~~META: title = Паэма Вікенція Равінскага "Энеіда Навыварат" &keywords = навыварат, паэма, людзей, паэме, багіня, народнай, энеіды, энеіда, эней, багі, вергілія, беларускай, прыгоннымі, узаемаадносіны &abstract = Сачыненне "Паэма В. Равінскага "Энеіда Навыварат"" &iftrue = nan ~~ ====== Паэма Вікенція Равінскага "Энеіда Навыварат" ====== Доўгі час паэма "Энеіда навыварат" лічылася ананімнай. Шматгадовыя спрэчкі наконт яе аўтарства літаратуразнаўцы (услед за Г. Кісялёвым) вырашаюць на карысць [[постаці/вікенцій-равінскі|Вікенція Равінскага]], удзельніка войнаў з французамі 1805-1807 і 1812 гг. Паэма, упершыню надрукаваная ў рускім часопісе "Маяк" у 1845 г., з’яўляецца перайманнем, наследаваннем старажытнарымскай паэме Вергілія (70 – 19 гг. да н. э.). Такія ж пародыі ўзніклі (праўда, крыху пазней) і ў іншых славянскіх літаратурах ("Энеіда" ўкраінскага пісьменніка І. П. Катлярэўскага, "Вергилиева Энеида, вывороченная наизнанку" рускага паэта М. Осіпава). Усе яны высмейвалі нарматыўную эстэтыку класіцызму з яе адарванасцю ад народнага жыцця, высокім стылем, узвышанымі і гераічнымі вобразамі.\\ Вергілій у сваёй паэме расказвае пра гераічныя подзвігі Энея, унука траянскага цара, які за доўгія 7 гадоў дасягае Італіі і становіцца там царом. Персанажамі беларускай "Энеіды навыварат", як і "Энеіды" Вергілія, з’яўляюцца старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія багі і героі. Узаемаадносіны паміж антычнымі багамі і траянцамі нагадваюць узаемаадносіны паміж панамі і прыгоннымі сялянамі.\\ Уладнай, вяльможнай паняй у паэме з’яўляецца Юнона – багіня неба, сямейнага дабрабыту, ахоўніца шлюбу. Яна паказана як "баба злая, адроддзя панскага, ліхая". З адкрытай нянавісцю адносіцца яна да траянцаў і ўсіх простых людзей, бесчалавечна абыходзіцца з прыгоннымі. Помслівай і жорсткай намалявана ў "Энеідзе навыварат" Дыдона – багіня Месяца, заснавальніца Карфагена. Дзесяцкага яна "прыбіла" за тое, што той "распраўшчыны не знае і без пашпортаў усіх пускае". Бог вятроў Эол паказаны распусным падпанкам, жорсткім войтам, што зганяе на паншчыну людзей. Багіня прыгажосці Венера – засцянковая шляхцянка-модніца. Вобраз вярхоўнага бога, цара і бацькі багоў і людзей Зеўса намаляваны з [[слоўнік/гумар|гумарам]], [[слоўнік/гратэск|гратэскам]]. Калі да яго прыходзіць з паклонам Венера, Зеўс ...сядзеў у клеці,\\ Гарэлку з мёдам там сцябаў,\\ Без сораму, як малы дзеці,\\ З падоння пальцам калупаў. Багі падоўгу сядзяць на печы, спяць на палацях.\\ Аўтар, адмоўна адносячыся да багоў, з прыхільнасцю і сімпатыяй ставіцца да траянцаў. У паэме яны параўноўваюцца з валачобнікамі. Гэта простыя рамеснікі і прыгонныя сяляне. Сярод іх – працавітыя, кемлівыя, вынаходлівыя, сумленныя Піліп (ганчар), Пракоп (цясляр), Саўка (земляроб і знахар). Аўтар паказвае іх працу, звычаі, абрады і вераванні.\\ Галоўным героем "Энеіды навыварат" з’яўляецца Эней. Ён хоць і пан, але з павагай адносіцца да людзей. У Рыме Эней намерваецца заснаваць сваё царства, у якім "паны не будуць так багаты", дзе будуць новыя парадкі.\\ Паэма "Энеіда навыварат" праўдзіва (праўда, у парадыйнай форме) адлюстроўвае жыццё беларускага народа. У ёй упершыню створаны рэалістычныя вобразы сялян і прыгоннікаў, адкрыта крытыкуецца дваранска-арыстакратычная літаратура класіцызму. Створаная на народнай аснове, паэма сведчыць аб цеснай сувязі беларускай літаратуры ХІХ ст. як з вуснай народнай творчасцю і народнай паэзіяй, так і з літаратурамі, што дасягнулі высокага ўзроўню развіцця. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/вікенцій-равінскі]] * [[творы/іншае/вікенцій-равінскі-энеіда-навыварат]]