскіх|Летапісца Вялікіх князёў літоўскіх]]". Менавіта на "Хроніку Лівоніі" абапіраўся Л. Дайнека пры напісанні сваіх твораў. У "Жалезных жалудах" адным з герояў з’яўляецца князь Міндоўг, пачынальнік Вялікага княства Літоўскага, першай сталіцай якога быў Навагрудак. Адным з персанажаў рамана "След ваўкалака" з’яўляецца праўнук Рагнеды, полацкі князь Усяслаў Чарадзей, у часы валадарання якога Полацкае княства дасягнула найвышэйшага росквіту і ўздыму.\\ Лёсу славутай палачанкі, унучкі Усяслава Чарадзея Ефрасінні Полацкай, прысвечаны раман Таісы Бондар "Спакуса". Ефрасіння ўсім сваім жыццём і падзвіжніцкай дзейнасцю заслужыла добрую памяць і ўшанаванне. Менавіта па яе заказе дойлід Іван пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса ў Полацку, а залатар Лазар Богша зрабіў крыж – неацэнны помнік, шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва. Ефрасіння Полацкая пашырала пісьмовае слова, уздымала свой голас супраць княжацкіх усобіц і братазабойчых войнаў. Яна стала адной з першых кананізаваных жанчын з усходнеславянскіх земляў, нябеснаю заступніцай Полацка і ўсёй беларускай зямлі.\\ Грунвальдскай бітве 1410 г. прысвечаны твор К. Тарасава "Пагоня на Грунвальд". Між іншым, аб гэтым была і першая аповесць К. Тарасава "Дзень рассеяння". Празаічнаму зборніку У. Арлова "Дзень, калі ўпала страла" і аповесці "[[творы/уладзімір-арлоў/уладзімір-арлоў-час-чумы|Час чумы]]" ўласцівы тонкі псіхалагізм, праўдзівасць адлюстравання далёкіх падзей. Трылер М. Клімковіча "Каханка д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага" – спроба пэўнай белетрызацыі гістарычнай літаратуры.\\ Гістарычны жанр у беларускай літаратуры перажывае час свайго сцвярджэння ў рэчышчы нацыянальнай і сусветнай культуры.\\ І чым глыбей мы будзем асэнсоўваць сваё гістарычнае мінулае, карпатліва даследуючы яго невядомыя старонкі, тым глыбей будзем усведамляць сябе як самабытную нацыю, якая ведае, адкуль і куды яна ідзе па скрыжаваннях гісторыі і якое яе месца на гэтай зямлі.\\ Таму літаратура пра мінулае нашай Бацькаўшчыны, спалучаная з добрым веданнем гісторыі свайго народа, адыгрывае ў гэтым працэсе самаўсведамлення вялікую ролю. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-гістарычнага-мінулага-беларусі-ў-су]] * [[ibdc.ped>аддаленасць]] * [[аналіз-і-крытыка/постаці-далёкай-мінуўшчыны]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-лірычны-каментарый-да-нашага]] * [[ibdc.ped>сведкі-мінулага]]